Салідарнасьць-2020. 7 яскравых гісторый, якія ўмацуюць вашу веру ў беларусаў

Першы нядзельны марш 16 жніўня ў Менску сабраў некалькі соцень тысяч чалавек

Каранавірус і пратэсты — два складнікі, якія «разбудзілі» грамадзянскую супольнасьць Беларусі.

Салідарнасьць — новы стан беларускага грамадзтва цягам усяго 2020 году. Калі прыйшла каварная хвароба, людзі наладзілі сыстэму дабрачыннасьці, узаемадапамогі, валянтэрства. І ўжо з гэтым досьведам увайшлі ў галоўную палітычную кампанію году.

Свабода сабрала некалькі гісторый салідарнасьці беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 году

#BYCOVID19 сабрала больш за 360 тысяч даляраў на сродкі індывідуальнай засьцярогі для мэдыкаў

Валянтэрская ініцыятыва на чале з Андрэем Стрыжаком, Андрэем Ткачовым, Юліяй Дарашкевіч ды іншымі арганізавала дабрачынны збор сродкаў у падтрымку мэдыкаў Беларусі падчас першай хвалі каранавірусу ў сакавіку—чэрвені 2020 году.

Ілюстрацыйнае фота. Андрэй Стрыжак (зьлева) падчас перадачы дапамогі ў шпіталь

Пакуль увесну Аляксандар Лукашэнка пераконваў беларусаў, што каранавірус — гэта «псыхоз», кампанія аб’яднала звыш 1500 валантэраў па ўсёй Беларусі. Праз краўдфандынг яны сабралі рэкордную на той момант суму грошай: больш за 360 000 даляраў, на якія закупілі звыш 450 000 адзінак сродкаў індывідуальнай засьцярогі.

«Мэта кампаніі — дапамога беларускім мэдыкам, — пісаў Андрэй Стрыжак. — Кампанія ня мае палітычных мэтаў пры аказаньні такой дапамогі. У прэзыдэнты ніхто з каманды не зьбіраецца». Ініцыятыва #ByCOVID19 была прызнаная «Праваабарончай кампаніяй году».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія #ByCovid19 расказала, колькі мае валянтэраў і чаму з ахвяраваньняў бяруць камісію

У ліпені Андрэй Стрыжак і Андрэй Ткачоў вымушаныя былі пакінуць Беларусь, бо ўлады заблякавалі пляцоўку MolaMola, на якой людзі зьбіралі грошы для мэдыкаў.

У кастрычніку ByCOVID19 заявіла, што ня будзе перазапускаць праект з прыходам другой хвалі пандэміі каранавірусу.

«Хапае на амапаўскія балаклавы, мусіць хапіць і на мэдычныя маскі», — патлумачыў Андрэй Стрыжак.

Ужо з-за мяжы Андрэй Стрыжак, Андрэй Ткачоў ды іншыя валянтэры далучыліся да ініцыятываў дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хапае на амапаўскія балаклавы — мусіць хапаць і на мэдычныя маскі». BYCOVID не перазапусьцяць з прыходам другой хвалі пандэміі

2. «Сёньня я буду чаргой у symbal.by». Падтрымка сувэнірнай крамы, кавярні O’Petit, крамы кветак «Первый цветной»

Чарга каля крамы Symbal.by пасьля абвяшчэньня аб закрыцьці крамы, 23 чэрвеня 2020 году

У чэрвені ўлады пачалі ціснуць на сувэнірную краму Symbal.by. Спачатку міліцыя канфіскавала ў кур’ера сувэнірнай крамы 419 маек з надпісам «ПСІХОЗ%», а пасьля пачаліся шматлікія праверкі санстанцыі, МНС.

Заснавальнікі крамы паведамілі, што з 29 чэрвеня вымушаны закрыць яе. У аўторак, 23 чэрвеня, увечары каля крамы на Машэрава, 18 выстраілася вялікая чарга — больш за 50 чалавек. Пад’ехалі аўтазакі. Паводле афіцыйнай вэрсіі МУС, масавыя затрыманьні адбыліся праз канфлікт людзей у чарзе зь мясцовым жыхаром. А людзі з чаргі сьведчылі, што 20 чалавек затрымалі беспадстаўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску каля крамы Symbal.by затрымалі пакупнікоў

Уладальнік Symbal.by Павал Белавус заявіў, што крама аплаціць усе штрафы людзям, якія стаялі ў чарзе ў краму.

У наступныя дні сотні неабыякавых беларусаў зноў стаялі ў чарзе, каб набыць сувэніры. У абарону крамы і супраць затрыманьняў выступілі вядомыя асобы: прадстаўнікі шоў-бізнэсу, тэлевядоўцы, акторы, спартоўцы.

