«Хацеў бы ведаць, каму яна пайшла». Ачунялы ад COVID-19 расказаў у дэталях, як здаваў плязму

Донар плязмы Ільля Вайстраценка.

33-гадовы мянчук Ільля Вайстраценка праз два тыдні пасьля выпіскі са шпіталя здаў плязму, каб дапамагчы іншым хворым на каранавірус. Атрыманыя за донарства грошы ахвяруе на праекты дапамогі, зьвязаныя з COVID-19. Ільля ў дэталях расказаў Свабодзе, як адбываецца здача плязмы, і падзяліўся фатаздымкамі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Ільля Вайстраценка 33 дні хварэў на каранавірусную інфэкцыю — больш за тыдзень дома, 25 дзён у шпіталях. 8 траўня яго выпісалі са шпіталя, а праз два тыдні ён пайшоў здаваць плязму ў РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «COVID-дысыдэнты ня вераць у сур’ёзнасьць праблемы, пакуль яна іх не накрые». Мянчук апісаў у дзёньніку, як 33 дні хварэў на каранавірус

— Калі ляжаў у шпіталі, прыняў гэтае рашэньне — здаць плязму. Я шмат тады чытаў у сацсетках заклікаў дапамагчы з плязмай. Хацеў адразу здаць, але пасьля выпіскі трэба чакаць як мінімум два тыдні, каб чалавек ня быў аслаблены. Ёсьць яшчэ ўмовы для донарства — узрост ад 18 да 65 гадоў і ня менш за 50 кіляграмаў вагі ў донара. Усім гэтым умовам я адпавядаў.

Ільля Вайстраценка

Сама працэдура донарства ў РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій заняла некалькі гадзін. Паколькі Ільля раней ня быў донарам, яму завялі картку, і ён здаў шэраг аналізаў.

— З вынікамі аналізаў пайшоў да дырэктара РНПЦ, які прымае канчатковае рашэньне, ці магу я здаць плязму. У той дзень разам са мной жанчына ў чарзе была, якая перахварэла на каранавірусную інфэкцыю, але ў яе, як высьветлілася, паказьнікі гемаглябіну не адпавядалі норме, і яна не змагла стаць донарам плязмы.

У калідоры РНПЦ

Ільля кажа, што, акрамя жаданьня дапамагчы іншым хворым на каранавірус, у яго быў і «спартовы інтарэс» — такім чынам можна было даведацца пра антыцелы.

— Я знайшоў шмат супярэчлівай інфармацыі ў сеціве пра антыцелы на COVID-19. Я хацеў даведацца, ці ёсьць у мяне антыцелы, ці актыўныя яны. Вынік аналізу паказаў, што ў мяне ў крыві актыўныя антыцелы да каранавіруснай інфэкцыі.


Ільлю Вайстраценку папярэдзілі, што перад здачай плязмы сьняданак павінен быць лёгкі, забаронена ўсё, што павялічвае цукар у крыві. А вось пасьля працэдуры якраз салодкага вельмі хочацца.

Харчовы паёк для донара

— Заняло ўсё каля 30 хвілін. Мне было вельмі камфортна, толькі хваляваўся крыху, што можа быць слабасьць, калі шмат крыві выйдзе. Але адчуваў я сябе нармальна, толькі пры канцы працэдуры крыху анямеў язык. Разам са мной здаваў плязму мужчына, дык ён трошкі панікаваў, казаў, што дрэнна адчуваў сябе падчас забору, вадзічкі прасіў. За ім больш уважліва сачылі.

Зь вены бяруць кроў, і апарат аддзяляе плязму. Гэтая працэдура робіцца цыклямі — крыху забралі крыві, адабралі плязму, кроў назад вярнулі зь фізрастворам, потым ізноў забралі, сцадзілі плязму і вярнулі кроў. За адзін заход узяць 600 мілілітраў было б нялёгка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 50 беларусаў атрымалі плязму крыві ад тых, хто перахварэў COVID-19 

За 600 мілілітраў плязмы донару плацяць 155 рублёў 45 капеек. Гэтыя грошы Ільля хоча ахвяраваць на шэраг праектаў дапамогі ў барацьбе з COVID-19.

— Я хацеў бы ведаць, каму мая плязма пайшла. Запытаўся, ці можна даведацца. Мне сказалі, што такой функцыі няма. Пры гэтым сказалі, што вельмі вялікая імавернасьць, што мая плязма спатрэбіцца. У РНПЦ была вельмі добразычлівая атмасфэра. Дактары былі вельмі мне ўдзячныя, казалі, што будуць тэлефанаваць і пытацца пра самаадчуваньне, яшчэ запросяць стаць донарам.

У той дзень, калі я наведаў РНПЦ, як мне сказалі мэдсёстры, плазму на анты-COVID-19 здалі каля 7–8 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачуў пра парад і сьмерць сьвятара і вырашыў дапамагаць людзям». Як і хто здае плязму для людзей з COVID-19

* * *

Дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій Фёдар Карпенка раней казаў у інтэрвію Свабодзе:

Дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій Фёдар Карпенка

— У плязьме чалавека, які перахварэў, могуць быць антыцелы (імунаглябуліны) супраць вірусу SARS-CoV-2, які зьяўляецца ўзбуджальнікам захворваньня COVID-19. То бок у людзей, якія перахварэлі, выпрацоўваюцца спэцыфічныя імунныя антыцелы. Яны дазваляюць фагацытам, макрафагам мэтанакіравана працаваць зь віруснымі часьцінкамі. Яны распазнаюцца як чужародныя, але ж, так бы мовіць, вірус у клеткі пранікае, ён падманвае імунную сыстэму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне бянтэжыць пошук праз сацсеткі». Распыталі ў экспэрта, як лячыць пераліваньнем плязмы пацыентаў з COVID-19

Прынцып амаль такі самы, як пры вакцынацыі. Толькі пры вакцынацыі антыцелы ў чалавека захоўваюцца даволі працяглы пэрыяд, а калі чалавеку пералілі чужыя антыцелы, працягласьць іх жыцьця — тыдні 2-3.

Антыцелы дастаткова складаная структура. Па сутнасьці, яна кіруе, каб фагацыты, макрафагі працавалі зь вірусамі, простымі словамі — каб разбуралі гэтыя вірусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ пракамэнтавала эфэктыўнасьць пераліваньня плязмы

Мэтад лячэньня плязмай — дадатковы да асноўнага лячэньня. Пераліваньне рэканвалесцэнтнай плязмы лічыцца эфэктыўным экспэрымэнтальным лячэньнем. Вынікі яго апублікаваныя ў навуковых артыкулах, але дасьледаваньні яшчэ не завершаныя. Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, ёсьць доказы таго, што рэканвалесцэнтная плязма дапамагла пацыентам з гемарагічнай ліхаманкай Эбола, вірусамі грыпу H1N1, MERS, SARS-1 і іншымі інфэкцыямі.

Раньнія дасьледаваньні выкарыстаньня рэканвалесцэнтнай плязмы для COVID-19 у Кітаі, ЗША, краінах Эўразьвязу паказваюць, што гэта бясьпечная і эфэктыўная тэрапія, якая зьмяншае працягласьць і цяжкасьць COVID-19.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