У дзень, калі разваліўся СССР, 8 сьнежня 1991 году, я радаваўся, што зь вялікімі цяжкасьцямі, адстаяўшы доўгую чаргу, удалося купіць зімовыя чаравікі. Напярэдадні ў мяне была магчымасьць выправіцца ў Віскулі, каб асьвятляць там нечаканую сустрэчу Шушкевіча, Ельцына і Краўчука (я тады працаваў журналістам у «Звяздзе»). Але дні тады стаялі марозныя, сьнежныя. А добрага зімовага абутку ў мяне не было... Вырашыў ня ехаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на «ўсебеларускім сходзе» ў 1996: Незалежнасьць — гэта бядаКраіна, у якой немагчыма было свабодна купіць зімовыя чаравікі (а таксама тэлевізар, канапу, каўбасу, туалетную паперу і яшчэ тысячы самых звычайных і неабходных рэчаў) наўрад ці магла выжыць. Яна дажывала свае апошнія дні. І пра гэта ўжо, здаецца, мала хто шкадаваў.
Зрэшты, пра тое, што 8-га сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы саюзная дзяржава заканчвае сваё існаваньне, большасьць савецкіх грамадзянаў ні ў той вечар, ні на наступны дзень наўрад ці здагадваліся. Памятаю, з калегамі ў рэдакцыі позна ўвечары 8-га сьнежня, адно за другім атрымліваючы афіцыйныя паведамленьні зь Віскулёў, жартавалі пра тое, як будзе называцца новая краіна. СНД напачатку ўспрынялі, як новую, больш мяккую вэрсію СССР. Калі б было іначай, калі б усе дакладна ўсьведамлялі, што іх чакае, хто ведае, можа, раніцай 9-га сьнежня былыя савецкія грамадзяне адрэагавалі б на зьнікненьне сваёй краіны па-іншаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Андрэй Зубаў: рэжымы Лукашэнкі і Пуціна абрынуцца хутка, самае доўгае — у найбліжэйшыя гадыШмат разоў мне даводзілася адказваць сваім дзецям на пытаньне пра тое, якім яно было, жыцьцё ў СССР, у якім я нарадзіўся і вырас. Апрабаваўшы шмат варыянтаў адказаў, усё больш схіляюся да наступнага: жыцьцё было намнога лепшым, чым апісваюць тыя, хто СССР ненавідзіць, і значна горшым, чым расказваюць тыя, хто ад яго ў захапленьні.
Пагоршаная копія БССР
Дзіўна, калі сёньняшнюю Беларусь некаторыя расейскія аналітыкі і аглядальнікі называюць палепшанай копіяй БССР. Сёньняшняя Беларусь — злая карыкатура на БССР. Прынамсі, на той пэрыяд, у якім я жыў, які добра памятаю і разумею. БССР пэрыяду Машэрава ў параўнаньні зь цяперашнім рэжымам Лукашэнкі — росквіт лібэралізму.
У той БССР дзяржаўныя выдавецтвы стотысячнымі накладамі выдавалі кнігі Васіля Быкава. А самога яго ўлады ўганаравалі найвышэйшымі савецкімі ўзнагародамі і званьнямі. (Так, гэта не азначае, што Васіль Быкаў не цярпеў ад савецкай цэнзуры, але параўнайце тую цэнзуру зь цяперашнім стаўленьнем рэжыму, напрыклад, да Сьвятланы Алексіевіч, якую толькі эміграцыя выратавала ад арышту і турмы).
У той БССР кіраваць тэлевізіяй быў пастаўлены Генадзь Бураўкін — чалавек, адданы Беларусі і беларушчыне. Навіны, тэатральныя пастаноўкі, дзіцячыя праграмы — тэлеэфір паступова запаўняўся беларускай мовай. (Так, цэнзура існавала і ня ўсё залежала ад Бураўкіна. Але немагчыма нават уявіць, каб на БТ 80-х гадоў гучала нешта падобнае на лаянку і бруд, што льюцца зь дзяржаўных тэлеканалаў сёньня.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З падручніка па гісторыі Беларусі для 11-х клясаў прыбралі згадку пра Станіслава ШушкевічаНават самыя высокапастаўленыя чыноўнікі ў БССР жылі на тых жа вуліцах, у тых жа шматкватэрных дамах, што і многія іншыя шараговыя грамадзяне. Верх намэнклятурнага шыку і бляску ў 1980-я — кватэра на вуліцы Пуліхава ў Менску. Сёньняшні лукашэнкаўскі міністар, які жыве ў асабняку ў Драздах, толькі іранічна ўсьміхнецца, пабачыўшы тыя савецкія прывілеі. (Так, тады таксама не было поўнай сацыяльнай роўнасьці, але маштабы маёмаснага расслаеньня і чыноўніцкага нахабства і прагнасьці проста несувымерныя).
