Палітзьняволены Павал Севярынец раней зьвяртаўся да кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) мітрапаліта Веніяміна з просьбай выказаць стаўленьне да магчымага прызнаньне бел-чырвона-белага сьцягу «экстрэмісцкім». Веніямін даў адказы на некаторыя пытаньні палітыка.
- Бел-чырвона-белыя палоскі на мантыі архіярэяў гэта «струмяні», якія «служаць напамінам пра Прычасную кроў Збаўцы на белай Плашчаніцы», але «дадзенае спалучэньне колераў тканіны стала выкарыстоўвацца, акрамя названага вышэй выпадку, не з рэлігійнай, а з палітычнай мэтай».
- Бел-чырвона-белы сьцяг — ня «сьцяг Хрыста», бо ў Хрыста не было сьцяга і нават не было «дзе галавы прытуліць».
- «Каб бел-чырвона-белы сьцяг ня быў прызнаны экстрэмісцкім, бачыцца дастатковым не выкарыстоўваць яго для выражэньня палітычных поглядаў».
Таксама ён пажадаў палітычнаму зьняволенаму «з карысьцю для душы правесьці час Вялікага поста».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веніямін адказаў Паўлу Севярынцу пра магчымае прызнаньне бел-чырвона-белага сьцягу «экстрэмісцкім»Павал Севярынец адрэагаваў на адказы Веніяміна і даслаў мітрапаліту яшчэ адзін ліст, паведаміла жонка Севярынца Вольга ў фэйсбуку. На думку палітвязьня, сам факт адказу Веніяміна гаворыць аб тым, што мітрапаліт «разважае над лёсам Беларусі». Але Севярынец «у сьвятле Божай праўды» ня можа прыняць некаторых выказваньняў.
Севярынца цешыць, што мітрапаліт прызнаў спалучэньне белага, чырвонага і белага сымбалем Прачыстай Крыві Збаўцы Ісуса на белай Плашчаніцы.
«Навукоўцы, напрыклад, гісторыкі, супрацоўнікі Акадэміі Навук Беларусі Андрэй Унучак і Юры Бачышча пацьвярджаюць, што менавіта гэты сымбаль за 1000 гадоў гісторыі Беларусі стаў нашым нацыянальным сьцягам (а ў 1918-ым і 1991-1995-ым быў прызнаны дзяржаўным) — і што ён выяўляе менавіта Ўваскрасеньне Хрыста. 103 гады таму Сьвяцейшы Патрыярх Ціхан падтрымаў і блаславіў Беларускую Народную Рэспубліку пад бел-чырвона-белым сьцягам, а ў 1995 годзе Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт вызнаў дзяржаўны сьцяг сымбалем Крыві Хрыста на белай Плашчаніцы».
Севярынец не разумее, чаму гэтага ня можа прызнаць цяперашні кіраўнік БПЦ Маскоўскага патрыярхату.
«У тым, што хтосьці выкарыстоўвае бел-чырвона-белы сьцяг у палітычных мэтах? А калі сёньня хтосьці выкарыстоўвае ў палітычных мэтах, скажам, мантыю архіерэя? Мы што, і яе забаронім? Ці наогул забаронім самога Хрыста, як спрабавалі зрабіць камуністы ў Савецкім Саюзе?» — пытаецца Севярынец у герарха.
Таксама палітык у лісьце з-за кратаў адзначае, што Хрыста ўкрыжавалі паводле «сфабрыкаванага палітычнага абвінавачаньня», а за апошнія сто гадоў у Беларусі камуністы засудзілі ды расстралялі сотні праваслаўных сьвятароў, у тым ліку архіерэяў.
«За што? За „палітычную дзейнасьць“ — „антысавецкую агітацыю“ і „контррэвалюцыю“. Не за „рэлігію“ — за „палітыку“. Дзясяткі зь іх ужо кананізаваныя Беларускай Праваслаўнай Царквой. Іх зьнішчалі, каб яны не займаліся „палітыкай“ — не выкрывалі зло сьледам за Хрыстом».
Таксама Павал Севярынец паведамляе мітрапаліту Веніяміну, што ня можа ўцяміць, няўжо герарх стаіць разам з тымі, хто сёньня «ставіць помнікі Сталіну, выкарчоўвае крыжы ў Курапатах і ламае жыцьці тысячаў беларусаў, ухваляе савецкую эпоху бязбожжа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ аднаго жыхара Гомля будуць судзіць за замену чырвона-зялёнага сьцягу на бел-чырвона-белыУ канцы свайго ліста палітвязень зычыць мітрапаліту, каб Хрыстос уваскрос у ягоным сэрцы, а таксама «ў сэрцах тых, хто палюбіў не сьвятло, а цемру».
«Хрыстос Уваскрос — і Беларусь уваскрэсьне!» — гэтак завяршыў Севярынец свой ліст.
Справа Севярынца
Аднаго з сяброў Аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома ў Менску неўзабаве пасьля таго, як ён правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач з пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.
21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак Сьледчы камітэт паведаміў, што на палітыка завялі справу паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне празь непасрэдна ўзьніклае падазрэньне ва ўчыненьні злачынства). Затым стала вядома, што яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.
У канцы красавіка 2021 году Севярынца перавезьлі ў Магілёў для суду, што адбудзецца 12 траўня і будзе закрытым. Судзіць Севярынца будуць разам з грамадзкай актывісткай Ірынай Шчаснай і сябрамі грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Дзьмітрыем Казловым, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над Севярынцам будзе закрытым нават для родных ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд Папы Рымскага пералічыў факты ўціску вернікаў розных канфэсій у Беларусі за апошнія гады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя хрысьціяне сьвяткуюць Вялікдзень