«Беларускі сьвет падзяліўся канчаткова і назаўсёды». Пісьменьнікі пра беларускую рэвалюцыю

Менск, 30 жніўня 2020 г.

Пад гадавіну беларускіх пратэстаў мы папрасілі групу беларускіх пісьменьнікаў адказаць для сайту Свабоды на пытаньне: ці і якім чынам падзеі апошняга году паўплывалі на ваша разуменьне Беларусі і/або вашу творчасьць?

Пад просьбай мы дапісалі: «Не чакаем доўгага адказу, хопіць і 100–200 словаў. Але калі адкажаце даўжэй, то, зразумела, скарачаць ня будзем».

Свабода атрымала восем адказаў. Вялікі дзякуй пісьменьнікам за прыхільнасьць да нашай просьбы. Адказы атрымаліся розныя аб’ёмам і формаю. Публікуем іх без скарачэньняў.

Дар’я Бялькевіч: «…пастаяннае напружаньне, празь якое дранцьвеюць унутраныя крыніцы…»

Дар’я Бялькевіч

Падзеі апошняга году паказалі, што мы занадта доўга займаліся толькі асабістымі справамі, таму цяпер вымушаныя займацца выключна справамі сваёй краіны і справамі тых людзей, якія аказаліся закладнікамі (ува ўсіх сэнсах) сытуацыі.

Я зразумела, што гісторыю Беларусі трэба вывучаць і выкладаць больш дасканала, гледзячы ў вочы страху стагодзьдзяў, бо нявывучаныя ўрокі гісторыі прымушаюць нацыю яшчэ раз пражываць падобны досьвед. Чытаю цяпер «Споведзь» Ларысы Геніюш і нэрвова ўсьміхаюся на старонцы, дзе яна расказвае пра тры пары бялізны, нацягнутыя перад магчымым арыштам і дэпартацыяй у СССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’я Бялькевіч: «Мова не ўваходзіць у моду. Мова даўно на шчыце. І па шчацэ цячэ»

Калі разважаць пра творчасьць, то падзеі апошняга году «выціснулі» зь мяне тры вершы-рэакцыі, але ўвесь іншы час пастаяннае напружаньне, празь якое дранцьвеюць унутраныя крыніцы, не дае мне напісаць тое, што я магла б напісаць. Калі я на два тыдні выехала зь Беларусі, я зь лёгкасьцю напісала верш — можна сказаць, з паветра. А тут — гэта нейкія абрывістыя радкі, фразы, якія я старанна запісваю, але яны цяжка складаюцца ў нешта цэльнае. Спадзяюся, гэта пройдзе, ці я навучуся пісаць і ў такім стане. Хаця, вядома, хацелася б, каб вучыцца не давялося :-)

Сёлета ў Дар’і Бялькевіч выйшла кніга вершаў «Сьлёзы на вецер».

Сяргей Прылуцкі: «Беларусь выразна падзялілася на цёмны і сьветлы бакі»

Сяргей Прылуцкі. Фота: Анатоль Днястровы

Як і для многіх маіх знаёмых, масавыя пратэсты сталі нечаканасьцю і прыемным шокам. Зноў зьявілася надзея на перамены. Праўда, бязь лішніх ілюзіяў, што гэта станецца хутка. Пра адмарожанасьць слабавікоў вядома было задоўга да 2020 году. Але калі раней магчымыя былі апраўданьні, маўляў, нам трэба карміць сем’і, то цяпер падобныя адмазкі азначаюць апраўданьне забойстваў і рэпрэсіяў супраць тваіх жа суседзяў і знаёмых. Беларусь выразна падзялілася на цёмны і сьветлы бакі. Вядома, пасьля перамогі пачнуцца разборы палётаў і канфлікты між сваімі. Але зараз найважнейшым дасягненьнем ёсьць салідарнасьць і ўзаемадапамога. Гэта тое, з чаго можа вырасьці якасна новае грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам няма куды бегчы далей». Размова зь пісьменьнікам Сяргеем Прылуцкім пра яго новую кнігу

Пра творчасьць казаць цяжка. Мне падаецца, яна стала адначасна больш эмацыйнай і больш адстароненай, наколькі гэта магчыма ў сытуацыі, калі людзей забіваюць і рэпрэсіі набіраюць абароты.

