Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску людзі ў цывільным білі дубінкамі людзей і разьбілі шыбы кавярні. МУС: Будзем разьбірацца 

абноўлена

Людзі ў масках пасьля таго, як яны разьбілі шкляныя дзьверы ў кавярні ў раёне Нямігі
Людзі ў масках пасьля таго, як яны разьбілі шкляныя дзьверы ў кавярні ў раёне Нямігі

На праспэкце Пераможцаў, Нямізе ды іншых вуліцах Менску зьявіліся людзі ў цывільным, якія білі пратэстоўцаў. Яны хадзілі ў бронекамізэльках і ўзброеныя дубінкамі.

Як можна бачыць у відэа Tut.by, гэтыя неідэнтыфікаваныя асобы з дубінкамі кідаліся на людзей, затрымлівалі і жорстка білі ўсіх без разбору. Калі частка мітынгоўцаў схавалася ў кавярні O'Petit і гаспадары замкнулі дзьверы, цывільныя з дубінкамі выбілі шкляныя дзьверы, выцягнулі людзей на вуліцу і затрымалі.

На фота і відэа нападу на кавярню заўважылі чалавека, вельмі падобнага да начальніка Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС Мікалая Карпянкова. Менавіта чалавек у кепцы з надпісам «МВД» і пачаў біць шкляныя дзьверы.

Рэакцыя МУС

Прэсавая сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава сказала Свабодзе, што дакладная лічба затрыманых у Менску і па Беларусі на гэты момант невядомая.

«Несанкцыянаваная акцыя яшчэ працягваецца, інфармацыя будзе заўтра раніцай», — дадала яна.

А наконт невядомых у масках, якія дубінкамі білі шыбы ў кавярні на Нямізе, адзначыла, што ня ведае, хто гэта быў. «Будзем разьбірацца», — скончыла прадстаўніца ведамства.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці гэта Мікалай Карпянкоў біў шкляныя дзьверы ў кавярні, Чамаданава сказала, што «ні пацьвердзіць, ні абвергнуць» гэтага пакуль ня можа.

Пазьней Чамаданава гэтак пракамэнтавала для Onliner інцыдэнт з разьбітым шклом у O'Petit: «Супрацоўнікі міліцыі перасьледавалі актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства (менш за дзесяць чалавек), якія іх правакавалі, а потым паспрабавалі схавацца ў кавярні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG