Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваровыя чаты: каму гэта патрэбна і чаму варта думаць пра бясьпеку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Апошнімі днямі масава пачалі стварацца тэлеграм-чаты па дварах, мікрараёнах — і ў Менску, і ў рэгіёнах. Зьявілася мапа, якую зрабілі валянтэры, дзе кожны можа лёгка знайсьці свой лякальны чат.

Пагаварылі з грамадзкім актывістам і юрыстамі, навошта такія чаты патрэбныя, а таксама пашукалі «падводныя камяні» — наколькі бясьпечна ўдзельнічаць у такіх чатах.

Мапа «Карысныя Telegram і Viber чаты ў Беларусі» — не першакрыніца стварэньня лякальных чатаў, гэта выклік на іх стварэньне, лічыць грамадзкі актывіст Дзяніс Кобрусеў.

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

«Некалькі гадоў таму пачалі стварацца чаты ў вайбэры. Не магу сказаць, што гэта было масава. Чаты ствараліся пад пэўныя лякальныя праблемы: горадабудаўнічыя, да прыкладу, калі раёну пагражала ўшчыльненьне забудовы. Ствараліся такія чаты ў Салігорску, у Менску на вуліцы Мірашнічэнкі, калі плянавалася будаўніцтва побач з Курапатамі. З аднаго боку, гэта было зручна, каб апэратыўна зьвязацца і вырашыць праблему. З другога боку, часьцяком гэтыя чаты ператвараліся ў такі „міжсабойчык“ з флудам, спамам, дзе было шмат эмоцый і мала інфармацыі.

Зараз чаты ствараюцца ў асноўным у Тэлеграме, які дае магчымасьць захаваць бясьпеку, схаваць імёны. Да таго ж, калі ўсё блякуецца, няма інтэрнэту, доступу да сайтаў, Тэлеграм становіцца сродкам атрыманьня інфармацыі», — так тлумачыць зручнасьць і папулярнасьць зьяўленьня раённых чатаў Дзяніс Кобрусеў.

«У ідэале павінны быць жорсткія патрабаваньні да мадэратараў чату»

У кожным чаце ёсьць уладальнік, які яго стварыў, ён можа прызначыць адміністратара чату. Усё залежыць ад культуры — як адмін ставіцца да сваёй працы, ці вытрымліваюцца правілы.

«У ідэале павінны быць жорсткія патрабаваньні да мадэратараў: выдаляецца ўсё, што ня тычыцца рэгіёну, таго, для чаго гэты чат быў створаны. Пры парушэньнях карыстальнікі павінны блякавацца, інфармацыя не па тэме — прыбірацца. Бо дваравы, мікрараённы чат патрэбны для каардынацыі, абмену інфармацыяй.

Здараецца, што бракуе часу, альбо няма разуменьня пра мадэрацыю і адміністраваньне, і тады чаты могуць ператварыцца ў малакарысную «флудзілку», — разважае Дзяніс Кобрусеў.

На думку грамадзкага актывіста, зараз адбылася палітызацыя грамадзтва, і любы чат, які раней ствараўся пад абмеркаваньне зусім іншых праблем (да прыкладу, забудовы і камунальных праблем у Новай Баравой), становіцца палітызаваным. Многія абмяркоўваюць там палітыку, працягвае грамадзкі актывіст.

«Калі пачалася кампанія па адкліканьні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ініцыятары імгненна зьбіралі неабходную колькасьць подпісаў для адкліканьня. Таму чаты — хуткая і зручная форма камунікацыі», — кажа Дзяніс Кобрусеў.

У чаце «Новая Баравая 98%», да прыкладу, ідзе збор подпісаў пад зваротам у Міжнародны крымінальны суд, што ў Гаазе, па фактах празьмернага гвалту і катаваньняў у Беларусі. Ёсьць заклікі дапамагчы суседзям, якіх затрымалі і аштрафавалі. Ёсьць інфармацыя пра «гастралёраў», якія прыяжджалі ў мікрараён з прапагандысцкім аўтапрабегам пад чырвона-зялёнымі сьцягамі — жыхары апублікавалі зьвесткі пра ўладальнікаў машын. Разьмешчаны карысныя тлумачэньні па бясьпецы, як трапіць у закрытую групу.

«Ва ўсіх чатах сядзяць і супрацоўнікі праваахоўных органаў»

У мінулыя выходныя, да прыкладу, шмат у якіх дваровых і мікрараёнаўскіх чатах людзі абмяркоўвалі месца і час збору, каб вялікай калёнай рушыць на акцыі ў цэнтар гораду. Аднак гэта вельмі небясьпечна.

«Я адназначна магу сказаць, што ва ўсіх чатах, якія ствараюцца, сядзяць і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія адсочваюць сытуацыю. Толькі людзі абвясьцілі недзе збор, сабраліся — а іх там іх ужо чакаюць.

Ёсьць прыклады, калі затрымлівалі людзей, абвінавачвалі іх у арганізацыі масавых беспарадкаў, і таксама паказвалі скрыны з чатаў. Гэта адбываецца, калі людзі пішуць пад сапраўднымі імёнамі, калі пазначаны тэлефон. Да прыкладу, у наладках Telegram можна схаваць нумар тэлефона. Некаторыя мяняюць нікнэймы літаральна кожныя два-тры дні. Неабходна думаць пра сваю бясьпеку ў такіх чатах», — раіць Дзяніс Кобрусеў.

Ці можа перапіска ў чатах стаць падставай для завядзеньня адміністрацыйнай ці крымінальнай справы?

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч тлумачыць, што чат — гэта своеасаблівая публічная прастора.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч

«Таму ўсё залежыць ад таго, што там абмяркоўваецца і выказваецца. Вядома, у дваровых чатах могуць быць заклікі, якія могуць трактавацца праваахоўнымі органамі як заклік да дзеяньня. Ды прыкладу, зь перапіскі зразумела, што людзі зьбіраюцца ісьці на несанкцыянаванае мерапрыемства, калі яны пішуць пра канкрэтны час збору, маршрут. Ну, а калі людзі абмяркоўваюць, да прыкладу, кактэйлі Молатава, гэта можна трактавацца як намер да гвалтоўных дзеяньняў, гэта іншы фармат. Усё залежыць ад канкрэтнай размовы, якую вядуць людзі ў чаце.

І наагул, калі ў краіне законнасьць — ня права як такое, а законнасьць — абсалютна скончылася, то цяжка штосьці трактаваць з пункту гледжаньня юрыспрудэнцыі. У нашай дзяржаве праваахоўнікі могуць усё трактаваць, як ім захочацца», — кажа юрыст Уладзімер Лабковіч.

Адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна выказалася яшчэ больш радыкальна. Яна кажа, што калі людзі абмяркоўваюць час і месца збору, каб разам ісьці на шэсьце, гэта можа пагражаць ня проста выклікам на размову ў міліцыю ці адміністрацыйнай справай.

Марыя Колесава-Гудзіліна
Марыя Колесава-Гудзіліна

«Я вам больш скажу: гэта можа стаць падставай для крымінальнай справы. Вы можаце напісаць: я пайду гуляць у такі час. А калі чалавек піша, што ідзе на нейкае мерапрыемства, якое яўна несанкцыянаванае з пункту гледжаньня заканадаўства (адзначаю: менавіта з пункту гледжаньня заканадаўства) — то тады будзь гатовы адказваць», — тлумачыць адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG