У Беларусі працэдура пераліваньня плязмы крыві для хворых каранавірусам праведзена больш як паўсотні пацыентам.
Як расказаў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» асыстэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту Дзьмітры Літвінчук, колькасьць уратаваных людзей расьце.
«На гэты момант больш за 50 чалавек атрымалі плязму ад тых, хто ўжо перахварэў», — пацьвердзіў адмыслоўца.
Лекар-інфэкцыяніст зьвярнуў увагу, што, згодна зь міжнароднымі дасьледаваньнямі, працэдура пераліваньня плязмы крыві зьяўляецца дастаткова эфэктыўнай. У станоўчых выніках ужо пераканаліся і ў Беларусі.
Папраўдзе, эфэктыўнасьць пераліваньня плязмы тых, хто перахварэў на COVID-19, пакуль толькі дасьледуецца, але не даказаная. У інструкцыі Міністэрства аховы здароўя аб магчымых шляхах лячэньня COVID-19 пераліваньне плязмы ня згадваецца.