Партал Tut.by прааналізаваў, якія зьмены чакаюць беларусаў у ліпені і ці істотна яны паўплываюць на таўшчыню кашалькоў.
Новыя тарыфы за камунальныя паслугі
У ліпені беларусы атрымаюць квітанцыі, у якіх сумы будуць пералічаныя адпаведна новым тарыфам. Урад плянава перагледзеў некаторыя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. Павысіліся тарыфы на цеплазабесьпячэньне — ацяпленьне і падагрэў вады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчукі паскардзіліся на жыроўкі з абразай нацыянальнага сьцяга. Што адказалі чыноўнікі?Таксама змяніліся тарыфы на тэхабслугоўваньне, вываз сьмецьця, прыбіраньне пад’езду, тэхабслугоўваньне ліфта, а таксама на газ — прыродны і звадкаваны. Для прыкладу, за спажытую гарачую ваду аб’ёмам у 0,4198 Гкал у менскай двухпакаёвай кватэры на 50 «квадратаў», у якой прапісаны адзін чалавек, за травень трэба было заплаціць 8,6 рубля, а за чэрвень за гэты ж аб’ём выйдзе ўжо 9,2 рубля.
Зьмены для ІП на валютным рынку
Ад 9 ліпеня Нацыянальны банк уводзіць зьмены на валютным рынку. Фізычным асобам і юрыдычным асобам дазволяць праводзіць валютна-абменныя апэрацыі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы. Зрабіць гэта можна будзе праз банкі і самастойна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У краіне высокая няпэўнасьць». Кіраўнік Нацбанку Беларусі патлумачыў павышэньне стаўкі рэфінансаваньняТаксама адбудуцца зьмены валютнага рэгуляваньня і кантролю. Сярод іншага дазволяць адкрываць рахункі ў замежных банках (для ІП і юрыдычных асобаў, фізычныя асобы і цяпер могуць без дазволу), купляць акцыі і нерухомасьць за мяжой без узгадненьня з Нацбанкам, а таксама ўвядуць абавязковую рэгістрацыю некаторых валютных дамоваў. Прапісалі, у якіх выпадках чыноўнікі могуць уводзіць валютныя абмежаваньні пры пагрозе эканамічнай бясьпекі краіны.
Новаўвядзеньні ў заробках для бюджэтнікаў
Ад 1 ліпеня для бюджэтнікаў увядуць чарговыя зьмены ў заробках. Яны тычацца сярод іншага прэмій і надбавак. Напрыклад, павялічаць памеры сродкаў, якія ідуць на прэміяваньне работнікаў бюджэтных арганізацый — з 5% да 20% (але ў межах выдзеленых грошай на аплату працы). У мэдыкаў адменяць надбаўку за высокія дасягненьні ў працы, а ў работнікаў культуры адменяць надбаўку «за высокія прафэсійныя і творчыя дасягненьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку году ў бюджэтнікаў падаюць заробкі. Якімі сумамі завабліваюць лекараў і настаўнікаўПрафсаюзы раней тлумачылі бюджэтным арганізацыям, як будзе працаваць новая схема аплаты працы, каб «не дапусьціць і папярэдзіць сацыяльную напружанасьць у калектыве» і выключыць выпадкі зьніжэньня заробкаў.
Леташнія зьмены ў заробках бюджэтнікаў суправаджаліся шматлікімі памылкамі ў налічэньні і выплаце заробкаў бюджэтнікам, скаргамі і калектыўнымі зваротамі.
Чарговы раз пералічаць дармаедаў
Чыноўнікі зноў актуалізуюць сьпіс працаздольнага насельніцтва, не занятага ў эканоміцы. Тым, хто трапіць у яго і ў каго ёсьць ва ўласнасьці жыльлё, давядзецца аплачваць па поўных тарыфах ня толькі гарачае водазабесьпячэньне, але таксама ацяпленьне і газ. Да 21 ліпеня трэба падаць у камісіі па каардынацыі дакумэнты, якія пацьвярджаюць занятасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 1 траўня «дармаеды» будуць цалкам аплочваць газ і ацяпленьне ў кватэрахПры гэтым па-ранейшаму невядома, колькі чалавек знаходзіцца ў базе не занятых у эканоміцы і колькі ўжо атрымліваюць «цяжкія жыроўкі». Улады не раскрываюць гэтай інфармацыі.
Сацыяльныя пэнсіі і дапамога на дзяцей
Ад 1 жніўня перагледзяць памер пражытковага мінімуму і мінімальныя спажывецкія бюджэты. Да першага прывязаныя памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пэнсій, а таксама некаторых відаў дапамогі, якія даюцца пры нараджэньні дзяцей. Калі бюджэт пражытковага мінімуму падвысяць, адпаведна, вырастуць пэнсіі і дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа адбыцца сцэнар МММ». Былы дарадца Савету бясьпекі пра сытуацыю з дэпазытаміТак, сацыяльная пэнсія па ўзросьце, якую мужчынам прызначаюць у 65 гадоў, а жанчынам у 60, цяпер складае 136 рублёў, а мінімальная без уліку даплаты ў 20% ад сярэдняга заробку — усяго 68 рублёў.