33-гадовы мянчук Ільля Вайстраценка 33 дні хварэў на каранавірусную інфэкцыю — больш за тыдзень дома, 25 дзён у шпіталях. Некалькі дзён таму яго выпісалі — з адмоўным тэстам на каранавірус, але ўсё яшчэ з двухбаковым запаленьнем лёгкіх.
Ільля вёў дзёньнік і дэталёва дакумэнтаваў усе, што зь ім адбывалася падчас хваробы з 5 красавіка да 8 траўня — дома, у 2 і 3 шпіталях Менску, у Рэспубліканскім шпіталі мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне. Са Свабодай ён падзяліўся сваім досьведам змаганьня з каранавірусам. Ільля заклікае COVID-дысыдэнтаў ставіцца да гэтай пагрозы сурʼёзна і дзякуе дактарам за гераічную працу на «каранавірусным канвэеры».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Да хваробы я таксама быў легкадумны»
Ільля Вайстраценка дагэтуль ня ведае, дзе ён мог заразіцца каранавірусам. Сябе ён называе няўседлівым, шмат падарожнічаў, і ягоная праца інжынэра была зьвязаная з частымі камандзіроўкамі. У лютым Ільля быў у Эквадоры, але першыя сымптомы хваробы зьявіліся празь месяц пасьля вяртаньня, да таго ж ніхто зь ягоных спадарожнікаў не захварэў.
— Дакладна ня ведаю, колькі часу павінна прайсьці ад таго моманту, як я падчапіў каранавірус, да моманту, калі пачалі праяўляцца першыя сымптомы. Я актыўны чалавек. Хадзіў на працу, у царкву, карыстаўся грамадзкім транспартам. Напачатку я ня ставіўся да пагрозы вельмі сурʼёзна. Калі вярнуўся з Эквадору, запрасіў да сябе сяброў і калегаў, каб расказаць пра падарожжа. Мае сябры ў Італіі, як даведаліся, напісалі адразу, што я з глузду зьехаў: «У нас тут тысячы сьмерцяў, а ты людзей зьбіраеш. Гэта сурʼёзна, не жартуйце».
А ў нас толькі ўсё пачыналася. Я італьянскім сябрам казаў, што мы тут штодня ў небясьпецы — у грамадзкім транспарце, на працы — у многіх няма магчымасьці застацца дома і працаваць дыстанцыйна. Не зьбяромся сёньня пагаварыць пра Эквадор, дык заўтра з калегамі на працы будзем абмяркоўваць праекты. Мы ставіліся даволі спакойна, хоць нас папярэджвалі.
Цяпер, выйшаўшы са шпіталя пасьля працяглай хваробы, Ільля зьдзіўляецца, калі бачыць людзей бяз масак, нават у паліклініцы.
— У панядзелак я быў у сваёй паліклініцы, дзе мне падоўжылі бальнічны яшчэ на тыдзень, і пабачыў шмат людзей бяз масак, якія прыходзяць да лекара, сядзяць у калідоры сярод шматлікіх іншых захварэлых людзей. Гэта тая катэгорыя людзей, якія не ўсьвядомяць усю сурʼёзнасьць сытуацыі, пакуль самі не сутыкнуцца з праблемай ці пакуль не захварэюць іх родныя. Са мной у шпіталі ляжаў такі дзядзька, які спачатку ня верыў у пагрозу, але як толькі сам апынуўся на бальнічным ложку, то пачаў тэлефанаваць усім сваім родным і казаць, каб хадзілі ў масцы паўсюль, нават на вуліцы не здымай маску. Хоць я лічу, што гэта ўжо занадта. Навошта на вуліцы быць у масцы? Лепш дыхаць сьвежым паветрам. У мяне была легкадумнасьць да хваробы, хоць я і імкнуўся езьдзіць на ровары, заўсёды меў з сабой антысэптык.
«Выпісваюць з пнэўманіяй пасьля двух адмоўных тэстаў на каранавірус»
Пасьля 33 дзён змаганьня з каранавірусам у Ільлі ўсё яшчэ дыягнастуецца двухбаковая пнэўманія.
— Шпіталі гатовыя выпісваць пацыента з такім дыягназам. Яны чакаюць моманту, калі будзе два адмоўныя тэсты запар на каранавірус. Калі яны пераконваюцца, што ўзбуджальніка гэтай пнэўманіі ўжо няма і ідзе працэс аднаўленьня, тады і выпісваюць. Цяпер усё залежыць ад мяне, ад маёй адказнасьці — трэба рабіць дыхальныя практыкаваньні, піць больш гарачага і імкнуцца не падхапіць новыя вірусы ці бактэрыі (пнэўманія бывае яшчэ і бактэрыяльная). Калі я бываю ў краме, то заўсёды ў масцы, бо існуе нейкая верагоднасьць падхапіць вірус, што для мяне зусім непажадана.
«Тэмпэратура трымалася каля 10 дзён»
Ільля змагаўся з хваробай больш за месяц. Пытаюся, які пэрыяд быў найбольш цяжкі.
— У першыя дні тэмпэратура павышаецца, на наступны дзень адпускае. У нядзелю ў мяне быў першы дзень — тэмпэратура была больш за 38. У панядзелак лягчэй стала. Прыйшла лекарка і зьдзівілася, што я нармальна сябе адчуваю, а ў аўторак другая хваля высокай тэмпэратуры ўначы, у сераду зноў сябе добра адчуваю. Пасьля чацьвярга пайшла цяжэйшая фаза, я пачаў кашляць, пачаліся хрыпы. Прачынаўся раніцай з тэмпэратурай 38,0, чакаў падвышэньня да 38,5 і піў парацэтамол, потым ізноў тэмпэратура расла — да 39,6. У панядзелак мяне шпіталізавалі, і яшчэ два дні ў шпіталі трымалася тэмпэратура — агулам 10 дзён трымалася. Пры грыпе самая цяжкая фаза з тэмпэратурай доўжыцца каля 3–4 дзён, а тут была экстрэмальная 10-дзённая фаза.