Нядаўна Сяргей Прылуцкі апублікаваў кнігу вершаў «Эўрыдыка не азіраецца».

Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец): «Ясна, што мы пераможам»

Сьвятлана Курс

Што адбылося?

Не адбылося, а адбываецца. Беларусы праз агромністую, крывавую працу і трагедыю набываюць сваю ўласную гісторыю, годную іх, беларусаў. Гісторыю, дзе яны не гарматнае мяса для ваколічных імпэрыяў, а змагары, будаўнікі свайго лёсу, дому і тоеснасьці. За гэта даводзіцца вельмі дорага плаціць.

Часам ёсьць паняверка і ўражаньне, што мы выконваем сызыфаву працу. Гэта ня так. Калі зірнуць на гісторыю паўстаньня іншых эўрапейскіх нацыяў, мы ўбачым тое ж самае.

Як у падзеях 2020 году праявілася беларускае нацыянальнае?

Іншай формы выражэньня быць проста не магло. Не было іншай прапановы. Калі была, пакажыце мне яе. Ёсьць толькі адвечны нацыянальны праект і — наносныя таталітарныя скажэньні. Нікіцій Зносілов і яго чырвона-зялёны сьцяг. Паспрабуйце ўявіць, што ябацькі і Нікіцій стварылі незалежную дзяржаву, культуру, эканоміку. Беларускае нацыянальнае — адзіна магчымае жыцьцё для беларускай нацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аповед зламанага чалавека. Размова пра новую кнігу Евы Вежнавец

Ці засьведчылі падзеі 2020 году раскол у беларускім грамадзтве?

Раскол ёсьць. Калі адбываюцца канцлягерныя катаваньні, адкрытыя забойствы ды калечаньне мірных людзей на вуліцах, ціхабойствы ў турмах, лясах, парках, казэматах, выкраданьні і цяжкія турэмныя тэрміны, усялякае дараваньне і згода немагчымыя. І нават шкодныя. Пасіўных ябацек чапаць няварта. Але тых, у каго кроў на руках, выканаўцаў і арганізатараў тэрору неабходна судзіць і люстраваць. Нічога страшнага няма ў тым, каб быць асуджаным, адседзець, а потым да канца жыцьця выпраўляць сваю віну простай фізычнай працай за капейкі. Урэшце, такі лёс яны рыхтавалі сотням тысячам бязьвінных суайчыньнікаў — лёс маўклівага непатрабавальнага «насельніцтва».

Ці магчымае прымірэньне?

Магчымае і патрэбнае. Тактычна і стратэгічна трэба прымірыцца з тымі, хто будзе супрацоўнічаць на карысьць падзеньня рэжыму, сьведчыць супраць яго ў сьледзтвах і судох.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У ёй сплятаецца нашае ўсё». Севярынец пра кнігу, якую важна прачытаць менавіта цяпер

Ці мы пераможам?

Нашыя мірныя пратэсты былі мірныя, бо кожны беларус сьвядома ці несьвядома адчувае, як на нас ляжыць цяжкая лапа Расеі. Раней гэтая лапа ляжала на палове Эўропы і палове Азіі, а цяпер мы засталіся пад ёю адны, і ціск на нас моцны. Калі мы пачнем быць нямірнымі, нас размажуць па мапе.

Але рэч у тым, што Расея кугікнецца. Гэта яе гістарычны выбар — перціся сваім асоблівым шляхам праз калдобіны ды лаўжы і кугікацца на паваротах. І вось калі расейскую «чуда-тройку» зноў занясе на калдобінах пад кіраваньнем шалёнага фурмана, тады мы павінны быць настолькі жывымі і моцнымі, каб саскочыць ад іх і навек змыцца ў кусты. Як усе нашыя суседзі, былыя нявольнікі, а цяпер вольныя людзі. Якія жывуць як умеюць, спраўляюцца са сваім жыцьцём як могуць — але вольнымі людзьмі, а не «насельніцтвам».

Ясна, што мы пераможам, бо мы трывучыя. Шкада, што давялося разьвіць трывучасьць аж да такой ступені, але ў нас такое суседзтва і такая гісторыя на літару Г, што інакш мы б ня выжылі.

Ну і што, выжывем зноў. Назірайце за шалёным фурманам — і carpe diem.

Сёлета ў Эвы Вежнавец выйшла кніга прозы «Пашто ідзеш, воўча?».

