Валянтэры спынілі працу намётавага мястэчка каля ізалятара часовага ўтрыманьня, што ў завулку Акрэсьціна, і прыбралі намёты.
«Наш лягер не працуе, усё сабралі і зьвезьлі на дадзены момант. Частку правіянту плянавалі аддаць у Баранавічы», — сказала Свабодзе валянтэрка Алена.
Калі адновіцца лягер, пакуль невядома. «Усё залежыць ад сытуацыі і магчымасьці людзей. Наяўнасьць лягера не абумоўлівае нашу працу ў цэлым», — дадала яна.
Хоць лягера няма, але валянтэрскія чаты, бот у тэлеграм-канале працягваюць працаваць. Дапамогу можна атрымаць празь іх. Валянтэры дапамагаюць сваякам шукаць сваіх блізкіх, паведамляюць пра час судоў і іх рашэньні, пра перавод затрыманых з адной установы ў іншую і час вызваленьня, пра зьмяненьні ўмоваў перадач.
«Валянтэры стаміліся. Многія працавалі са жніўня без выходных. Мы ўзялі паўзу для адпачынку, перанастройкі каманды і павышэньня эфэктыўнасьці», — сказала Алена.
У распаўсюджаным у чаце паведамленьні гаворыцца, што «ядро валянтэраў і яго актыў на момант маршу пакінулі навакольле Акрэсьціна».
«На валянтэраў апошнім часам аказваўся інфармацыйны ціск, ва ўмовах якога складана быць эфэктыўнымі. Мы прынялі рашэньне часова прыпыніць працу лягера, каб правесьці ўнутраную працу сярод валянтэраў. На месцы ўсё яшчэ застаюцца дзяжурныя, — гаворыцца ў паведамленьні. — Пакінутыя рэчы валянтэраў каля Акрэсьціна на час маршу ў цэласьці і захаванасьці. Нічога не прапала, дзякуй за беражлівыя адносіны. Нягледзячы на чуткі, марадэрства не было».
Валянтэры паведамляюць таксама, што яны працягваюць працу ў Жодзіне: як і раней, складаюць сьпісы, дапамагаюць даставіць вызваленых са сьледчага ізалятара дадому і зрабіць перадачы для тых, хто застаецца ў зьняволеньні.
Гэтак жа працуе група валянтэраў у Баранавічах.
Паводле Алены, валянтэрскі рух утварыўся стыхійна, і колькасьць валянтэраў цяжка падлічыць — іх шмат.