Сёлета ў дварах ладзяць сапраўдныя тэатральныя выступы. Акторы расказалі пра сьмешныя і небясьпечныя сытуацыі і спэктаклі «пад прыцэлам».
«Калі што — сядаеце ў бусік, і вас звозяць»
Ад верасьня да пачатку лістапада Свабодны тэатар 20 разоў граў спэктакль «DerMagenFinDelMöön. Гісторыі Хармса» па творах Данііла Хармса. Актор Аляксей Сапрыкін кажа, што цікавых выпадкаў было вельмі шмат, але найбольш запомніўся першы выступ.
«Мы прыехалі і далучыліся да ўпрыгожваньня двара, там увогуле была цікавая праграма: спачатку футбольны матч, потым кава-гарбата, потым мы выступалі, і далей яшчэ нешта было. Адразу мне спадабалася, як жыхары падыходзілі да пытаньняў бясьпекі. Да нас падышоў хлопец і сказаў: «Вось, глядзіце, стаіць бусік, калі што — гэта ваш, адразу ў яго сядайце, і вас звозяць».
У адной з частак спэктакля Аляксей выступаў у стылізаваным касьцюме міліцыянта. Ад гэтага было не па сабе на першых выступах, хоць касьцюм, безумоўна, адрозьніваецца ад сапраўднай формы
«Гэта ўсё стылізацыя, калі паглядзець больш дэталёва. Але, канечне, ніхто ня будзе разглядаць, калі раптам госьці нязваныя прыйдуць на наш спэктакль. Таму давялося рабіць нейкія захады бясьпекі, і вось частку спэктакля даводзілася граць у форме, а далей яе хаваць, каб не сьвяціцца лішні раз. Бо ўсе мы разумеем, што рызыка ёсьць, і геройстваваць, ісьці на амбразуру з голымі рукамі — бессэнсоўна і бяздумна, па-мойму».
Думкі, што можа нехта прыехаць па актораў, былі адразу, кажа Аляксей. Нават здараліся моманты, калі людзі заўважалі ў натоўпе ціхароў, выкрывалі іх і праганялі. Але калі пачаліся масавыя затрыманьні артыстаў, пра бясьпеку акторы сталі задумвацца больш.
«На адным выступе давялося ратавацца ў кватэры жыхароў раёну, дзе мы выступалі. Бо, як далажыла іх унутраная выведка, нас ужо чакалі на выездах з двароў. І ўсе сцэнары затрыманьняў музыкаў, калі іх выхоплівалі з таксовак, з машын. Гэта неяк спакваля робіцца, як са сьпіны б’юць, такія мэтады нізкія, — кажа актор. — На шчасьце, у нас атрымалася ўсім празь некаторы час выехаць з гэтага раёну, і вялікі дзякуй жыхарам, якія арганізавалі выдатную спэцапэрацыю па нашым вызваленьні».
Жыхары раёнаў заўжды прымалі вельмі цёпла, і ледзь ня кожны двор адзначыўся сваімі цікавосткамі, кажа актор.
«Аднойчы, напрыклад, нас частавалі імянінным торцікам, на якім было напісана „Свабодны тэатар“. Было вельмі прыемна», — згадвае Аляксей.
Ён заўважае, што найбольш уразіла рэакцыя дзяцей. На клясычных паказах Свабоднага іх рэдка сустрэнеш, бо ў спэктаклях уздымаюцца складаныя і вострыя тэмы, бывае і нецэнзурная лексыка. У дваровым жа фармаце дзеці часам рабіліся непасрэднымі ўдзельнікамі, што стала адкрыцьцём для актора.
«Здаралася, дзеці абляплялі сцэну цалкам, атрымліваўся сапраўдны імэрсіўны спэктакль, таму што дзеці самі ўдзельнічалі ў ім, рэплікі давалі. Тут трэба разумець, што Хармс — гэта пісьменьнік, тэксты якога маюць такі абсурдны характар. Дзеці ж стараліся ў гэтым абсурдзе знайсьці рацыю. І ў іх, я думаю, у пэўных момантах атрымлівалася. Мяркую, мы змаглі знайсьці новыя формы прачытаньня тэксту з дапамогай такой бурлівай рэакцыі».