Пасьля затрыманьняў ля крамы Symbal.by зноў чарга пакупнікоў. Фотагалерэя

Абураны пост у сацыяльных сетках напісаў папулярны тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі.

«Сёньня я буду чаргой у symbal.by... Менавіта сёньня мне, як нiколi, патрэбна цiшотка ад „Сымбаля“... А таму што, гэй, вялізны і страшэнны АМАП, НЕЛЬГА біць дубінкамi людзей, якiя прыйшлі купіць адзеньне ці кубачак... НЕЛЬГА біць пажылую жанчыну толькі таму, што яна праходзiла ля крамы... НЕЛЬГА натоўпам скакаць на студэнта, які прыйшоў са сваім сябрам купіць сувэнір... Яны проста стаяць у чарзе ў краму, нават аніякiх лёзунгаў ці заклікаў...», — напісаў Дзяніс у фэйсбуку.

Не засталіся абыякавымі шоўмэн Дзьмітры Кахно (ён напісаў пост «Так нельга!»), акторка Купалаўскага тэатру Марта Голубева, гімнастка Меліціна Станюта. Яны пасьля пацярпелі: Дзяніса Дудзінскага і Дзьмітрыя Кахно звольнілі з тэлеканалаў, зь Меліцінай Станютай скасавалі кантракт. Пазьней Дудзінскага і Кахно спачатку асудзілі на 10 дзён арышту, а потым аштрафавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У кожнага ёсьць свой пункт кіпеньня». Дзяніс Дудзінскі расказаў, чаму рызыкнуў кар’ерай у дзяржструктурах і заступіўся за краму Symbal.by

Пасьля выбараў беларусы таксама падтрымлівалі пацярпелых уладальнікаў крамаў і кавярняў.

Людзі за пару гадзін сабралі грошы на разьбітыя камандзірам ГУБАЗіКу Мікалаем Карпянковым шкляныя дзьверы кавярні O’Petit, а потым стаялі ў вялікіх чэргах па каву ў кавярню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску людзі ў цывільным білі дубінкамі людзей і разьбілі шыбы кавярні. МУС: Будзем разьбірацца 

Вялікая чарга на пачатку кастрычніка ўтварылася і ў краму «Первый цветной», заснавальніка якой Максіма Харошына сілавікі затрымалі і жорстка пабілі.

3. Звольненаму фэльчару зь Ліды Паўлу Палейчыку за 2 дні сабралі 20 тысяч рублёў

Фэльчар зь Ліды Павал Палейчык у красавіку выступіў у жывым эфіры блогера Сяргея Ціханоўскага. Ён расказаў, што мэдыкам, якія працуюць з хворымі на каранавірус, не хапае элемэнтарных сродкаў індывідуальнай засьцярогі. Пасьля гэтага яго жыцьцё кардынальна памянялася.

Фэльчара асудзілі на 7 сутак. На працы яму не працягнулі кантракт. А дома жонка ў дэкрэце і малое дзіця.

Павал Палейчык запусьціў краўдфандынгавую кампанію. Літаральна за 2 дні больш за 1440 неабыякавых беларусаў пералічылі Паўлу 20 360 рублёў, ягоны «заробак» за два гады, хоць ён плянаваў сабраць 2000. Павал падзякаваў усім, хто ахвяраваў грошы, і частку сродкаў пералічыў на дабрачыннасьць.

Амаль 5 месяцаў звольнены фэльчар ня мог працаўладкавацца па спэцыяльнасьці, разглядаў варыянты пераезду зь Ліды ў іншы горад. Нарэшце, 21 сьнежня яго ўзялі на працу ў прыватны мэдычны цэнтар, філіял якога ёсьць у Лідзе. Там Павал Палейчык займаецца зборам аналізаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэльчар зь Ліды, якога звольнілі пасьля крытыкі захадаў улады супраць каранавірусу, амаль 5 месяцаў шукаў новую працу

4. Валянтэрскі лягер каля ізалятара на Акрэсьціна працаваў 2 месяцы

Валянтэрскі лагер каля Акрэсьціна

Літаральна на наступны дзень пасьля выбараў і пачатку масавых затрыманьняў непадалёк ад будынку ЦІП на Акрэсьціна валянтэры разьбілі «мястэчка дапамогі». Тут два месяцы дапамагалі затрыманым, якіх вызвалялі, іхным родным і тым, хто вяртаўся ў ізалятар па асабістыя рэчы. Паілі гарбатай, кармілі. Валянтэры развозілі вызваленых па дамах. Тут можна было атрымаць бясплатную псыхалягічную і юрыдычную дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фотарэпартаж з валянтэрскага лягера на Акрэсьціна

Лягер працаваў два месяцы. на пачатку кастрычніка згарнуўся. «На валянтэраў апошнім часам аказваўся інфармацыйны ціск, ва ўмовах якога складана быць эфэктыўнымі. Мы прынялі рашэньне часова прыпыніць працу лягеру, каб правесьці ўнутраную працу сярод валянтэраў. На месцы ўсё яшчэ застаюцца дзяжурныя, — тлумачылі актывісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Многія працавалі са жніўня без выходных». Чаму не працуе лягер валянтэраў каля Акрэсьціна?

