Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хапае на амапаўскія балаклавы — мусіць хапаць і на мэдычныя маскі». BYCOVID не перазапусьцяць з прыходам другой хвалі пандэміі


Андрэй Стрыжак (справа) — адзін з сузаснавальнікаў BYCOVID19. Каб застацца на свабодзе, ён зьехаў за мяжу
Андрэй Стрыжак (справа) — адзін з сузаснавальнікаў BYCOVID19. Каб застацца на свабодзе, ён зьехаў за мяжу

Валянтэрская кампанія BYCOVID19, якая дапамагала мэдыкам падчас першай хвалі пандэміі каранавірусу, заявіла, што ня будзе перазапускаць праект з прыходам другой хвалі пандэміі каранавірусу.

Валянтэры патлумачылі, чаму ўзаемадзеяньне зь дзяржавай гэтым разам немагчымае.

  • Улады заблякавалі пляцоўку MolaMola, на якой людзі зьбіралі грошы для мэдыкаў. Яе заснавальніка Эдуарда Бабарыку зьняволілі. Цяпер у Беларусі няма як зладзіць зручны і празрысты збор сродкаў.
  • Сузаснавальнікі BYCOVID19 Андрэй Стрыжак і Андрэй Ткачоў зьехалі з краіны ад перасьледу ўладаў.

«Дзяржаве было б някепска вызначыцца з прыярытэтамі, — гаворыцца ў допісе BYCOVID19. — Калі хапае на вадамёты і сыстэмы „Барʼер“, то мусіць хапаць грошай і на ШВЛ і кіслародныя канцэтратары. Калі хапае рэсурсу надзець балаклаву ці маску на кожнага сілавіка, значыць, ёсьць грошы на мэдычныя маскі і рэсьпіратары. Калі хапае грошай аплачваць шматмесячныя дзяжурствы соцень амапаўцаў — значыць, хапае на аплату і звышаплату працы патрэбнай колькасьці мэдработнікаў».

Да таго ж вясной быў дэфіцыт масак і рэсьпіратараў. Цяпер жа на іх «проста трэба выдзяліць бюджэт».

«Мы ўпэўненыя, што грамадзтва ўсяляк падтрымае мэдыкаў, якія будуць патрабаваць, каб адміністрацыі забясьпечвалі патрэбныя ўмовы працы, належную абарону і сумленную інфармацыю для грамадзтва. У тым ліку пра сьмяротнасьць і рэальны ўзровень хворнасьці», — зазначылі валянтэры BYCOVID19.

Валянтэрская ініцыятыва дапамогі мэдыкам #ByCovid19 за 80 дзён працы перадала шпіталям 428 078 сродкаў абароны і 1421 адзінак апаратуры, было сабрана $335 000 на дапамогу ў барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG