Бабарыку прыгразілі пазбавіць сустрэч з роднымі, калі не прышчэпіцца «Спутником»
Каманда асуджанага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі падзялілася навінамі ад палітвязьня.
Так, зь ліста на волю вынікае, што адміністрацыя забараняе іншым вязьням размаўляць зь ім.
«Што тычыцца майго дня народзінаў (быў яшчэ 9 лістапада. — РС), то ўсё было ціха і спакойна. Вы мусілі чуць, што ў гэтым месцы ўсім арыштантам забараняецца кантактаваць са мной. Таму нічога не было і нічога смачнага ня еў», — напісаў Віктар Бабарыка.
Ён таксама адзначыў, што празь непрыхаваны шантаж вымушаны быў зрабіць прышчэпку расейскай вакцынай.
«Што да прышчэпкі супраць COVID-19, дык я быў вымушаны яе зрабіць, бо пужалі адмовай ад сустрэчы з роднымі. Таму атрымаў „Спутник V“ і ўсё ж выжыў», — іранізуе палітзьняволены.
Свой побыт у калёніі Віктар Бабарыка параўноўвае з «днём сурка» — штодня паўтараецца адна і тая ж карціна.
«Нічога не зьмянілася, жыву, як у мастацкай стужцы „Дзень сурка“. Толькі герой культавага кіно меў магчымасьць разьвівацца, а ў гэтым месцы з інтэлектуальным разьвіцьцём вядзецца барацьба», — падсумаваў ён.
Віктар Бабарыка асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакараньне ў Наваполацку.
Палітзьняволенай Вользе Гарбуновай не надаюць мэдычную дапамогу ў СІЗА
Вольга Гарбунова, экс-кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», што дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту, захварэла ў СІЗА, але ёй не надаюць мэдычную дапамогу, паведаміла яе сяброўка Вольга Ланеўская.
«Воля хварэе, і яе (і ня толькі яе) на Валадарцы ня лекуюць. Моцна кашляе, баліць горла, з носу цячэ», — напісала Ланеўская ў Фэйсбуку.
У камэнтары Reform.by яна дадала, што ў цэлым Гарбунова трымаецца бадзёра, але хвалюецца за ўсіх блізкіх, якія знаходзяцца ў Беларусі. Лісты ёй даходзяць ня ўсе.
Вольгу Гарбунову затрымалі 9 лістапада. Амаль 2 тыдні яна трымала галадоўку на знак пратэсту. Празь 10 дзён яе перавялі з Акрэсьціна ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Ёй выставілі абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1, 2 і 3 арт. 293 (аб масавых беспарадках) і ч. 1 і 2 арт. 342 КК (аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх). Гарбуновай пагражае да 15 гадоў калёніі. Актывістку прызналі палітзьняволенай.
Калі Вольга была за кратамі, у яе памёр бацька.
Палітвязьня Андрэя Царонка перавялі на строгі турэмны рэжым
Праваабаронцам стала вядома, што ў канцы сьнежня 49-гадовага палітвязьня Андрэя Царонка перавялі на строгі турэмны рэжым у горадзенскую турму № 1 з папраўчай калёніі № 20, піша «Вясна». Строгі турэмны рэжым уключае толькі штомесячную квоту ў 1 базавую велічыню на пакупкі; адно кароткатэрміновае спатканьне ў год; адна бандэроль або адзін дробны пакет у год і штодзённая прагулка цягам 1 гадзіны.
Андрэя Царонка асудзілі на 4 гады калёніі паводле ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і 364 КК (гвалт у дачыненьні да міліцыі). Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, Царонак увечары 23 верасьня, калі ў Менску праходзіла акцыя пратэсту супраць інаўгурацыі Лукашэнкі, перакрыў праезную частку каля станцыі мэтро «Пушкінская», а таксама пашкодзіў два патрульныя аўтамабілі і напаў на двух інспэктараў ДАІ. Палітвязень віны не прызнаў.
У Беларусі 8 новых палітвязьняў. Агулам — ужо 962
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 8 чалавек, пазбаўленых волі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), судзьдзяў і зьнявагу дзяржаўных сымбаляў. Гэта:
- Іван Хвяшчук, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі на 1 год калёніі;
- Максім Мычко, асуджаны па арт. 370 КК за сарваны дзяржаўны сьцяг на 1 год калёніі;
- Аляксандар Бендзь, асуджаны па арт. 370 КК за сарваны дзяржаўны сьцяг на 1 год калёніі;
- Валянцін Лабачоў, па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі на 1 год калёніі;
- Аляксандар Васін, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі на 1 год і 6 месяцаў «хіміі»;
- Андрэй Андрэеў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады на 1 год і 6 месяцаў «хіміі»;
- Павал Вінаградаў, узяты пад варту, абвінавачаны па арт. 367 і 130 КК за паклёп на А.Лукашэнку і распальваньне варожасьці да сацыяльных групаў;
- Аляксандар Цымбаліст, узяты пад варту, абвінавачаны па арт. 369 і 130 КК за абразу прадстаўніка ўлады і распальваньне варожасьці да сацыяльных групаў (так званая «справа Зэльцэра»).
Агулам на 28 сьнежня беларускія праваабаронцы палітычнымі зьняволенымі лічаць ужо 962 чалавекі.