Першыя 15 чалавек, якія перахварэлі на COVID-19, ужо сталі донарамі плязмы. Яна дапаможа лячыць тых хворых з каранавірусам, якія цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Такую мэтодыку дапамогі пацыентам у цяжкім стане цяпер укараняюць спэцыялісты беларускага РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій.
Раней першыя 6 чалавек здалі сваю плязму ў Менску, а 21 красавіка беларусы, якія перахварэлі на COVID-19 , здаюць плязму з антыцеламі да каранавірусу на абласной станцыі пераліваньня крыві ў Віцебску.
У Менску забор імуннай плязмы будуць праводзіць і ў цэнтры трансфузіялёгіі на базе 6-й гарадзкой клінічнай лякарні. Таксама ў найбліжэйшыя дні працэдуру плянуюць пачаць праводзіць і ўсе абласныя цэнтры трансфузіялёгіі.
Міністэрства аховы здароўя заклікае ўсіх, хто паправіўся пасьля каранавірусу, стаць донарам і «дапамагчы лекарам выратаваць тых, хто цяжэй пераносіць гэта захворваньне», гаворыцца ў паведамленьні.
Як гэта працуе? Калі чалавек ужо перахварэў на каранавірус, яго плязма зьмяшчае антыцелы супраць дадзенага вірусу. Калі ў кроў хворага ўводзяць спэцыфічныя антыцелы супраць пэўнага каранавірусу, яны павінны запускаць сыстэму імунітэту на нэўтралізацыю вірусу, што можа дапамагчы акрыяць пацыентам, якія цяжка пераносяць хваробу.
Наколькі гэта эфэктыўна? Пакуль пра гэта цяжка казаць, бо такі мэтад лячэньня толькі пачалі выпрабоўваць. У прыватнасьці, у ЗША, Расеі, Кітаі пачалі прымяняць яго і спрабуюць ацаніць ягоную эфэктыўнасьць. Ёсьць зьвесткі пра выпадкі ачуньваньня пацыентаў: у прыватнасьці, сёньня зьявілася паведамленьне. што ў Маскве трое пацыентаў з каранавірусам ачунялі пасьля пераліваньня плязмы.
У РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій да такога спосабу лячэньня пачалі рыхтавацца месяц таму. Тады ўсе нюансы мэдыкі ўзгаднілі з Сусьветнай арганізацыяй здароўя і атрымалі дазвол на экспэрымэнтальны і дасьледчы мэтад.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