Свабодны выступаў у дварах бясплатна, але калі людзі ўсё ж зьбіралі грошы, то тэатар заклікаў перадаць іх у фонды, людзям, якім патрэбная дапамога.
«У адным з двароў арганізатары выступаў напісалі, што сабралі грошы на нашым спэктаклі і перадалі іх лекару, у якога згарэла хата ці кватэра, нешта адбылося. Дзякуючы нашаму прыезду дапамаглі чалавеку, якому гэтая дапамога была неабходная. Такім чынам ланцужок салідарнасьці працягнуўся», — кажа актор.
«Безумоўна, уся энэргія і агрэсія, якая назапашваецца падчас мірных пратэстаў, павінна трансфармавацца ў іншае рэчышча. Можа, гэтыя дваровыя сустрэчы і ёсьць частка сублімацыі, якая дапамагае людзям пазбавіцца ад розных эмоцый, кшталту роспачы, — разважае Аляксей Сапрыкін. — Вось пагулялі, сядзіш ты дома і думаеш: не атрымалася ў нас сёньня перамагчы, усё тлен. А тут выйшаў у двор з суседзямі, папіў гарбаты, паеў пячэнек, паглядзеў выступ тэатральны ці музычны, і ўжо, здаецца, настрой палепшыўся і сілы зьявіліся».
«Першае, што я ўбачыў — заходзіць міліцыянт і кажа: „Што, мерзьнеце?“»
Акторы Свабоднага паказалі яшчэ і спэктакль Рачнога тэатру «Цар-Цар» паводле народнай драмы «Цар Максіміліян». Паказвалі яго ў трох дворыках Менску і за горадам — у Прылуках.
«Больш за ўсё спадабалася энэргія, якая лунала ад нас да гледача і ад гледача да нас. Напрыклад, калі ў Малінаўцы дзеці абляпілі шафу для батлейкі так, што практычна самі гулялі лялькамі, літаральна дакранаючыся да іх», — кажа актор Андрэй Уразаў.
Першапачаткова спэктакль задумваўся як вулічны і паказваўся на плыце Рачнога тэатру.
Падчас выступаў у дварах здараліся небясьпечныя моманты. У Прылуках, акурат пасьля спэктакля, актораў ледзь не затрымалі. Прыехалі два бусы і міліцэйская машына.
«Мы скончылі граць спэктакль, зайшлі за шафу зь лялькамі і пераапраналіся. Першае, што я ўбачыў: заходзіць міліцыянт і кажа: „Што, мерзьнеце?“. Пабылі яны з намі хвілін 20–25, папалохалі, пачапляліся, што мы робім, што мы тут п’ем, перапісалі чатырох хлопцаў, якія найбольш актыўна размаўлялі, і звалілі. Быццам бы праверку рабілі, але выглядала гэта нахабна, сапсавалі сьвята, груба кажучы. Трызьненьне поўнае», — згадвае Андрэй.
Ён кажа, што больш хвалюецца за зрыў мерапрыемства, чым за сябе.
«Мне заўсёды страшна, і я перажываю за шафу для лялек, у якой іграецца спэктакль, таму што гэта аўтэнтычная, ручная праца майго сябра, копія батлейкі 19-га стагодзьдзя. Я вельмі яе шаную, і калі будзе жорсткі захоп, я проста не пасьпею яе ўратаваць. Зразумела, што шмат людзей, не пакінуць яе без прытулку, але ўсё роўна перажываю».
Нягледзячы на сапраўднае задавальненьне ад выступаў, цяпер выступаць вельмі холадна, кажа актор, ёсьць рызыка сарваць голас.
«Бывае, настрою няма, такі інфармацыйны ціск, праца ня праца, але ты прыяжджаеш і на ўсё забываесься, таму што вельмі-вельмі пазытыўна, па-добраму, клясна. У ніводным дворыку я ня бачыў хоць кроплі нэгатыву ці якой-небудзь непрыемнай атмасфэры, — кажа актор. — Бываюць нейкія сарамлівыя моманты, бывае людзей няшмат, але так ці інакш усё з зарадам пазытыву і дабрыні, наогул выдатна. Але, абʼектыўна, выступаць холадна, плюс другая хваля кароны, і гэта можа быць небясьпечна».
«Пасьля перамогі мы вальнем батлейку на плошчы Незалежнасьці, — плянуе Андрэй Уразаў. — Нарэшце яна будзе называцца па-сапраўднаму — Незалежнасьці, гэта было б выдатна. Спадзяюся, што і дваровыя канцэрты ня зьнікнуць, і можна будзе ў любым дворыку прыйсьці, зайграць без усялякіх дазволаў музыкам, артыстам. Фішка дваровых тусовак у тым, што гэта вельмі просты абмен паміж рознымі пластамі людзей у сацыяльным, матэрыяльным пляне, і самае галоўнае — у духоўным і культурным».
«У двары людзі з абсалютна адкрытымі сэрцамі»
Акторка Дар’я Новік пасьпела выступіць у чатырох менскіх дварах. Было б больш, але пастаянна ўзьнікаў шэраг праблем «са зразумелых прычын».
«Кожны раз адчуваньні былі розныя, і вельмі зьмешаныя. Ад страху да неверагоднай любові і захапленьня ад нас усіх! Ва ўсіх раёнах было вельмі душэўна і цёпла. Выступаючы ў дварах, я зразумела для сябе, што тут і цяпер фармуецца новае грамадзтва са сваёй культурай, звычаямі і інтарэсамі! Гэта новая Беларусь. І я лічу, што толькі ў такім новым выглядзе Беларусь мае магчымасьць існаваць далей», — кажа Дар’я.
Аднойчы падчас імпрэзы па раёне езьдзіў бус. Дар’я кажа, што было страшна, але ўсё абышлося: жыхары раёну адстаялі акторку і яе калегаў, а пасьля праводзілі дадому.
«У беларусаў пачуцьцё страху крыху прытупілася. Трохі страшна было толькі першы раз, а потым я ўжо не баялася. А сэнс? — сьмяецца акторка. — Цяпер могуць арыштаваць у любы час і ў любым месцы».
Цікавых выпадкаў было шмат, кажа Дар’я. Напрыклад, адзін двор запрасіў выступаць у сталовай.
«Выступы ў дварах асабіста для мяне адрозьніваюцца вельмі моцнай падтрымкай з боку гледача. Калі ў тэатар глядач прыходзіць з пэўнымі негалоснымі патрабаваньнямі, то ў двары людзі з абсалютна адкрытымі сэрцамі, гатовымі падтрымаць цябе, нават калі ты нешта зробіш ня так. Гэта ні ў якім разе не расслабляе — наадварот, дае стымул працаваць на мяжы сваіх магчымасьцяў».
Дар’я кажа, што пасьля перамогі павінна быць новае сьвята, магчыма, «Дзень яднаньня» ці «Дзень салідарнасьці» — усе людзі будуць зьбірацца ў сваіх дварах, піць гарбату, сьпяваць песьні, размаўляць і танцаваць.
«Кансалідацыя важная цяпер на кожным узроўні. І яна ёсьць, — кажа Дар’я Новік. — Тое, што адбываецца цяпер у дварах, у раёнах, — гэта цуд. Калі б мне расказалі пару гадоў таму, я б не паверыла! Мне наогул здаецца, што гэты дваровы фармат павінен увайсьці ў якую-небудзь кнігу рэкордаў, таму што мы першаадкрывальнікі. Такога, калі я не памыляюся, няма і не было нідзе».