Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У краіне высокая няпэўнасьць». Кіраўнік Нацбанку Беларусі патлумачыў павышэньне стаўкі рэфінансаваньня


Павал Калавур (справа). Архіўнае фота.
Павал Калавур (справа). Архіўнае фота.

Стаўка рэфінансаваньня, як раней аб’явіў Нацбанк, павысіцца з 21 красавіка. Зь цяперашніх 7,75 яна вырасьце да 8,5% гадавых.

У краіне захоўваецца высокая няпэўнасьць, сытуацыя ўнікальная, і ў гэтых умовах Нацбанк перайшоў да больш «грубых» інструмэнтаў рэгуляваньня фінансавага рынку, заявіў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калавур.

Нацбанк, па яго словах, спрабуе забясьпечваць цэнавую і фінансавую стабільнасьць у краіне ня столькі шляхам працэнтных ставак, колькі шляхам прапановы абмежаванай ліквіднасьці камэрцыйным банкам.

Камэнтуючы той факт, што Нацбанк задавальняе менш за 10% заявак банкаў на атрыманьне ліквіднасьці, Калавур адзначыў, што «банкі выстаўляюць заяўкі па максымуме», канкурыруючы адзін з адным.

Разам з тым даваньне абмежаванай ліквіднасьці банкам у ходзе аўкцыёнаў — апраўданыя захады, якія спрыяюць цэнавай і фінансавай стабільнасьці ў краіне.

«Правядзеньне аўкцыёнаў дазваляе ўзьдзейнічаць на попыт на крэдыты і іншыя працэсы», — адзначыў Калавур.

Рэгулятар не зьяўляецца прыхільнікам рэзкіх рухаў у сёньняшніх умовах.

«На першы погляд, усё вельмі проста: вырасла інфляцыя — трэба павышаць стаўку рэфінансаваньня. Я не прыхільнік таго, каб ствараць пікі — бачым паскарэньне інфляцыі і хутка павышаем стаўку рэфінансаваньня. Трэба паглядзець прыроду інфляцыйных фактараў: яны часовыя або пастаянныя, манэтарныя ці не», — сказаў Калавур.

Нацбанк упершыню за 6 гадоў павысіць стаўку рэфінансаваньня — 21 красавіка яна павялічыцца з цяперашніх 7,75 да 8,5% гадавых.

Апошні раз стаўку рэфінансаваньня ў Беларусі павышалі ў студзені 2015 году, з 20 да 25% гадавых. Пасьля гэтага да 2020 году стаўку рэфінансаваньня пастаянна зьмяншалі, апошні раз у ліпені 2020 — з 8 да 7,75% гадавых.

Цяперашняе павышэньне стаўкі рэфінансаваньня да 8,5% гадавых Нацбанк тлумачыць паскарэньнем інфляцыйных працэсаў у краіне. Нацбанк зьвярнуў увагу на тое, што інфляцыя паскараецца і ў суседняй Расеі.

Кіраўнік Нацбанку таксама расказаў аб сваёй стратэгіі ашчаджэньняў. Грошы ён захоўвае толькі ў беларускіх рублях, бо «даходнасьць на 70% вышэйшая, чым у валюце». Калавур мяркуе, што даходнасьць у рублях будзе вышэйшай за валютную ў наступныя пяць гадоў.

Акрамя таго, Павал Калавур заявіў, што не зьбіраецца пакідаць пасаду кіраўніка Нацбанку.

«Рана мне займацца рыбалоўствам. У мяне дастаткова сіл і ведаў, каб быць карысным нашай краіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG