Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мужчыны пераносяць каранавірус цяжэй за жанчын


Апусьцелы пляц Сьвятога Марка ў Вэнэцыі ў апошнія дні вэнэцыянскага карнавалу.
Апусьцелы пляц Сьвятога Марка ў Вэнэцыі ў апошнія дні вэнэцыянскага карнавалу.

Навукоўцы зьвярнулі ўвагу, што новы каранавірус COVID-19 менш паражае дзяцей, але, адначасова, уяўляе сабой большую пагрозу для людзей сярэдняга і сталага веку — асабліва, для мужчын. Пра гэта піша The New York Times.

Кітайскі цэнтар кантролю і прафіляктыкі захворваньняў апублікаваў самы вялікі аналіз выпадкаў каранавіруса на сёньняшні дзень. Нягледзячы на тое, што колькасьць заражаных мужчын і жанчын прыблізна аднолькавая, сьмяротнасьць сярод мужчын склала 2,8 працэнта ў параўнаньні з 1,7 працэнта сярод жанчын.

Лекары заўважылі, што жанчыны даюць больш моцны імунны адказ на вірусную інфэкцыю.

Гістарычныя паралелі

Мужчыны больш пацярпелі падчас эпідэміяў SARS і MERS, якія таксама былі выкліканыя каранавірусамі. У 2003 годзе ў Ганконгу вірусам SARS было заражана нашмат больш жанчын, чым мужчын, але сьмяротнасьць сярод мужчын аказалася на 50 адсоткаў вышэйшаю, гаворыцца ў дасьледаваньні, апублікаваным у Annals of Internal Medicine.

Каля 32 працэнтаў мужчын, заражаных так званым дыхальным сындромам Блізкага Ўсходу, памерлі. Жанчын ад гэтай жа хваробы памерла 25,8 працэнта.

Маладыя дарослыя мужчыны паміралі больш высокімі тэмпамі ў параўнаньні з жанчынамі-аднагодкамі падчас эпідэміі грыпу 1918 году — так званай «гішпанкі».

Чаму мужчыны больш уразьлівыя

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што шэраг фактараў дзейнічае супраць мужчын у цяперашняй эпідэміі каранавіруса.

Некаторыя з гэтых фактараў маюць біялягічны характар, а іншыя — караняцца ладзе жыцьця, у тым ліку, у курэньні і спажываньні алькаголю.

Калі гаворка ідзе пра павышэньне імуннай рэакцыі супраць інфэкцый, мужчыны прадстаўляюць «слабы пол».

Жанчыны таксама дэманструюць больш моцныя імунныя рэакцыі пасьля прышчэпак і маюць узмоцненыя імунныя рэакцыі памяці, якія абараняюць дарослых ад узбуджальнікаў, зь якімі яны сутыкнуліся ў дзіцячым узросьце.

Чаму жанчыны лепш даюць рады ў барацьбе з інфэкцыяй

«Існуе нешта ў імуннай сыстэме ў жанчын, што зьяўляецца больш багатым», — сказала доктарка Джэйн Клэйтан, дырэктарка Ўправы дасьледаваньняў здароўя жанчын у Нацыянальных інстытутах здароўя ЗША.

Але гэта высокая цана, дадала яна: жанчыны значна больш успрымальныя да аўтаімунных захворваньняў, такіх як рэўматоідны артрыт і чырвоная ваўчанка, пры якіх імунная сыстэма пераходзіць у рэжым хуткай атакі на ўласныя органы і тканкі.

Амаль 80 адсоткаў людзей, якія пакутуюць на аўтаімунныя хваробы, складаюць жанчыны, адзначыла доктарка Клэйтан.

Прычыны больш моцнай імуннай рэакцыі ў жанчын не зусім ясныя, і дасьледаваньні ўсё яшчэ знаходзяцца на раньняй стадыі, перасьцерагаюць экспэрты.

Адна з гіпотэз заключаецца ў тым, што больш моцная імунная сыстэма жанчыны дае перавагі выжываньня сваім нашчадкам, якія спажываюць антыцелы з груднога малака маці. Гэта дапамагае дзецям пазбавіцца ад хваробы, пакуль іх уласная імунная сыстэма яшчэ разьвіваецца.

Цана пільнасьці

Таксама адно найноўшае дасьледаваньне з удзелам 4021 пацыента з каранавірусам паказала важнасьць раньняга выяўленьня хваробы, асабліва ў пажылых мужчын. Якраз мужчыны зьвяртаюцца ў бальніцы з больш запушчанымі стадыямі хваробы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG