Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: узнагародзілі рэдактарку Tut.by Золатаву, Васілевіча пакінулі пад вартай, у Кіеве заступіліся за Пушкіна


Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ў Львове, сьнежань 2021 году
Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ў Львове, сьнежань 2021 году

У Беларусі на 23 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 945 чалавек.

Рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву ўзнагародзілі за кратамі

Галоўнай рэдактарцы партала Tut.by Марыне Золатавай далі ўзнагароду «Reporter: innen-Preis 2021». Яна адрасавала заслугі ўсёй камандзе мэдыя і чытачам, піша «Вясна».

«Узнагарода — заслуга ўсёй нашай вялікай каманды. А таксама — нашай аўдыторыі, якая штодня дапамагала рабіць нам крутое мэдыя. Давер чытачоў — для нас насамрэч найвялікшая ўзнагарода. І я ўпэўненая, што мы — мэдыя і чытачы — яшчэ абавязкова сустрэнемся. І вашая падтрымка — найлепшы гэтаму доказ», — напісала Золатава з турмы.

Марына Золатава
Марына Золатава

Марыну Золатаву разам з яшчэ 14 супрацоўнікамі Tut. by затрымалі сёлета 18 траўня. Ім вінавацяць у «саўдзеле ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

Напісаць ёй ліст можна па адрасе: 220030, СІЗА № 1, Менск, вуліца Валадарскага, 2, Марыне Васільеўне Золатавай.

Бізнэсоўцу Аляксандру Васілевічу працягнулі зьняволеньне

Бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча пакінулі пад вартай яшчэ на два месяцы. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Надзея Зелянкова.

«Перадае вітаньні. Шчыры дзякуй за лісты, пасылкі і перадачы. З Калядамі! P. S. Пінгвін адчувае сябе таксама добра», — напісала Надзея.

Аляксандар Васілевіч — бізнэсовец, сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky. org і The Village-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў. Яго затрымалі 28 жніўня 2020 году, ад таго часу ён за кратамі. Пакуль Аляксандар Васілевіч утрымліваўся пад вартай, летась 2 сьнежня ў іх з жонкай Надзеяй Зелянковай нарадзілася дачка Уршуля.

Ва Ўкраіне асудзілі перасьлед мастака Алеся Пушкіна

«Наступ на свабоду мастацкага выказваньня», — так у Кіеве арганізатары беларускай выставы адрэагавалі на абвінавачаньні мастака Алеся Пушкіна.

Мастацкі арсэнал і Міжнародны фонд «Адраджэньне» асудзілі перасьлед беларускага мастака Алеся Пушкіна і заклікалі ўкраінскую і міжнародную супольнасьці да ціску на незаконную беларускую ўладу, каб вызваліць з-за кратаў мастака і яшчэ сотні палітвязьняў.

Алесь Пушкін у Менску ўлетку 2020 году
Алесь Пушкін у Менску ўлетку 2020 году

У сваёй заяве Мастацкі арсэнал, які пры падтрымцы фонду «Адраджэньне» праводзіў выставу «Кожны Дзень. Мистецтво. Солідарність. Спротив», падкрэсьліў, што зьяўляецца «флягманскай інстытуцыяй культуры, якая ў сваёй дзейнасьці рэагуе на актуальныя грамадзкія пытаньні і садзейнічае мадэрнізацыі грамадзтва, абапіраючыся на каштоўнасны патэнцыял культуры.

Такім чынам гэтыя дзьве арганізацыі адрэагавалі на абнародаваньне абвінавачаньня Алеся Пушкіна, у якім адзначаецца, што той «на сталай аснове ўдзельнічаў у незаконных акцыях і зьдзекаваўся зь дзяржаўных сымбаляў, а свае дзеяньні ... запісаў на камэру, але каб пазьбегнуць адказнасьці, учыніў свае злачынныя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны».

Алеся Пушкіна затрымалі сёлета ў сакавіку адразу па вяртаньні з Кіева, дзе ён браў удзел у выставе беларускіх мастакоў «Кожны Дзень. Мистецтво. Солідарність. Спротив».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG