У 2021 годзе асудзілі сотні палітвязьняў. Вось што яны казалі ў сваіх апошніх словах. Узгадваем найбольш яркія прамовы.
Віктар Бабарыка: «Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў»
Прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты банкір Віктар Бабарыка быў асуджаны 6 ліпеня на 14 гадоў пазбаўленьня волі.
«Я шчасьлівы чалавек, таму што ў сям’і ў нас не было ніколі ніякіх сумневаў у тым, што твой учынак трэба ацэньваць найперш з пункту гледжаньня маральнасьці, а не матэрыяльных нейкіх страт.
І простай мовай можна сказаць: трэба пражыць сваё жыцьцё так, каб табе не было сорамна перад людзьмі, зь якімі ты па гэтым жыцьці сутыкаўся...
Мне ня сорамна перад сваёй сям’ёй, перад жонкай і дзецьмі. Нават нягледзячы на тое, што сын знаходзіцца ў турме, бо асноўная віна яго ў тым, што ён мой сын», — кажа Віктар Бабарыка.
Наста Булыбенка: «Мы — пакаленьне талерантнасьці, свабоды і жаданьня зьмяніць сьвет да лепшага»
Студэнтка БНТУ Анастасія Булыбенка 16 ліпеня 2021 году была асуджаная на 2,5 года зьняволеньня
«Я беларуска. Я маю права на свабоду меркаваньняў, перакананьняў і свабоду выяўленьня. Карыстаючыся гэтым правам, я ніколі не выходзіла за межы заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Я не злачынца. Мне 19 гадоў, я далёкая ад палітыкі, але ёсьць рэчы, для разуменьня якіх узрост ня мае значэньня. Я выйшла ня супраць улады, я выйшла супраць гвалту, прыніжэньня, беззаконьня і ілжы, таму што мяне немагчыма прымусіць глядзець і ня бачыць...
Мы — будучыня. Мы — пакаленьне талерантнасьці, свабоды і жаданьня зьмяніць сьвет да лепшага. І гэта не злачынства. Гэта мы. Мамачка (празь сьлёзы) — ты заўжды вучыла мяне быць добрай, сумленнай, справядлівай да сябе і тых, хто вакол, ты вучыла мяне слухаць сэрца. Я ведаю, што ўсё зрабіла правільна. Дзякуй табе за гэта. Мне ўсё яшчэ балюча, але ўжо ня страшна».
Вольга Залатар «На Беларусі Бог жыве. Жыве Бог! Жыве вечна».
Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар 3 сьнежня пакаралі 4 гадамі пазбаўленьня волі.
«Я тут, бо я неабыякавы чалавек, — сказала Вольга Залатар у апошнім слове ў судзе. — Я тут, бо жыву па Божым запавеце. Я тут, бо я мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка я стаю на пазыцыі чалавечай годнасьці і духоўных каштоўнасьцяў. Усе мае дзеяньні і выказваньні падрыхтаваныя зь любоўю да людзей і зь нянавісьцю да хлусьні і гвалту...
Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісьці расьце, павялічваецца колькасьць болю і крыўдаў. Неабходнае пакаяньне і ўзаемнае прабачэньне. Толькі так магчыма спыніць грамадзка-палітычны крызіс у краіне», — казала Вольга Залатар.
У матэрыялах справы яе дзеяньням нададзены сэнс, якога яна ня мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцьці былі крыміналізаваныя. Сярод «доказаў» ёсьць фота пляката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». Вольга сказала, што падпісваецца пад кожным словам.
«Я хачу міра для сваёй роднай краіны. Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару... Хачу скончыць словамі Ўладзімера Караткевіча: „На Беларусі Бог жыве“. Жыве Бог! Жыве вечна».
Мікалай Дзядок: «Ніякі тэрор ня здольны спыніць вызваленьне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!»
Мікола Дзядок раней ужо быў у зьняволеньні, яго прызнавалі палітвязьнем. 27 траўня 2011 году яго асудзілі на 4,5 года пазбаўленьня волі за напад на амбасаду Расеі ў Менску. Віны тады ён не прызнаў, адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Быў вызвалены ў 2015 годзе разам зь іншымі палітвязьнямі.
10 сьнежня анархіста Міколу Дзядка асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня.
«Я толькі хачу падзякаваць сваім родным, сябрам, таварышам-анархістам, журналістам, праваабаронцам, усім неабыякавым, усім, хто шануе маю працу, за тое, што падтрымлівалі мяне на працягу гэтага году і дапамагалі матэрыяльна. Гэта вельмі важна для мяне.
Ну, а ўсім, хто мае дачыненьне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: ня майце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня здольныя спыніць вызваленьне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!».
Ксенія Сырамалот: «Хіба згадваць Канстытуцыю — гэта злачынства?»