Хоць лягера няма, але валянтэрскія чаты, бот у тэлеграм-канале працягваюць працаваць. Дапамогу можна атрымаць празь іх. Валянтэры дапамагаюць сваякам шукаць сваіх блізкіх, паведамляюць пра час судоў і іх рашэньні, пра перавод затрыманых з адной установы ў другую і час вызваленьня, пра зьмяненьні ўмоваў перадач. Валянтэры працуюць і каля ізалятараў і турмаў у Жодзіне, Магілёве, Баранавічах, дзе адбываюць адміністрацыйныя арышты палітычныя.

5. Стварэньне дваравых міні-супольнасьцяў: беларусы сталі «сябраваць» дамамі, кварталамі, раёнамі

Выступ Свабоднага тэатру на дваравым канцэрце ў Менску

Масава пачалі стварацца тэлеграм-чаты двароў, мікрараёнаў — і ў Менску, і ў рэгіёнах. Зьявілася зробленая валянтэрамі мапа «Карысныя Telegram- і Viber-чаты ў Беларусі», дзе кожны можа лёгка знайсьці свой лякальны чат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дваровыя чаты: каму гэта патрэбна і чаму варта думаць пра бясьпеку

Спачатку мясцовыя жыхары стваралі тэлеграм-каналы для каардынацыі выхадаў на «ланцугі салідарнасьці». Пасьля — для супольных нядзельных выхадаў у цэнтар Менску на маршы. Людзі між сабой перазнаёміліся і пачалі рабіць штосьці для душы. Напрыклад, супольна зь дзецьмі глядзець мультфільмы ці запрашаць артыстаў з музычнымі выступамі. Апошнім часам ладзяць разам калядныя сьвяты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дваровы фармат павінен увайсьці ў кнігу рэкордаў». Акторы дзеляцца гісторыямі з дваровых выступаў

Жыхары Новай Баравой першымі пачалі вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі ў вокнах і на лёджыях, ладзіць імправізаваныя канцэрты. На прэзыдэнцкіх выбарах, нават паводле афіцыйных зьвестак, тут зь вялізным адрывам перамагла Сьвятлана Ціханоўская, жыхары масава ішлі ў назіральнікі. Калі ў мікрараёне Новая Баравая на 3 дні (з 15 па 17 лістапада) адключылі ваду, валянтэры, неабыякавыя беларусы падвозілі бутлі з вадой да пад’ездаў.

У тэлеграм-чат «Новая Боровая_помощь» літаральна ў першую гадзіну пасьля стварэньня далучыліся больш за 10 тысяч чалавек.

У жніўні ў Менску у двары каля Сморгаўскага тракту, 1 і вуліцы Чарвякова зьявілася так званая «плошча Перамен». Спачатку на сьцяне зрабілі мурал з дыджэямі, якія на праўладным перадвыбарчым мітынгу непадалёк, у Кіеўскім сквэры, паставілі кампазыцыю Віктара Цоя «Перамен!» Улады апантана змагаліся з муралам. За яго пацярпеў Сьцяпан Латыпаў, якога затрымалі 15 верасьня і завялі крымінальную справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) і дагэтуль трымаюць за кратамі.

11 лістапада 31-гадовы Раман Бандарэнка, які жыве на вуліцы Чарвякова побач з «плошчай Перамен», пабачыў у чаце, што «ціхары» чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі. «Я выходжу!» — напісаў ён. Яго пабілі ў двары і даставілі ў Цэнтральнае РУУС, а адтуль, ужо непрытомнага, — у лякарню хуткай дапамогі. Рамана праапэравалі, але ўвечары 12 лістапада ён памёр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр зьбіты Раман Бандарэнка. «Не забудзем, не даруем», — скандуюць на «плошчы Пераменаў»

На «плошчы Перамен» утварыўся мэмарыял Рамана Бандарэнкі. 15 лістапада сілавікі жорстка разагналі ўдзельнікаў «Маршу сьмелых», якія прыйшлі на «плошчу Перамен», разабралі мэмарыял. У той дзень у краіне схапілі больш за 1 тысячу чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы людзей выйшлі на акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі ў Менску і іншых гарадах. Больш за 1000 затрыманых. ФОТА і ВІДЭА

6. Фінансавая і маральная падтрымка: фонды By_help і BYSOL, замарожаны фонд падтрымкі былых сілавікоў Protect Belarus

Сёньня беларусам дапамагаюць некалькі ініцыятыў. Фонд BY_help сабраў звыш 4 млн даляраў для пацярпелых у пратэстах. 10 лістапада стала вядома пра блякаваньне на банкаўскіх рахунках сумаў, атрыманых пацярпелымі ад дзеяньняў сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія BY_help: «Выплаты пацярпелым працягнем, знойдзем іншыя варыянты»

На каардынатара By_help Аляксея Лявончыка ў Беларусі завялі крымінальную справу.

Фонд BYSOL дапамагае рабочым-страйкоўцам і тым, хто пазбавіўся працы за грамадзянскую пазыцыю. Фонду BYSOL удалося сабраць звыш 3 мільёнаў даляраў. Кіраўнік ініцыятывы Андрэй Стрыжак паведаміў, што яны задаволілі больш за 1030 заявак, выплацілі звыш 2,3 мільёна эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонды BY_help і BYSOL задаволілі ў суме больш за 4,8 тысяч заявак

Адмысловыя ініцыятывы працуюць з журналістамі, студэнтамі, дактарамі, культурнымі дзеячамі, былымі сілавікамі.

Улады жорстка рэагуюць на стварэньне фондаў падтрымкі. Кіраўнік PandaDoc Мікіта Мікада стварыў фонд Protect Belarus і прапанаваў сілавікам, якія звольніліся, фінансавую і юрыдычную дапамогу, а таксама аплату курсаў перакваліфікацыі. Чатырох супрацоўнікаў кампаніі PandaDoc затрымалі, і ў сярэдзіне верасьня Мікіда Мікада «замарозіў» гэты праект.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыром супрацоўнікам PandaDoc выставілі абвінавачаньне, аднак не канкрэтызавалі яго

7. «Ланцугі салідарнасьці», лісты падтрымкі, відэазвароты

Жаночы ланцуг салідарнасьці каля Камароўскага рынку ў Менску

12 жніўня 250 беларусак выйшлі ў белым адзеньні з кветкамі ў руках да Камароўскага рынку ў Менску і сталі ў «ланцуг».

«Перастаньце нас біць! Мы хочам проста правільнага падліку галасоў! Мы прыйшлі з адкрытымі рукамі, бяз зброі. Гэтаксама, як і іншыя мірныя пратэстоўцы. Гвалт ідзе толькі з аднаго боку»" — казалі ўдзельніцы акцыі.

У той жа дзень ад Пятроўшчыны да Малінаўкі ў «ланцуг салідарнасьці» сталі больш за 200 мэдыкаў. «Мэдыкі з народам», было напісана на іхных плякатах. Туды прыехаў тагачасны міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, які хацеў запрасіць іх пагутарыць у актавай залі мэдычнага ўнівэрсытэту. Мэдыкі адмовіліся, запатрабавалі размаўляць «тут і цяпер».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «ланцугу салідарнасьці» ад Пятроўшчыны да Малінаўкі стаялі больш за 200 мэдыкаў. ФОТА

З таго часу па ўсёй Беларусі людзі становяцца ўздоўж дарог у «ланцугі салідарнасьці» — з дактарамі, якіх саджаюць на «суткі», з адлічанымі студэнтамі, з палітзьняволенымі. Іх затрымліваюць, арыштоўваюць, але людзі працягваюць выходзіць.

7 лістапада каля 50 мэдыкаў затрымалі каля 1-га шпіталя — яны не пасьпелі нават сабрацца на акцыю пратэсту, як пачаўся «хапун». 10 лістапада мэдыцынскія работнікі Беларусі апублікавалі відэазварот «да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і чыноўнікаў усіх узроўняў» — «Як раней, ужо ня будзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як раней, ужо ня будзе». Мэдыкі запісалі відэазварот да сілавікоў і чыноўнікаў Беларусі

Выкладчыкі БДУ, БДУКІ, БДАМ ды іншых устаноў таксама запісалі відэазвароты супраць звальненьня калег, адлічэньня студэнтаў.

Дзясяткі людзей прыходзяць сустракаюць затрыманых на суткі спартоўцаў, лекараў, журналістаў. 20 сьнежня пасьля 42 дзён арышту сябры і калегі сустрэлі «Міс Беларусь-2008» Вольгу Хіжынкову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Хіжынкова выйшла на волю пасьля 42 дзён арышту. Яе знарок перавезьлі ў Жодзіна