На Партале камунальнай пісьменнасьці зьявілася інфармацыя, што з 1 траўня 2021 году не занятыя ў эканоміцы працаздольныя грамадзяне, якія маюць уласнае жытло, будуць аплочваць газ і ацяпленьне па поўным кошце.
З 1 студзеня 2021 году эканамічна абгрунтаваны тарыф для «дармаедаў» (100% аплаты) на ацяпленьне вырас больш чым на 16% і складае 107,31 рубля за 1 Гкал. Хоць, напрыклад, звычайны тарыф не падвышаўся і складае па-ранейшаму 20,6216 рубля. Калі разам з «дармаедам» у кватэры прапісаныя і жывуць іншыя людзі, дык аб’ём выкарыстаных Гкал падзеляць на колькасьць чалавек, і па поўным кошце будзе плаціць толькі «дармаед».
Таксама з пачатку году ў Беларусі вырасьлі і тарыфы на звадкаваны газ (прыкладна на 6,5%) і на прыродны газ (на 15%). Цяпер поўны тарыф прыроднага газу пры наяўнасьці лічыльнікаў — 0,5082 рубля за кубамэтар. Калі лічыльнікаў няма — ад 4,07 да 11,69 рубля.
Як удакладняе партал, «дармаеды» могуць пазьбегнуць 100-працэнтнай аплаты, калі яны знаходзяцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі. Цяжар становішча будзе вызначаць спэцыяльная камісія.
Са студзеня 2019 году «дармаеды» цалкам аплочваюць гарачае водазабесьпячэньне, а цалкам аплочваць газ і ацяпленьне павінны былі з 1 кастрычніка 2019 году, але пасьля ўвядзеньне поўнай аплаты перанесьлі.