Цяжарныя жанчыны могуць бясьпечна атрымліваць вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэтае рашэньне Сусьветнай арганізацыі здароўя піша амэрыканская The New York Times.
Сусьветная арганізацыя здароўя ў пятніцу, 29 студзеня, зьмяніла свае рэкамэндацыі для цяжарных жанчын у справе вакцынацыі ад COVID-19. Раней САЗ процідзейнічала такой імунізацыі для большасьці будучых маці, калі яны не знаходзяцца ў групе высокай рызыкі.
Цяпер САЗ цалкам зьмяніла сваю пазыцыю. Гэтая зьмена адбылася пасьля пратэсту міжнародных мэдычных і навуковых аўтарытэтаў. Раней САЗ заяўляла, што «не рэкамэндуе вакцынацыю цяжарных жанчын» вакцынамі, вырабленымі кампаніямі Pfizer-BioNTech і Moderna.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: У сьвеце тэстуюць 55 вакцынаў ад COVID-19 на людзях і 87 на жывёлахУ чацьвер, 28 студзеня, некалькі экспэртаў выказалі расчараваньне ранейшай пазыцыяй САЗ. Навукоўцы адзначылі, што такая пазыцыя супярэчыць рэкамэндацыям амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) у тым жа пытаньні і можа зьбіць з панталыку цяжарных жанчын, якія чакаюць ясных парадаў.
Вакцыны, вырабленыя Pfizer-BioNTech і Moderna, хоць і не тэставаліся на цяжарных жанчынах, не паказалі якіх-небудзь шкодных эфэктаў у дасьледаваньнях на жывёлах. Міжнародныя экспэрты лічаць, што тэхналёгія, якую выкарыстоўваюць у вакцынах, агулам бясьпечная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскія навукоўцы здагадаліся, чаму дзеці менш хварэюць на COVID-19Новая фармулёўка САЗ адлюстроўвае гэтую інфармацыю:
«Зыходзячы з таго, што мы ведаем пра гэты тып вакцын, у нас няма якіх-небудзь канкрэтных падстаў меркаваць, што існуюць пэўныя рызыкі, большыя, чым перавагі ад вакцынацыі цяжарных».
Рэкамэндацыя САЗ цяпер цалкам адпавядае пазыцыі CDC.
Экспэрты высока ацанілі гэтую зьмену і прывіталі пагадненьне паміж вядучымі сусьветнымі арганізацыямі аховы здароўя ў гэтым важным пытаньні.
«Мне было вельмі прыемна бачыць, што САЗ зьмяніла свае рэкамэндацыі адносна ўвядзеньня вакцыны ад COVID-19 цяжарным жанчынам», — сказаў доктар Дэніс Джэймісан, акушэр з Унівэрсытэту Эмары і сябра экспэртнай групы ў справе COVID-19 Амэрыканскага каледжа акушэрства і гінэкалёгіі. Гэтая асацыяцыя была сярод многіх арганізацый аховы жаночага здароўя, якія заклікалі кампаніі Pfizer і Moderna паскорыць тэставаньне вакцын на цяжарных жанчынах.
«Новае рашэньне САЗ дае цяжарным жанчынам важную магчымасьць прайсьці вакцынацыю і абараніць сябе ад сур’ёзных рызык, зьвязаных з COVID-19, — лічыць доктар Джэймісан. — Такі хуткі перагляд пазыцыі САЗ уражвае, гэта добрая навіна для цяжарных жанчын і іх немаўлят».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы вынайшлі штучныя малекулы — забойцы каранавірусуЦяжарныя жанчыны традыцыйна выключаюцца з клінічных выпрабаваньняў, што стварае недахоп навуковых дадзеных адносна бясьпекі лекаў і вакцын для жанчын і іх будучых дзяцей. Вакцыны звычайна лічацца бясьпечнымі, і з 1960-х гадоў лекары настойліва рэкамэндуюць імунізаваць цяжарных жанчын ад грыпу і іншых інфэкцыйных хваробаў нават пры адсутнасьці строгіх клінічных выпрабаваньняў.
Паводле новых заяў прадстаўніка кампаніі Pfizer, яна ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў будзе тэставаць сваю вакцыну на цяжарных жанчынах.
Таксама і Moderna плянуе стварыць рэгістар для назіраньня за пабочнымі эфэктамі ў жанчын, якія атрымалі вакцыну гэтай кампаніі.