Цяпер Яўген Буры адказвае за эканоміку і фінансы ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве Паўла Латушкі.
Пра кампэтэнтнасьць Бурага:
- З 1998 году працаваў інспэктарам у падатковых органах Менску;
- З 2006-га — намесьнік начальніка ўпраўленьня ў Міністэрстве падаткаў і збораў;
- 2014 — дарадца ў пытаньнях эканамічнай бясьпекі ў Дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі. У яго абавязкі ўваходзілі выяўленьне, аналіз рызык і пагроз у сфэры эканомікі і падрыхтоўка прапановаў для іх ліквідацыі;
- Быў чальцом-сакратаром міжведамаснай камісіі бясьпекі ў эканамічнай сфэры, якую ў свой час узначальваў Кірыл Руды, а пасьля Мікалай Снапкоў;
- 2019 — дырэктар па разьвіцьці IT-кампаніі, распрацоўка IT-прадуктаў у сфэры фінансавых тэхналёгій.
«Людзям трэба рыхтавацца да таго, што дзяржава чарговы раз іх падмане»
— Яўген, мы ўвесь час чуем пра акцыю НАК «Банкамат — абменьнік — банк», якая заклікае беларусаў змагацца з рэжымам зьняцьцем грошай з картак і дэпазытаў і канвэртацыяй іх у валюту. Скажыце, якая асноўная мэта гэтай акцыі? Вы сапраўды думаеце, што яна дапаможа скінуць рэжым?
— Гэтая акцыя — адна зь бясьпечных формаў пратэсту. І, натуральна, яна аслабляе рэжым. Але сёньня гаворка ідзе ўжо ня столькі аб пратэсьце супраць рэжыму, колькі пра тое, што людзям трэба рыхтавацца да таго, што дзяржава чарговы раз іх падмане. Рэжым нелегітымнага робіць выгляд, што ягоная банкаўская сыстэма ў поўным парадку, а ўклады і сродкі на рахунках насельніцтва максымальна абароненыя. Але ў рэальнасьці такія заявы — ня больш чым прапагандысцкія лёзунгі, якім верыць нельга.
— Чаму вы так думаеце? Для гэтага маюцца нейкія рэальныя падставы?
— Па-першае, нелегітымная ўлада ўжо без дазволу залазіць да нас у кішэню. Рэжымам створана інфармацыйная сыстэма (АИС ИДО), якая дазваляе без папярэджаньня і ў аднабаковым парадку сьпісваць з нашых банкаўскіх рахункаў і картак любыя сродкі. Многія з нас ужо сутыкнуліся з бесцырымонным сьпісаньнем штрафаў і абавязкаў. То бок, калі заўтра рэжым вырашыць сьпісаць грошы з нашых рахункаў, у яго ня будзе з гэтым праблем.
Па-другое. Грошы, якія вы адносіце ў банк, яны ж не ляжаць мёртвым грузам на вашым дэпазыце. Яны выдаюцца ў выглядзе крэдытаў іншым грамадзянам і прадпрыемствам. У гэтым і ёсьць сутнасьць банкаўскай дзейнасьці. Толькі вось на 1 сакавіка бягучага году памер так званых «актываў, якія не абслугоўваюцца» дасягнуў гістарычнага максымуму і склаў 3,7 млрд рублёў. Гэта тыя сумы, якія пазычальнікі ня ў стане вярнуць банку, а банк, адпаведна, ня зможа вярнуць іх укладчыкам. Прасьцей кажучы, можа адбыцца сцэнар, як калісьці з «МММ» — забраць свае ўклады змогуць толькі тыя, хто першы гэта зробіць.
«Беларускія банкі вымушаныя браць сабе на балянс усё больш акцый стратных прадпрыемстваў»
— Гэта значыць асноўная праблема банкаўскай сыстэмы менавіта ў гэтых праблемных крэдытах?
— Ня толькі ў крэдытах. На сайце Нацбанку Рэспублікі Беларусь ёсьць справаздача, якая называецца Агляд дэпазытных арганізацый Рэспублікі Беларусь. Гэта стандартная справаздача паводле мэтодыкі МВФ, якая дазваляе ацаніць стан банкаўскай сыстэмы краіны. Вывучаючы гэтую справаздачу, мы заўважылі рэзкі рост па адной з пазыцый — «Акцыі і іншыя віды ўдзелу ў капітале». З 1 студзеня 2020 году па 1 красавіка 2021 году гэты паказчык вырас удвая — з 3,87 да 7,75 мільярда рублёў. Для параўнаньня, гэты паказчык на 1 лютага 2016 году быў усяго 0,3 мільярда рублёў. Супастаўляючы рост гэтай пазыцыі з эканамічнымі навінамі, можна меркаваць, што беларускія банкі вымушаныя браць сабе на балянс усё больш акцый стратных прадпрыемстваў, якія ня ў стане плаціць па крэдытах, і таму разьлічваюцца з банкамі сваімі акцыямі. Яскравым прыкладам гэтага зьяўляецца набыцьцё «Беларусбанкам» акцый «Белшыны» ў лютым 2020 году на суму 28 мільёнаў рублёў.