Альгерд Бахарэвіч: «Час кампрамісаў мінуў»

Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай

Кожная рэвалюцыя патрабуе ад літаратара зрабіць свой выбар. Спачатку адзін, потым другі, трэці… кожны выбар цягне за сабой наступны, і за кожны трэба адказваць, найперш перад самім сабой. Пасьля 9 жніўня 2020-га зрабілася немагчымым заставацца па-над падзеямі. Тыя, хто вырашыў, што можна пісаць так, як раней, што можна заняць пазыцыю паміж, што літаратура мае права схавацца ў вежы са слановай косьці — тыя проста цешылі сябе дурнымі ілюзіямі.

У жніўні я напісаў адзін з сваіх самых вядомых вершаў апошніх гадоў: «Вось яны, а вось мы». У якім паспрабаваў перадаць ня толькі свой досьвед удзельніка пратэсту, ня толькі свой жах ад тэрору і сваё захапленьне паўстаньнем, ня толькі надзею і адвагу тых, хто побач — але і гэтае адчуваньне немінучага выбару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта чыстая літаратура і акт майго творчага супраціву». Размова з Альгердам Бахарэвічам

Ты або зь імі, тымі, хто катуе і забівае, тымі, хто разбурае і хлусіць — або ты за нас. Беларускі сьвет падзяліўся канчаткова і назаўсёды. Час кампрамісаў мінуў (памятаю, што ў Інтэлектуальным клюбе Сьвятланы Алексіевіч пару гадоў таму я таксама адстойваў немагчымасьць кампрамісу). Варыянтаў засталося ўсяго тры: адмаўчацца, служыць уладзе або ладзіць свой мастацкі супраціў сыстэме. Якім можа быць літаратурны супраціў у такіх умовах? Асэнсоўваць тое, што адбылося, думаць, што рабіць далей, крычаць сьвету пра тое, што робіцца ў Беларусі, скарыстаць дадзены табе талент, каб падтрымаць тых, хто цярпіць і змагаецца.

І ўвесь час ставіць перад сабой і іншымі пытаньні. З кім ты? Што можаш зрабіць менавіта ты? Заставацца ці зьяжджаць? Адчуваць віну ці гонар? Як захаваць сябе і тых, каго любіш? Як перамагчы страх? Як не паддацца дэпрэсіі і самаразбурэньню? І ўрэшце: хто такія «яны» і што зрабіла іх такімі? І хто такія «мы»?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альгерд Бахарэвіч: «Я ніколі ўжо не змагу пісаць так, як пісаў да жніўня»

Гэтае «мы» стала для мяне вельмі нечаканым ракурсам, пад якім я, паталягічны індывідуаліст, раней рэдка глядзеў на сьвет і на маю Беларусь. «Мы» для мяне заўсёды азначала «я і Юля Цімафеева» — а цяпер, ня страціўшы гэтага важнага значэньня, яно значыць яшчэ і «мы, вольныя беларусы». Дзе б мы ні жылі, мы адчуваем цяпер гэтую еднасьць. Сваё эсэ «Апошняе слова дзяцінства. Фашызм як успамін» я напісаў яшчэ ў Менску. А ў Аўстрыі працягваю пісаць публіцыстыку і эсэістыку пра беларускія падзеі. Жывучы тут, я не магу нікога ні да чога заклікаць, ня маю на гэта маральнага права (дый у Менску гэтага не рабіў, бо гэта глупства). Але казаць сьвету пра тое, што адбываецца, карыстаючыся сваім пісьменьніцкім прывілеем слова, крычаць пра тое, што Беларусь забіваюць ува ўсіх на вачах, патрабаваць падтрымкі ад нашай Эўропы — усё гэта мы можам і мусім.