Ксенія Сырамалот вучылася на філязофскім факультэце БДУ. Была асуджаная на 2,5 года пазбаўленьня волі.
«Калі некалі ў шпіталі ня знойдзецца дактароў, якія здольныя аказаць неабходную дапамогу, калі акажацца, што ў школах засталіся толькі тыя настаўнікі, якія бяздумна пераказваюць падручнік, калі ўсе таленавітыя работнікі сфэры IT будуць выбіраць замежныя кампаніі, а не беларускія, калі не застанецца здольных аналітыкаў, архітэктараў, навукоўцаў, ніхто ня мусіць пытацца, што адбылося.
Адказ перад вамі. Ён ва ўсім, што зьвязана з гэтай справай. Ён у кайданках, ён у запыце абвінавачаньня, ён у супярэчлівых паказаньнях сьведак, ён у тым, што мы ўсе ўвогуле знаходзімся тут, хоць павінны вучыцца, разьвівацца і будаваць лепшую будучыню».
Сьцяпан Латыпаў: «Я крычаў, задыхаючыся ў пакеце, а яны сьмяяліся»
12 верасьня жыхар «плошчы Перамен» Сьцяпан Латыпаў быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі.
«Людзі ў масках занесьлі мяне ў мікрааўтобус. Зацягнулі рукі за сьпінаю, надзелі на галаву сьмецьцевы пакет і павезьлі. Двойчы перасаджвалі з аўтобуса ў аўтобус. Потым уключылі радыё на ўсю моц і пачалі біць. Ніколі не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за сьпінаю, ластаўкай, білі кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната.
Білі дубінкай па ягадзіцах. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся: «Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе». Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне гаварыць сабе: «Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча».
Сьцяпан расказаў і пра няўдалую спробу суіцыду, зьдзекі ў так званай «прэс-хаце». Узгадаў свайго рэпрэсаванага дзеда, якога замардавалі ў 1938 годзе.
«Я ня ведаю, які будзе прысуд, колькі насамрэч буду сядзець. Як паказала практыка, усё не ў руках судзьдзі і нават не ў маіх, і ня ў кожнага з нас. Але я хацеў сказаць адно: які б я ні быў, я такі, які я ёсьць, і я ўсіх вас вельмі люблю. І я не магу па-іншаму. Я буду вас абараняць так, як магу... Я лічу, што гэта мой абавязак. І я лічу, што па-іншаму немагчыма», — сказаў Сьцяпан Латыпаў.
Вольга Філатчанкава: «Веру што мы будзем жыць у вольнай краіне, пабудаванай нашымі рукамі»
Былую выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву 16 ліпеня 2021 году асудзілі на 2,5 года зьняволеньня. У судзе яна выступала па-беларуску.
«Я веру, што рана ці позна прыйдзе дзень, калі яны і мы ўсе зможам жыць у вольнай, шчасьлівай краіне, пабудаванай нашымі ўласнымі рукамі. У краіне, дзе таленту будзе адкрыты шлях, дзе шчырасьць, дабрыня і розум будзе цаніцца найпершым у людзях. Адзінага хочацца пажадаць, каб гэты час надышоў хутчэй...
І яшчэ вось трошкі. (Далей па-расейску. — РС) Машачка, мая мілая дарагая дачушка, я цябе віншую з надыходзячым днём нараджэньня, мая маленькая прынцэса. Я люблю цябе больш за ўсіх на сьвеце, думаю пра цябе кожную хвіліну. Калі-небудзь я абавязкова вярнуся, слова гонару. А пакуль пастарайся там ня надта выносіць мозг навакольным, пакінь крыху і на маю долю. Я так ссумавалася, што я нават лаяцца ня буду, абяцаю. У думках моцна-моцна абдымаю цябе і вельмі-вельмі люблю».
Кацярына Андрэева: «У мяне ёсьць маладосьць, любімая прафэсія, посьпех, а галоўнае — чыстае сумленьне»
18 лютага журналістак тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія вялі трансьляцыю з «плошчы Перамен», асудзілі на 2 гады калёніі.
«Я паказвала гэтыя падзеі на „плошчы Перамен“ у жывым эфіры тэлеканалу „Белсат“. За гэта мяне кінулі за краты на падставе прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачаньня. Прадстаўленыя на судзе доказы ў поўнай меры даказваюць маю невінаватасьць. Я не арганізоўвала дзеяньняў, якія груба парушаюць спакой, я не схіляла нікога да парушэньня закону, я не зьдзяйсьняла злачынства сама...
У мяне ёсьць маладосьць, любімая прафэсія, посьпех, вядомасьць, а галоўнае — чыстае сумленьне. І свае сілы я хачу накіраваць выключна на стварэньне ў Беларусі, на служэньне ёй. Беларусі, дзе ня будзе месца палітычным рэпрэсіям, дзе ня будуць перасьледаваць за сумленную журналістыку, за праўду», — сказала Кацярына і запатрабавала вызваліць усіх палітзьняволеных.
Дзьмітры Канапелька: «Ні перад людзьмі, ні перад Богам маёй віны няма, і сумленьне маё чыстае»
Дырэктар ІТ-кампаніі, валянтэр штабу Віктара Бабарыкі Дзьмітры Канапелька 10 чэрвеня 2021 году атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі.
«Я не рабіў спробаў схавацца, заставаўся ў краіне, працягваў жыць і працаваць, бо нічога супрацьпраўнага не рабіў. Нягледзячы на перакананасьць абвінаваўцы, усё ж я ўпэўнены, што я добры член грамадзтва і бацька, якому ёсьць чаму навучыць сына і выхаваць яго дастойным чалавекам», — прамовіў Канапелька.
Падкрэсьліваючы сувязь пакаленьняў, ён скончыў сваю прамову ў судзе словамі свайго прадзеда, якога судзілі ў 1937-м пры падобных абставінах:
«Ні перад людзьмі, ні перад Богам маёй віны няма, і сумленьне маё чыстае».
Паліна Шарэнда-Панасюк: «Прысуды, якія тут абвяшчаюцца, заснаваныя не на сіле закону, а на сіле беззаконьня»
9 чэрвеня берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі.
«Паглядзіце вось гэтыя тэрміны, якія даюцца палітвязьням, нават юным дзяўчатам, якім 18 гадоў. Ім даецца па 4 гады, па 5 гадоў. Што азначаюць гэтыя тэрміны? Яны азначаюць, што гэтыя людзі, якія фальсыфікавалі выбары (і ня ў першы раз), думаюць, што загналі народ дубінкамі ў стойла. Яны хочуць яшчэ раз сядзець гэтыя тэрміны, гэтыя 4–5 гадоў на нашай шыі, зьвесіўшы ногі. Мы гэта дапусьцім? Не, гэтага нельга дапускаць!»
Зьвяртаючыся да судзьдзі, яна казала:
«Я ведаю: вы проста гаваручая галава. Крэсла, на якім вы седзіце, і тое больш сумленнае за вас, спадар Брэган. Тыя прысуды, якія тут абвяшчаюцца, заснаваныя не на сіле закону, а на сіле беззаконьня. Усе прысуды падпісаныя і разьмеркаваныя загадзя. Таму ў сувязі з поўнай нелегітымнасьцю ўсіх вашых так званых структур усе прысуды, у тым ліку мой, ня маюць юрыдычнай сілы, не зьяўляюцца законнымі: я іх не прызнаю».
Павал Сьпірын: «Я заўсёды хацеў і хачу для сваёй краіны толькі дабра»
Відэаблогер Павал Сьпірын 4 лютага 2021 году быў асуджаны на 4,5 года зьняволеньня.
«Я заўсёды хацеў і хачу для сваёй краіны толькі дабра... Мае відэа — гэта проста крытыка. Жорсткая, але крытыка. Напрыклад, газэта адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі 300-тысячным накладам распаўсюджвае яшчэ большую крытыку, чым я. Заклікаючы адбіраць зь семʼяў пратэстоўцаў іх дзяцей. Параўноўваючы пратэстоўцаў з фашыстамі. І ніхто гэтых журналістаў і рэдактараў у распальваньні сацыяльнай варожасьці не абвінавачвае...» — сказаў Павал Сьпірын у апошнім слове.
Сафія Малашэвіч: «Калі вы дасьцё мне тэрмін, я магу ўжо ня ўбачыць бабулю»
22 студзеня 2021 году 18-гадовая Сафія Малашэвіч атрымала 2 гады турмы. Яе сябар Ціхан Клюкач — 1,5 года.
«Я ня буду сябе абараняць і выгароджваць, але калі вы дасьцё мне тэрмін, я магу ўжо ня ўбачыць бабулю. Можна нават даць „хімію“ з большым тэрмінам, чым просіце пазбаўленьня волі. Каб было справядліва, але каб я ўбачыла бабулю», — казала 18-гадовая дзяўчына ў апошнім слове.
Празь месяц пасьля прысуду, 27 лютага, бабуля Сафіі памерла.
Алана Гебрэмарыям: «Не павінны студэнты знаходзіцца ў турмах — гэта шлях у нікуды»
Выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады Алана Гебрэмарыям, якую Сьвятлана Ціханоўская прызначыла сваёй прадстаўніцай у справах моладзі, 16 ліпеня 2021 году была асуджаная на 2,5 года зьняволеньня.
«Я заўжды выказвала сваё меркаваньне ўголас. Так, я выступала катэгарычна супраць гвалту... І калі студэнты, як мне здаецца, з гэтых жа прычын спрабавалі дамагчыся дыялёгу, каб іх пачулі ў адміністрацыі, я не магла не падтрымаць іх словамі.
Магчыма, калі б я раскаялася, прызнала віну ў тым, чаго не рабіла, для мяне гэтае абвінавачаньне скончылася б інакш. Я не шкадую, што не падманваю і не крывадушнічаю перад сабой... На маю думку, студэнты — крэатыўная частка грамадзтва і не павінны знаходзіцца ў СІЗА, калёніі. Гэта шлях у нікуды».
Ільля Трахтэнбэрг: «Я застануся вольным чалавекам, таму што я здольны самастойна думаць і прымаць рашэньні»
Студэнт БДУ Ільля Трахтэнбэрг быў асуджаны на 2, 5 года пазбаўленьня волі.
«У мяне ёсьць свае перакананьні, пра праўдзівасьць якіх я цяпер ня буду меркаваць. Я адкрыта выражаў сваё меркаваньне, уся мая ініцыятыўнасьць была скіраваная на рух, разьвіцьцё і перамены да лепшага ў сваёй роднай краіне. Я ня меў фінансаў ці нейкіх грошай. Калі дзяржава лічыць гэта злачынствам, я гатовы назваць сябе злачынцам.
Незалежна ад таго, што мяне чакае, я застануся свабодным чалавекам, таму што я магу самастойна думаць і прымаць рашэньні».
Кася Будзько: «Люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі, нават пасьля гэтых 8 месяцаў»
Актывістку ЗБС Кася Будзько, якая навучалася ў пэдагагічным унівэрсытэце, 16 ліпеня 2021 году асудзілі на 2,5 года зьняволеньня.
«Я думаю, што на кожным з нас ляжыць адказнасьць за тысячы зьнявечаных лёсаў, што ў нейкі момант чалавек спатыкнуўся і зусім не было каму працягнуць яму руку дапамогі, ніхто не зьвярнуў увагі. Гэта разважаньне пра тое, што мы ўсе жывём разам, побач адзін з адным. Кожнае нашае дзеяньне ці нават бязьдзеяньне нараджае ланцуг наступстваў...
І невядома, у які момант і што вернецца да нас бумэрангам.
Таму мне крыўдна за ўсё, што адбываецца ў нашай краіне. Што самыя пэрспэктыўныя, годныя з нас студэнты вымушаныя зьяжджаць... ну ці сядзець у турме.
Але я люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі, нават пасьля 8 месяцаў у турме».
Яна Арабейка: «Тыя 8 месяцаў не пераканалі мяне, што страх лепшы за давер»
Былая студэнтка БДПУ Яна Арабейка ў апошнім слове апісала сваё затрыманьне 12 лістапада 2020 году супрацоўнікамі КДБ.
«За 8 месяцаў я сустрэла шмат розных людзей з рознымі поглядамі, ідэаламі, з рознымі сэнсамі. І гэтыя 8 месяцаў рэжымных мерапрыемстваў не змаглі пераканаць мяне ў тым, што страх руйнуе давер і ўсё тое, без чаго ня можа існаваць і функцыянаваць здаровая супольнасьць.
Таму і з сотні іншых прычынаў маім апошнім словам будзе — свабода».
Вікторыя Гранкоўская: «Беларусь для мяне дом, а беларусы — вялікая сям’я»
Студэнтку архітэктурнага факультэту БНТУ Вікторыю Гранкоўскую асудзілі на 2,5 года калёніі.
«Я ў жніўні 2020-га баялася і перажывала за сваё і чужыя жыцьці. Бабуля вучыла, што нельга трываць гвалт у сямʼі. Беларусь — гэта дом, беларусы — адна вялікая сямʼя. Я не мірылася і ня буду мірыцца з гвалтам», — сказала Вікторыя ў апошнім слове.
Сяргей Волкаў: «Праўда адна»
Актор Палескага драмтэатру, валянтэр Сяргей Волкаў быў асуджаны на 4 гады калёніі.
«Беларуская „справядлівасьць“ — гэта перадусім банальная помста з намерам запалохаць грамадзян, а ідэалёгія дае шуканае апраўданьне ліхадзейству. Законы, усталяваныя людзьмі, ня могуць супярэчыць законам сумленьня. Праўда адна, тым часам як хлусьня мае тысячы масак. Аднак усім нам варта памятаць словы з Эвангельля: якой мерай мераеце, такою і вам адмерана будзе; і спагоніцца з вас кожная кроў праведная, што вамі праліваецца; і ўсе, хто ўзяў меч, ад яго і загінуць».