— А хіба гэта дрэнна, калі банкі інвэстуюць у асноўны капітал дзяржпрадпрыемстваў?
— Калі гэта інвэстыцыі ў прыбытковыя прадпрыемствы, то гэта нядрэнна, нават добра, бо можна атрымліваць дывідэнды гэтых прадпрыемстваў. Але ў выпадку беларускіх банкаў гаворка ідзе пра дырэктыўныя інвэстыцыі ў стратныя прадпрыемствы, калі дзяржава прымушае банкі інвэставаць у загадзя нявыгадныя інструмэнты, для таго, каб выратаваць так званыя флягманы беларускай прамысловасьці. Заканамерна ўзьнікаюць пытаньні — як доўга беларускія банкі змогуць займацца інвэстыцыямі ў акцыі стратных прадпрыемстваў бяз шкоды асноўнай дзейнасьці? Ці ведаюць укладчыкі гэтых банкаў, куды інвэстуюцца іхныя грошы, у якія менавіта прадпрыемствы?
Пакуль што, акрамя «Белшыны» не было публічнай інфармацыі на гэтую тэму. І што будзе, калі ў банку скончыцца ліквіднасьць і застануцца толькі акцыі стратных дзяржаўных прадпрыемстваў? Ці хочуць укладчыкі атрымаць свае ўклады ў выглядзе акцый той жа «Белшыны», якая зьяўляецца стратнай як мінімум з 2015 году, паводле афіцыйных бухгальтарскіх справаздач, вывешаных на сайце «Белшыны»?
— Ці ёсьць небясьпека, што беларускія банкі могуць збанкрутаваць?
— Калі б не было дзяржаўнай падтрымкі і розных махінацый нелегітымнага ўраду, то банкруцтва некаторых банкаў было б непазьбежным.
Недавер грамадзтва да так званай дзяржавы прывёў да таго, што ўкладчыкі толькі за мінулы год забралі з банкаў амаль 2 млрд даляраў. Гэта моцна ўдарыла па банкаўскай сыстэме. І, каб зьнізіць рызыкі банкруцтва, напрыклад «Беларусбанку», нелегітымная ўлада вымушаная была павялічваць узровень яго капіталу на суму 1 млрд рублёў. Банкам з расейскім капіталам таксама давялося атрымліваць уліваньні капіталу ад матчыных банкаў.
Акрамя таго, рэжым штучна стрымлівае курсы валют і стаўку рэфінансаваньня, каб не пагаршаць і без таго варты жалю стан дзяржпрадпрыемстваў, у якіх велізарныя пазыкі ў замежнай валюце. З гэтай прычыны ўжо 4 месяцы мы назіраем валютны дэфіцыт на міжбанкаўскіх таргах, дзе задавальняецца менш за 10% заявак на куплю валюты.
— Вы згадалі пра махінацыі. Ці не маглі б расказаць падрабязьней?
— Ёсьць такое дзяржаўнае «Агенцтва кіраваньня актывамі», якое было створана ў 2016 годзе. Заснавальнікамі гэтага агенцтва зьяўляюцца Рэспубліка Беларусь у асобе Дзяржаўнага камітэту маёмасьці і абласныя выканаўчыя камітэты. Першапачаткова яго стваралі для вызваленьня стратных прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу ад праблемных даўгоў, такім чынам чысьцячы банкі ад праблемных крэдытаў. Але сёлета агенцтва надзялілі новай місіяй. Я спэцыяльна падрыхтаваў цытату з праекту адпаведнага ўказу:
«За кошт сродкаў, атрыманых ад разьмяшчэньня аблігацый, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, агенцтвам набываюцца актывы банкаў Рэспублікі Беларусь, сфармаваныя па крэдытах, дадзеных прамысловым прадпрыемствам, якія забясьпечваюць функцыянаваньне стратэгічна значных галін эканомікі і (або) іншыя важныя дзяржаўныя патрэбы», гаворыцца ў праекце дакумэнту. Пры гэтым не «дапускаецца набыцьцё агенцтвам актываў, што клясыфікуюцца банкамі як тыя, што не абслугоўваюцца».