Цікавасьць Захаду да Беларусі, яе культуры і літаратуры неймаверна ўзрасла, такога не было яшчэ ніколі ў нашай гісторыі. І міжволі задаеш прыкрае пытаньне: няўжо, каб зацікавіцца Беларусьсю, вам на Захадзе патрэбныя былі выключна гвалт і тэрор?.. Так ці інакш, сувязь паміж рэвалюцыяй і бачнасьцю краіны ў сьвеце відавочная, і я ня ведаю, як да гэтага ставіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі ў Беларусі быць фашыстам — гэта такая прафэсія». Бахарэвіч — пра прымітыўнае Зло

Усяго за паўгоду ў нас зь Юляй было больш за 60 інтэрвію замежным і беларускім мэдыя і выступаў перад самай рознай аўдыторыяй: нашай дыяспарай, замежнымі чытачамі, студэнтамі, дасьледнікамі, тымі, хто хоча падтрымаць беларусаў у іх барацьбе. Пра Юлін «Менскі дзёньнік», апублікаваны ў Швэцыі і Нямеччыне, пішуць у самых розных краінах. І мае тэксты (напрыклад, апублікаваны ў «Frankfurter Allgemeine Zeitung» пад назвай «Словы прыходзяць занадта позна») мелі такі розгалас, які наўрад ці быў бы магчымы без таго, што адбылося. Апошняя кніжка эсэ «Яны ўжо прайгралі», што выйшла ў Нямеччыне, працуе на маю рэпутацыю як палітычнага аўтара. Але ці можа літаратура быць па-за палітыкай? Так ці інакш, мы адчуваем вялікую запатрабаванасьць. Таму я як пісьменьнік абавязаны нашай рэвалюцыі. Дый ня толькі я… Беларуская рэвалюцыя нарэшце дала сьвету вобраз нашай краіны, а значыць, і вобраз яе вольнага мастацтва.

Зрэшты, я стараюся не абмяжоўвацца толькі публіцыстыкай. З увагі на гісторыю, што адбылася з «Сабакамі Эўропы», выдаў нядаўна дзьве электронныя кнігі, «Тэатар шчасьлівых дзяцей» і «Плошчу Перамогі» — абедзьве яны пра сёньняшнюю Беларусь, пра тое, калі пачынаецца мінулае і калі пачынаецца будучыня. Кніжкі пра іх — і пра нас…

Сёлета Альгерд Бахарэвіч выдаў дзьве кнігі прозы ў электронным варыянце: «Плошча Перамогі» і «Тэатар шчасьлівых дзяцей».

Вольга Гапеева: «…сапраўдная радзіма бывае толькі ў марах…»

Вольга Гапеева

як зьмясьціць у сто словаў адзін год

па-за
але
як ніколі раней з сабой

бязважкасьць
але
і цэмэнтавы боль

быццам ня дома
але
быццам і так

жыцьцё ў антонімах

па слоўніках правяраю значэньні словаў
patria
locus natalis
heimat

што зь іх радзіма

чаротаўка заплюшчыўшы вочы чакае калі разгорнецца першы лісток
сапраўдная радзіма бывае толькі ў марах
старажытныя скруткі даюць больш адказаў за стужкі навінаў
якія ўжо з год як не чытаю

і ўсё часьцей размаўляю зь мятлікамі і птушкамі
яны ні пра што не пытаюцца
яны проста ёсьць
і дазваляюць быць
мне

там
дзе ні часу
ні словаў

Вольга Гапеева сёлета выдала кнігу прозы «Самота, што жыла ў пакоі насупраць».

Андрэй Хадановіч: «За апошні год мая Беларусь пашырылася ў шмат разоў»

Андрэй Хадановіч

Дзесяцігодзьдзямі я жыў як бы ва ўнутранай эміграцыі, у маленькай ідэальнай Беларусі маіх блізкіх, сяброў, калегаў і аднадумцаў, якая месьцілася ўнутры афіцыйнай Беларусі, краіны збольшага мне чужой. Але за апошні год гэтая мая Беларусь пашырылася ў шмат разоў і амаль супала ў памерах з Беларусьсю, пазначанай на мапах. Паводле маіх суб’ектыўных падлікаў, свабоды — тут і колькасьць нязгодных, і іх геаграфія, і нечаканая сьмеласьць, і проста штось няўлоўнае ў паветры — паболела разоў у дзесяць, і гэта маё галоўнае пазытыўнае адкрыцьцё году. Нэгатыўнае: разоў у дзесяць паболела і брутальнасьці рэжыму, які ўжо не спыняецца ні перад чым, ні перад якімі ахвярамі, ведучы вайну — не на жыцьцё, а на сьмерць — з маёй Беларусьсю, з усімі намі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далікатная прысутнасьць у польскай мове». Размова з Андрэем Хадановічам пра яго новую кнігу

