Суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» будзе закрытым нават для родных. Пра гэта паведаміла жонка Паўла Вольга Севярынец у «Фэйсбуку».
«Шкада, нічога не даведаемся пра іх сэнсацыйнае расьсьледаваньне, а можа, проста там справа ні аб чым, і сорамна, каб гэта проста нехта пабачыў», — напісала яна.
Уначы на 24 красавіка Паўла Севярынца ў кайданках этапавалі зь Менску ў Магілёў. У камэру яго перавялі толькі пад вечар 24 красавіка.
Большасьць рэчаў і каля дзьвюх тысяч лістоў, якія даслалі людзі, яму прыйшлося пакінуць на Валадарцы, бо з рукамі ў кайданках перавезьці іх было немагчыма. Аддаць рэчы сямʼі не дазволілі, напісала Вольга Севярынец.
12 траўня ў Магілёве павінен пачацца разгляд крымінальнай справы сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, грамадзкай актывісткі Ірыны Шчаснай, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча.
«Крымінальная справа будзе разглядацца на закрытым судовым пасяджэньні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да тайны, якая ахоўваецца законам», — паведамілі ў абласным судзе БелаПАН.
Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома неўзабаве пасьля таго, як ён правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.
21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак Сьледчы камітэт паведаміў, што на палітыка завялі справу паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне празь непасрэдна ўзьніклае падазрэньні ва ўчыненьні злачынства). Затым стала вядома, што палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.
Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча і Яўгена Афнагеля затрымалі 25 верасня. У кастрычніку ім выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Афнагелю было выстаўленае яшчэ адно абвінавачаньне — па ч. 3 арт. 293 КК (навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці).
Пра затрыманьне Максіма Вінярскага МУС паведаміў 26 студзеня. Паводле праваабаронцаў, яму таксама выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
Блогер YouTube-каналу «Шэры кот» Дзьмітры Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 дзён. Меўся выйсьці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазьней стала вядома, што на Казлова завялі справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада сілавікі ў форме ЖЭС. Яны ўварваліся ў кватэру, калі да Іры прыйшла маці. У памяшканьні правялі ператрус, канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, грошы. Затрыманьне і ператрус адбыліся на вачах 10-гадовага сына Ірыны.