Тая БССР адрозьніваецца ад сёньняшняй Рэспублікі Беларусь гэтак жа, як мяккі і інтэлігентны Машэраў ад жорсткага і безапэляцыйнага Лукашэнкі. І наўрад ці выпадкова апошні так упарта і пасьлядоўна імкнецца сьцерці ў афіцыйнай гісторыі памяць пра першага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: «Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца»Апошні аргумэнт міністра Макея
У канцы мінулага тыдня пасьля нарады АБСЭ ў Стакгольме Уладзімер Макей прыгразіў Захаду:
«Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца. Хаця мы зробім усё, каб такога ня здарылася, а Эўрапейскі зьвяз назаўжды страціць Беларусь. І я думаю, што гэта абсалютна не ў інтарэсах Эўропы». І нават апэляваў да аўтарытэту Зянона Пазьняка.
Адразу ўспомнілася, як восем месяцаў таму ён жа, міністар Макей (і таксама ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню) пагражаў Захаду:
«Любое далейшае ўзмацненьне санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць перастане існаваць...».
І пагроза цалкам ажыцьцёўлена: «трэці сэктар» у Беларусі, як і абяцаў міністар, зьнішчаны, грамадзкія актывісты — у турмах ці на эміграцыі.
Ці азначае гэта, што рэжым зробіць зь незалежнасьцю тое ж, што з грамадзянскай супольнасьцю? І чым яны хочуць напалохаць Захад — ператварэньнем РБ у кіраваную з Масквы копію БССР?
А ці можна ўвогуле лічыць незалежнасьцю і сувэрэнітэтам тую сыстэму, якая створана ў Беларусі сёньня? Што ў нас засталося ад дзяржаўнасьці, якой можна было б ганарыцца? Ад вяршэнства закону і Канстытуцыі? Ад непарушнасьці нашых межаў? Ад гонару за нашы гістарычныя сымбалі? Што беларускага ў нашых школах, на дзяржаўнай тэлевізіі, у дзяржаўных газэтах? Калі сувэрэнітэт зьвёўся да поўнай свабоды ГУБАЗіКу рабіць усё, што яму ўздумаецца, з палітычнымі апанэнтамі рэжыму? Калі міліцэйскі генэрал можа прымаць якія заўгодна рашэньні і ня несьці за іх адказнасьці? Калі начальнік РАУС можа загадаць схапіць любога, пабіць, кінуць за краты, і аргумэнту «Ён ня любіць Лукашэнку» будзе дастаткова для любога суду...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцу прысудзілі 6 год турмы за тое, што ён адмаўляў распад СССР і існаваньне РасеіТакі сувэрэнітэт можна лічыць каштоўнасьцю? Можа, давайце спытаем пра гэта ў тых, хто цяпер асабістай свабодай разьлічваецца за тое, што хацеў бачыць сваю краіну вольнай і дэмакратычнай? У Ігара Лосіка, Ірыны Леўшынай, Марыны Золатавай, Андрэя Аляксандрава, Дзьмітрыя Наважылава, Андрэя Скурко, Анджэя Пачобута і яшчэ ў дзевяці соцень палітвязьняў. Лёсам якіх цяпер спрабуе гандляваць рэжым Лукашэнкі, шантажуючы апошнім, што ў яго засталося і што яму не належыць...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь стала незалежнай. Дыскусія экспэртаўУсё ж хочацца думаць, што нейкі інстынкт самазахаваньня ў гэтага рэжыму застаецца. Бо калі яны і сапраўды зробяць тое, чым шантажуюць і палохаюць, то міністрам чаго тады стане сам Макей і прэзыдэнтам чаго застанецца Лукашэнка? Міністэрства замежных спраў у структуры расейскіх фэдэральных акругаў не прадугледжана. Як і пасады прэзыдэнта, дарэчы.
Зрэшты, і ў цяперашнім сваім выглядзе пасады і міністраў, і генэралаў, і прэзыдэнта выглядаюць у сёньняшняй Беларусі таксама як злая карыкатура.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.