Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Беларусі: «Ніводныя санкцыі не дасягалі сваіх палітычных мэтаў, пад імі хаваўся перадзел рынкаў»


Аляксандар Чарвякоў
Аляксандар Чарвякоў

Аляксандар Чарвякоў і ягоны намесьнік у міністэрстве сьцьвярджаюць, што эканоміка дзяржавы нават пасьля ўвядзеньня санкцый дэманструе рост.

Санкцыі супраць Беларусі, магчыма, зьвязаныя не з палітыкай, а з пытаньнямі перадзелу рынкаў і выштурхоўваньня зь іх канкурэнтаў, заявіў міністар эканомікі Беларусі Аляксандар Чарвякоў у інтэрвію праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ. Чыноўнік чакае праз гэта часовага зьніжэньня ВУП да 3% у галінах, якія трапяць пад санкцыі Эўразьвязу.

«З аднаго боку, санкцыі — гэта выклік, а з другога — гэта магчымасьці для нашай эканомікі паглядзець пад зусім іншым вуглом на новыя рынкі, на новых партнэраў. І мы досыць актыўна працуем у гэтым кірунку. Якраз наш плян, пра які цяпер шмат гавораць, накіраваны на тое, каб разьвіваць новыя рынкі. Гэта паварот да Азіі», — сказаў Чарвякоў.

Паводле яго, выдаткі будуць зьвязаныя зь неабходнасьцю перанакіраваньня таварных патокаў, і яны якраз могуць скласьці за адзін раз да 3% ВУП. Чарвякоў лічыць, што страты можна кампэнсаваць імпартазамяшчэньнем, працай на ўнутраным рынку і зьніжэньнем выдаткаў вытворчасьці.

На думку Чарвякова, сусьветны досьвед прымяненьня санкцый паказвае, што «ніводныя санкцыі не дасягалі сваіх палітычных мэтаў», але «пад санкцыямі хавалася іншае — пытаньні, зьвязаныя з падзелам рынкаў, выштурхоўваньне канкурэнтаў. І гэтыя ж працэсы мы бачым сёньня ў дачыненьні Беларусі».

Міністар эканомікі кажа, што Беларусь усё яшчэ спадзяецца на прагматызм заходніх партнэраў і чакае, што яны «ўсё ж націснуць на стоп-кран».

Чарвякоў таксама адзначыў, што пакуль эканоміка дэманструе рост.

«За гэтыя пяць месяцаў мы прырасьлі на 3,1% і перакрылі тое падзеньне, якое было ў 2020 годзе. І да 2019, дастаткова пасьпяховага году, выйшлі з прыростам у 1,2%. Гэта значыць эканоміка спрацавала з плюсам».

Намесьнік міністра эканомікі Юры Чабатар у праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТВ выказаў думку, што санкцыі «пакуль не аказваюць істотнага ўплыву на эканоміку краіны». Паводле яго, разглядаюцца розныя сцэнары, іхны магчымы ўплыў на працу галін.

Кіраўніцтва шэрагу беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў патрабуе ад работнікаў падпісваць звароты да эўрапейскіх дзяржаў з просьбамі зьняць санкцыі, а набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Уладзімер Пефціеў наняў лабістаў у ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG