Наста Кудасава сьцісла:
- Мне ў жыцьці не даводзілася сустракацца зь непрыхільнікамі беларускай літаратуры. У гэтым сэнсе мне шанцуе, я сустракаю толькі тых, хто мяне больш-менш разумее.
- У Чэхію я трапіла на «літаратурную рэзыдэнцыю», якую арганізавалі супольна Міністэрства культуры Чэхіі і Амбасада незалежнай беларускай культуры ў Брне. Гэта беспрэцэдэнтны праект, бо раней такія стыпэндыі і «рэзыдэнцыі» міністэрства прызначала толькі чэскім аўтарам, а сёлета яны вырашылі падтрымаць беларусаў.
- Я ехала ў Чэхію з думкай, каб пісаць. У мяне было спадзяваньне, якое апраўдалася, што мне ўдасца пажыць чатыры тыдні ў працоўным рэжыме, якога дома ў мяне няма.
- Натхненьня шмат апошнім часам, і шмат хацелася б напісаць. І я ў Чэхіі шмат што пасьпела зрабіць.
- У Чэхіі я спрабавала пісаць кожны дзень, калі ня вершы, дык нешта перакладала. Але мне тут падрыхтавалі насычаны графік сустрэч і інтэрвію — у мяне было сем выездаў, сустрэчы ў трох унівэрсытэтах і чатырох тэатрах. У тэатрах акторы чыталі мае вершы ў перакладах Макса Шчура на чэскую мову.
- Чэхі казалі, што беларуская мова вельмі мэлядычная, нават мэлядычнейшая за чэскую.
- Я пабывала ў чатырох чэскіх гарадах: Градэц-Кралавэ, Плзэнь, Лібэрэц, Усьці-над-Лабай.
- Людзі на сустрэчах задавалі шмат пытаньняў, а таксама і пасьля сустрэч, у неафіцыйных абставінах. Відаць, што Беларусь у Чэхіі ўвесь час на слыху, чэхі сочаць за навінамі зь Беларусі і моцна суперажываюць. І праводзяць паралелі са сваёй гісторыяй.
- Некалькі разоў на сустрэчах пыталіся ў мяне, ці не хачу я застацца ў Чэхіі.
- Калі я прыехала ў Чэхію і глядзела навіны зь Беларусі збоку, мне ўсё здавалася вельмі жудасным. Чамусьці, калі мы дома, яно так жахліва не ўспрымаецца, мы неяк прызвычайваемся з гэтым жыць.
- Некалькі людзей выказвалі гатоўнасьць прыняць мяне на кватэру і даць прытулак, калі мне ня будзе куды дзецца.
- Калі я зьбіралася ў Чэхію, то магла сюды толькі прыляцець. А калі вяртаюся ў Беларусь, то ўжо ляцець не магу, трэба дабірацца наземным шляхам.
- Хацелася б скласьці новую кніжку зь вершамі, якія напісаліся мне ў Чэхіі, але баюся, што выдаўцы ў цяперашняй Беларусі ня змогуць іх выдаць.
Два вершы Насты Кудасавай, якія яна напісала падчас літаратурнай рэзыдэнцыі ў Чэхіі:
ЛЕКАР ДРЭВАЎ
Сьцяпану Латыпаву
залатую сасну не паставіш у мох на калені,
яна пойдзе за сонцам на дыбачках, дзе б ні расла.
калі б вы былі дрэвамі, вам бы хапіла сумленьня,
калі б вы былі дрэвамі, вы б не змаглі безь сьвятла.
вы б ня вырасьлі ў хлусаў ганебных, звыродлівых катаў,
што бягуць баязьліва на кожны бязглузды загад…
калі б вы былі дрэвамі, вы б не забіліся ў статак,
вы б маглі звацца годна —
як пушча, дуброва ці сад…
дрэва дбае аб дрэўным сваім, не цураецца лекаў,
разумее, як важна гаіць і лісьцё, і душу.
чалавек адзін здольны згнаіць у сабе чалавека
і працягваць няісным гальлём выдаваць нейкі шум.
каб вы толькі адчулі, як цёпла ў нябёснай спарудзе,
калі грак грачанятак гадуе ў цябе на плячы!..
але вы невылечныя, не,
вам, бязгнёздыя людзі,
я ня здольны дапамагчы.
* * *
я не шукаю замежжа, заможжа, замужжа…
і без таго мне належаць
найлепшыя з лужаў,
поўныя зорных адбіткаў
і срэбных аблокаў,
сонечны дзень, нападпітку
бярозавым сокам…
і без таго я па зьніжках,
нікому ня бачных,
маю і жолуд, і шышку,
і розум дзіцячы,
рэкі, дзе лётаюць шпарка
шчасьлівыя карпы, —
і без таго я ўладарка
нялічаных скарбаў!
мабыць, у важных людзей
я нічога ня важу —
я да сасны кагадзе
ўладкавалася пажам.
мо адслужу колькі год —
стану птушкай у гаі.
болей ніякіх выгод
я ў жыцьці не шукаю.