Гэта ўсё, вядома ж, адбілася і на пісаньні. Былі дні, тыдні і нават месяцы, калі проста займала мову і, здавалася, ужо няма такіх мастацкіх спосабаў, каб выразіць наш (мой) новы досьвед і новыя перажываньні. Але раптам, напрыклад, наша знаная кампазытарка папрасіла — вельмі хутка, за некалькі гадзінаў — напісаць верш, бо яна настолькі ж хутка створыць да яго музыку, а хор пратэстоўцаў гэтую песьню заўтра засьпявае. І верш напісаўся, і песьня загучала. То бок да ўнутраных патрэбаў гаварэньня/маўчаньня адразу ж дадаліся вонкавыя выклікі, бо раптам выявілася: тое, што ты пішаш (а таксама пішуць твае калегі), шмат каму патрэбна — гэта падтрымка, салідарнасьць, нават пэўная псыхалягічная тэрапія ў няпросты час. Апошняй кропкай сталі паведамленьні, што мае тэксты (вядома ж, ня толькі мае) шмат хто перапісвае ў лістах палітвязьням. Больш эфэктыўнай матывацыі для аўтара цяжка было б выдумаць — і словы сталі знаходзіцца і прыходзіць.

Сёлета ў Польшчы выйшаў дзьвюхмоўны том выбранай паэзіі Андрэя Хадановіча «Zabawy fantomowe / Фантомныя радасьці».

Наста Кудасава: «Жыцьцё застыла ў небанальнай вастрыні перажываньня»

Наста Кудасава

Многія радасьці звычайнага жыцьця страціліся ў жніўні 2020-га і дагэтуль не вярнуліся. Напрыклад, ужо цэлы год я не магу глядзець футбол і чытаць кнігі, не ўдаецца, млосна. Маё ранейшае ўяўленьне пра людзей моцна пахіснулася. Бездань чалавечай подласьці і маладушнасьці агаломшвае, вядома. Але, зь іншага боку, гэты год выявіў і тое, як шмат сярод нас жыве неймаверных людзей — спагадлівых, высакародных, нязломных. І менавіта гэтыя лёсы — трагічныя і прыгожыя — натхняюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наста Кудасава: «Чэхі мне прапанавалі жытло, калі б я вырашыла не вяртацца»

Пішацца вельмі шмат, у мяне нават нарадзілася адчуваньне як быццам нейкага грамадзянскага абавязку — зафіксаваць, апісаць усё тое, што адбываецца зь беларусамі цяпер. Хочацца нічога не згубіць, ніводнай дэталі, таму і зьявіліся такія вершы, як «Лісты», «Сьпісы», «Акрэсьцін», «Лекар дрэваў» і г.д. То бок нягледзячы на боль і агіду, мне ў пэўным сэнсе добра цяпер, бо жыцьцё застыла ў небанальнай вастрыні перажываньня. Галоўнае навучыцца выжываць у гэтай вастрыні і не згарэць дашчэнту.

Наста Кудасава сёлета апублікавала кнігу паэзіі «Вясна. Вуснам цесна».

Тацяна Заміроўская: «Тое, што адбываецца — большае за літаратуру»

Тацяна Заміроўская

Адразу скажу: усё ніжэй — гэта маё асабістае меркаваньне, якое датычыць толькі мяне і маіх уласных рэфлексіяў. Падзеі ў Беларусі вымусілі мяне шмат думаць пра «кніжныя» моманты ў гісторыі (калі адбываецца штосьці настолькі неймавернае, што гэта выглядае нейкім fiction) і пра тое, у чым уласна роля пісьменьніка ў гістарычным сэнсе ў ХХІ стагодзьдзі (калі ўявіць, што навуку стагодзьдзя дваццатага мы нібыта засвоілі). Бо пасьля жніўня 2020-га я сутыкнулася зь немагчымасьцю творчай рэфлексіі пра тое, што адбывалася — гэта быў эфэкт «вершаў пасьля Асьвенціму» Адорна — але тут істотна, што гэтую цытату шмат хто няправільна разумее.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Севярынец: «Цяпер нам ёсьць што сказаць усяму сьвету»

