Мардоўскага абвінавацілі ў арганізацыі экстрэмісцкай арганізацыі (частка 1 артыкула 282 КК), паведамляе ўпраўленьне Сьледчага камітэту ў вобласьці.
Сьледзтва палічыла яго адным зь лідэраў грамадзкага аб’яднаньня, дзейнасьць якога прызнана экстрэмісцкай і забароненая ў Расеі. Выданьне «Высота 102» раней адзначала, што гаворка ідзе пра забаронены ў 2019 годзе «Саюз Славянскіх Сіл Русі».
«Разам з суўдзельнікамі ён таемна ўцягваў у злачыннае абʼяднаньне новых удзельнікаў, прапагандуючы сярод іх адмаўленьне Расейскай Фэдэрацыі як дзяржавы і законаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі краіны, схіляючы грамадзян да процідзеяньня дзейнасьці органаў улады ўсіх узроўняў», — гаворыцца ў паведамленьні камітэту.
Разам з Мардоўскім у лістападзе летась былі затрыманыя 42-гадовы Сяргей М. і 48-гадовы Аляксей Генералаў. Рэгіянальнай экстрэмісцкай ячэйкай, як мяркуюць сьледчыя, кіраваў Сяргей, які пазыцыянуе сябе як «часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка ўсіх без выключэньня пасад, усіх без выключэньня абʼектаў і субʼектаў права, якія раней існавалі ў прасторы на тэрыторыі Валгаградзкай вобласьці».
Паводле зьвестак «Медиазоны», справа Генералава таксама разглядаецца ў судзе, справа ж Сяргея М. цяпер у пракуратуры з абвінаваўчым заключэньнем. Яшчэ чатырох чалавек абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізацыі (частка 2 артыкула 282.2 КК). Расьсьледаваньне ў дачыненьні да іх завершана, яны знаёмяцца з матэрыяламі справы.