Са словаў бацькі, Марыя, «як заўсёды, бадзёрая, зараджае пазытывам і перадае ўсім прывітаньні», піша афіцыйны канал штабу Віктара Бабарыкі.
«Маша выглядае вельмі добра! Я кожны раз іду на спатканьне з прыгнечаным настроем, але, як толькі бачу дачку, разумею, што ўсе мае асьцярогі і перажываньні былі марныя. Яна імкнецца ўсім сваім выглядам паказаць, што яна ні ў якім разе не здаецца, і паказвае прыклад, як сябе можна трымаць у гэтай сытуацыі. Гэта дарагога каштуе!», — расказаў Аляксандар пра сустрэчу ў СІЗА.
Марыя расказала, што этапаваньня «чакае зь нецярплівасьцю», бо «вельмі любіць падарожнічаць».
«Да новых выпрабаваньняў і ўмоваў гатовая», — заявіла яна.
Зь ейных словаў, яна добра спраўляецца з адзінотай у камэры, бо ейныя сукамэрнікі — «кнігі найлепшых пісьменьнікаў».
«Што гаварыць, калі я наўпрост маю зносіны зь вялікім Арыстоцелем. А калі трэба расслабіцца, перачытваю „Гары Потэра“», — расказала Марыя.
«Вы ўсё яшчэ верыце ў сваю фразу „Я магу ўсё зьмяніць?“», — запыталася ў яе праз бацьку каманда Бабарыкі.
«Абсалютна, бо першае, што ўсе мы ўжо зрабілі — мы зьмяніліся!» — упэўнена Марыя.
Палітзьняволеная назвала свой топ-3 падзей за год:
- Незабыўныя спатканьні ў СІЗА з бацькам.
- «Неверагодныя» сустрэчы з Максімам Знакам падчас суду.
- Асабістыя дасягненьні: больш за 120 прачытаных кніг, фізычная падрыхтоўка, асабліва бег на марозе.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.