Калі ўсё гэта перавесьці на чалавечую мову, то гэта азначае, што Агенцтва будзе пераймаць на сябе ўсе праблемныя даўгі прамысловых флягманаў, каб банкі не збанкрутавалі. Але тут узьнікае пытаньне — наколькі бяздонныя рэсурсы гэтага Агенцтва? Зразумела, што гэта дзяржструктура, але грошы заканчваюцца ўжо на ўсіх узроўнях дзяржавы, таму мы разумеем, што гэта толькі падаўжэньне агоніі рэжыму, адцягваньне непазьбежнага канца і стварэньне дымавой заслоны для заходніх арганізацый, якія займаюцца ацэнкай стану эканомікі Беларусі.
«Мы атрымалі інсайд, што валютныя ўклады насельніцтву могуць выдаць беларускімі рублямі па курсе»
— Як вам здаецца, што можа адбыцца, улічваючы такое жаласнае становішча банкаўскай сыстэмы?
— У краіне, дзе «не да законаў» і ўсім зразумела, што «дна няма», ня варта выключаць магчымасьць паўтарэньня сцэнару кіпрскага банкаўскага крызісу 2013 году. Тады ўлады Кіпру былі вымушаныя канфіскаваць значную частку ўкладаў, памер якіх перавышаў 100 тысяч эўра. Я мяркую, што на сёньняшні дзень ёсьць усе падставы баяцца паўтарэньня кіпрскага сцэнару ў Беларусі. Пры гэтым парог для вызначэньня буйнога ўкладу ў Беларусі можа быць істотна ніжэйшы за 100 тысяч эўра.
Канфіскацыя часткі ўкладаў буйных укладальнікаў будзе найбольш прымальным для банкаў сцэнаром. У Беларусі большасьць людзей жыве бедна і ня мае буйных ашчаджэньняў, адпаведна, масавага абурэньня ня будзе, а некаторыя нават пацешацца таго, што ў багатых адабралі грошы.
Па зьвестках нашых крыніц, каля 80% агульнай сумы ўсіх укладаў трымаюць усяго толькі 2 тысячы ўкладчыкаў. Натуральна, што многія зь іх уваходзяць у нелегітымнае кіраўніцтва краіны ці набліжаныя да яго. Нават сам кіраўнік Нацбанку Калавур нядаўна расказваў аб сваёй стратэгіі рублёвых укладаў.
Але гэтак сама, як і ў самалёт, адлятаючы, забяруць далёка ня ўсіх, так і папярэджваць пра будучую частковую або поўную канфіскацыю ўкладаў будуць толькі самых блізкіх і верных. І ўжо тым больш ніхто ня будзе думаць пра шараговых укладчыкаў, якія трымаюць свае крэўныя зьберажэньні на дэпазытах.
— Ці значыць гэта, што асьцерагацца варта толькі буйным укладчыкам?
— Зусім не, ад частковай страты зьберажэньняў не застрахаваны ніхто. Мы атрымалі інсайд ад банкаўскіх работнікаў аб тым, што ва ўмовах недахопу валюты ў банкаўскай сыстэме можа быць выдадзены «ўказ прэзыдэнта» аб выдачы валютных укладаў насельніцтву беларускімі рублямі па курсе. Першы крок у гэты бок ужо зроблены — з 9 ліпеня ўступіць у сілу новы закон, паводле якога пры ўзьнікненьні сытуацыі, якая стварае пагрозу эканамічнай бясьпецы і стабільнасьці фінансавай сыстэмы краіны, валютныя абмежаваньні могуць быць уведзеныя на тэрмін да аднаго году.
Мы вырашылі ацаніць імавернасьць такога сцэнару.
Пачнем з таго, што валютны дэфіцыт у краіне можа быць выкліканы плянавымі выплатамі па дзяржаўным доўгу, які больш як на 90% пазычаны ў валюце. На міжбанкаўскіх таргах мы ўжо бачым валютны дэфіцыт, бо задавальняецца менш за 10% заявак на набыцьцё валюты.