Рэч ня ў тым, што немагчыма пісаць вершыкі там, дзе хтосьці пакутаваў (то бок абслугоўваць эстэтыку там, дзе непрыкрытае жудаснае зьзяньне траўмы) — а ў тым, што сама мэханіка вытворчасьці прадуктаў культуры разьвівалася адначасова з мэханікай нарошчваньня таталітарных антыгуманных практык і што Асьвенцім стаў магчымым у той жа краіне, якая нарадзіла Гётэ і Шылера, і таму ўся гэтая папярэдняя культура больш ня мае сэнсу, бо яна адбылася ў межах гістарычнага працэсу, што выпеставаў і нарадзіў катастрофу. У мяне было штосьці падобнае — як можна пісаць нейкі выдуманы фікшан там, дзе за 26 гадоў фікшану мы прыйшлі да такой катастрофы? Ну і больш за тое — мне было балюча, і нічога не пісалася. Падчас пэрсанальных маіх, асабістых траўмаў пісалася нармальна, а цяпер — не, бо гістарычную траўму літаратура ня лекуе, яна не працуе як тэрапія (у маім выпадку).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітры Строцаў: «Пра прыгажосьць беларускай этычнай салідарнасьці хочацца сьведчыць з усіх сіл»

Я адчула, што літаратура ўсё ж такі павінна быць менавіта тэрапіяй, але ня так, як раней. Потым я ўсё ж напісала некалькі апавяданьняў — пра жанчын, якія апынуліся ў невыносных абставінах і праз дысацыяцыю намагаюцца неяк выбрацца зь іх найперш з мэтай захаваць сябе як асобу. Але гэта была нялёгкая праца — ня пішацца, бо патрэбны час на рэфлексію.

Я дагэтуль думаю — як дапамагчы, што рабіць? Мне падаецца, што роля пісьменьніка ў такіх сытуацыях — праца ня толькі архіватара і чалавека, які выдае менавіта што вытрыманую, збалянсаваную пэрсанальную рэфлексію, але і асобы, якая дзейнічае. Я адчувала, што ўсе, што я раблю ў фікшан — гэта ня дзейнасьць, таму яно не дапамагае. Яно можа дапамагчы, каб лекаваць і каб рэфлексаваць, пазьней. Але ў сытуацыі вострага болю літаратура не ратуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальжына Морт атрымала найвялікшую ў Канадзе прэмію за паэзію

Калі ты пісьменьнік у ХХІ стагодзьдзі ў Беларусі, на маю пэрсанальную думку, ты павінен дзейнічаць — не выдумляць, а шукаць практыкі, якія дапамогуць і табе, і іншым. Размаўляць і распавядаць, калі ты маеш такі голас, што да цябе прыслухоўваюцца (напрыклад, як робяць Саша Філіпенка, Сьвятлана Алексіевіч і Альгерд Бахарэвіч). Пісаць успаміны і дакумэнтаваць усё (як Вольга Шпарага). Выступаць за мяжой і прыцягваць увагу да Беларусі вершамі, ад якіх баліць (як Ганна Комар і Вальжына Морт).

Я напісала sci-fi раман яшчэ да таго, што адбылося ў Беларусі, але ён нейкім дзіўным чынам выглядае так, нібыта я напісала яго пасьля. Пасьля я б не магла такое напісаць — тое, што да падзеяў выглядае як амаль містычны прарыў сынхраніі і доказ існаваньня тэксту па-за часам, пасьля падзеяў можа выглядаць як дрэнная філязофска-сатырычная рэфлексія на тое, што нашмат большае за тэкст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне ў час рэвалюцыі. Што кажуць маладыя беларускія паэты

Разумею, што справа не ўва мне: гэта праява беларускай сынгулярнасьці — вялікай хвалі неабыякавасьці, якая, адбыўшыся год таму, неяк тэктанічна распаўсюдзілася ў часе і наперад, і назад. Я падаравала гэтую кніжку Сьвятлане Ціханоўскай і падпісала яе неяк так — тое, што тут напісана, гэта рэалізм. А тое, што вы зрабілі, — гэта фантастыка. Сапраўды, тое, што адбываецца — большае за літаратуру. Таму я цяпер лічу, што трэба больш пісаць пра рэальнасьць і шукаць новы голас, каб нейкім новым чынам распавесьці пра ўсе і сфармаваць рэфлексію, якая нам патрэбная будзе, каб ачуняць ад перажытага.

Тацяна Заміроўская, якая працуе на радыё «Голас Амэрыкі», сёлета апублікавала кнігу прозы «Смерти.net».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.