У 2021 годзе Беларусь павінна зрабіць абавязковых выплат па дзяржаўным доўгу на 3 мільярды даляраў. Рэзэрвовыя актывы Беларусі ў замежнай валюце за апошнія 16 месяцаў скараціліся ўдвая — з 5,6 да 2,8 млрд даляраў. Пра што гэта сьведчыць? Што без прыцягненьня новага вонкавага крэдытаваньня ў нейкі момант у Мінфіну ня хопіць валюты для чарговай выплаты ў дзяржаўных пазыках. І калі беларускія рублі можна «дадрукаваць», то з валютай складаней. Таму найбольш простым выхадам для нелегітымнага ўраду будзе гвалтоўна памяняць грошы ў насельніцтва праз выдачу валютных укладаў у беларускіх рублях. Наколькі нам вядома, падрыхтоўка ідзе поўным ходам.
«Нелегітымны ўрад фармальна ўжо цяпер можа абвясьціць аб існаваньні пагрозы эканамічнай бясьпекі»
— Але гэта ж ня так страшна — можна ж пайсьці памяняць рублі на валюту.
— На жаль, у той момант, калі ў Беларусі ня будзе валюты для выплат па дзярждоўгу, валюты ня будзе і ў абменьніках, асабліва калі гаворка будзе ісьці пра буйныя сумы. Дэфіцыт валюты прывядзе да рэзкага росту валютнага курсу, што азначае, што атрыманыя рублі вы зможаце абмяняць на валюту толькі тады, калі валютны курс вырасьце настолькі, што дасягнецца новая раўнавага попыту і прапановы — а гэта можа быць разавае падзеньне кошту рубля на 30-50-80%. Гэта значыць, фактычна столькі страцяць падманутыя ўкладчыкі.
— Але ж валютныя абмежаваньні, згодна з новым законам, уступяць у сілу толькі ў выпадку ўзьнікненьня сытуацыі, якая стварае пагрозу эканамічнай бясьпецы і стабільнасьці фінансавай сыстэмы краіны. Ці немінучая такая сытуацыя?
— Паспрабую патлумачыць, што стаіць за размытай фармулёўкай «пагроза эканамічнай бясьпецы» і як зразумець, што гэтая пагроза зьявілася. Ёсьць такое паняцьце, як індыкатары эканамічнай бясьпекі, якія прымяняюцца дзяржаўнымі органамі, у тым ліку Саветам бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Іх пералік, паказчыкі і парогавыя значэньні засакрэчаныя. Аднак нам пэўна вядома, што практычна ва ўсіх паказчыках ёсьць значныя адхіленьні ад нормы і сытуацыя характарызуецца як крытычная ўжо шмат гадоў. А цяпер сытуацыя вострая як ніколі. Дастаткова ўзяць паказчыкі дэфіцыту кансалідаванага бюджэту, валавога вонкавага доўгу, узроўню золатавалютных рэзэрваў.
— Якую з гэтага можна зрабіць выснову?
— Нелегітымны ўрад фармальна ўжо цяпер можа абвясьціць аб існаваньні пагрозы эканамічнай бясьпецы і стабільнасьці фінансавай сыстэмы краіны і ўвесьці валютныя абмежаваньні.
— Дык што ж рабіць звычайным укладчыкам? Няўжо варта здымаць усе грошы і захоўваць дома ў валюце?
— Беларускіх укладчыкаў ужо неаднаразова падманвалі. Прыгадайце пачатак 90-х, калі грошы, на якія калісьці можна было купіць машыну, ператварыліся ў цану шакалядкі. Прыгадайце 2011 год, калі рубель абваліўся ў 3 разы. Успомніце 2014-2015 гады, калі рубель абваліўся больш як у 2 разы.
Мы ўсе ведаем, што ад дзяржавы ня варта чакаць клопату пра сваіх грамадзянаў і тым больш пра іх сродкі. Таму просім усіх самастойна паклапаціцца аб захаванасьці зьберажэньняў да таго, як стане занадта позна. Такі час прыйшоў.
Зразумела, што захоўваць грошы дома таксама небясьпечна, асабліва ўлічваючы, што дадому могуць уварвацца сілавікі і ўсё забраць. Найлепшым варыянтам было б мець рахунак за мяжой і захоўваць грошы там. Хтосьці можа купіць крыптавалюту, хтосьці нерухомасьць.
Або купіць залаты зьлітак і надзейна яго схаваць. Але толькі не ў банкаўскім сховішчы, таму што захаванасьць нават там ужо не гарантуецца.
Тут ужо кожны мусіць вырашаць для сябе — у залежнасьці ад сумы ашчаджэньняў і магчымасьцяў. Але тое, што найменш бясьпечным месцам на сёньняшні дзень зьяўляецца беларускі банк, — гэта бясспрэчны факт.