«Тэрапэўты ў прыёмным пакоі працуюць як на канвэеры»
За 33 дні хваробы Ільля пабываў у розных шпіталях, яго лячылі розныя дактары. Ён знутры пабачыў, як працуе сыстэма ў крызісны час і якая нагрузка цяпер на мэдыках.
— Дактары дзеляцца на дзьве групы. Адны аналізуюць паказьнікі тэмпэратуры і проста змагаюцца з праявамі хваробы. А ёсьць лекары, якія дасканала разьбіраюцца. Адчуваецца, што яны чытаюць замежных калегаў, стала трымаюць руку на пульсе новай інфармацыі пра каранавірус. І клясна, што сярод іх ёсьць людзі, якія могуць табе ўсё патлумачыць, якія знаходзяцца ў кантакце з пацыентам. Гэта вельмі крута.
Я думаў, і цяпер так думаю, што ў нас вялікая праблема з інфармаваньнем. Мы ў няведаньні, што адбываецца, наколькі сурʼёзная праблема. І вельмі прыемна было ў шпіталях сустрэць людзей, якія спакойна, дэталёва, па пунктах тлумачаць, што адбываецца, што трэба рабіць, каб хутчэй выздаравець. Я быў у розных шпіталях. Я бачыў, што празь вялікую колькасьць пацыентаў тэрапэўты ў прыёмным пакоі працуюць як на канвэеры. Вельмі шмат людзей празь іх праходзіць.
Я вельмі ўдзячны тым людзям, якія застаюцца працаваць. Я пісаў пра тое, што многія мэдсёстры, санітаркі сышлі, каб ня быць у небясьпецы. Тыя, хто застаўся, хто прымае на сябе гэтую хвалю і працуе на гэтым канвэеры, маюць калясальную волю і вытрымку.
«Гэта быў новы сьвет, новае вымярэньне, іншая хвароба, зь якой раней не сутыкаліся»
Ільля Вайстраценка тлумачыць, чаму вырашыў пісаць дзёньнік.
— Я так звычайна раблю, калі падарожнічаю ці калі аказваюся ў новай для сябе сытуацыі. Такім чынам я фіксую цікавыя рэчы. Напэўна, у мяне выпрацавалася свая сыстэма назіраньняў. Я апынуўся ў шпіталі, і гэта быў новы досьвед, бо апошні раз я ляжаў у шпіталі школьнікам у 11 клясе, мінула больш за 17 гадоў. Гэта быў новы сьвет, новае вымярэньне, іншая хвароба, зь якой раней не сутыкаліся. І мне было цікава, як працуюць дактары, як усё арганізавана.
Дзёньнік пабудаваны на паведамленьнях, якія я адпраўляў сваім блізкім — маме, дзяўчыне, суседцы па інтэрнату, якая мяне першы тыдзень даглядала, рызыкуючы сваім здароўем. Спачатку гэта быў дзёньнік для іх, а потым я вырашыў закінуць для сваіх сяброў і яшчэ шырэй праз сацсетку «ЎКантакце». Нават не чакаў, што гэта будзе настолькі запатрабавана, мне пачалі і незнаёмыя людзі пісаць. Кажуць, што гэта цікавы досьвед пацыента.
Ільля прызнаецца: са зьдзіўленьнем усьвядоміў, што «зьняволеньне» ў чатырох сьценах пераносіць нармальна.
— Я быў вельмі актыўны, падарожнічаў, а апынуўшыся ў чатырох сьценах, зразумеў, што гэта нармальны для мяне рэжым працы. У шпіталі ў мяне была дыстанцыйная праца, як і ва ўсіх маіх калегаў. Я пісаў дзёньнік, я зрабіў публікацыю пра горад Шклоў. Мне заўсёды было чым заняцца, мне пісалі мае знаёмыя, пыталіся пра розныя нюансы, бо ў некаторых таксама нейкія сымптомы хваробы пачыналіся. Я не заўважаў, як пасьля сьняданку наступаў абед, потым вячэра, а потым і час сну. Прыемна было, што за гэты час многія родныя шмат тэлефанавалі, хоць раней мы часта і не кантактавалі. Дзякуючы крызісу наладзіліся зь імі адносіны.
«Маштабы вельмі сурʼёзныя»
Ільля спадзяецца, што цалкам паправіцца раней, чым праз паўгода. Ён заклікае скептыкаў і так званых каранавірусных дысыдэнтаў паставіцца сурʼёзна да пагрозы COVID-19.
— COVID-дысыдэнты ня вераць у сурʼёзнасьць праблемы да таго часу, як гэтая праблема не «накрые» іх і самых блізкіх ім людзей. Пераконваць іх бессэнсоўна, але калі знойдуцца тыя, хто паверыць на слова, то я сказаў бы ім, што цяпер шпіталі перапоўненыя, усе магчымыя аддзяленьні, якія існуюць у шпіталях, запоўненыя хворымі з аднолькавымі сымптомамі — пнэўманія, двухбаковае запаленьне лёгкіх са станоўчым тэстам на каранавірус.
Маштабы вельмі сурʼёзныя. Мяне гэта моцна ўразіла як чалавека, які бачыў сытуацыю знутры. Нагрузка на мэдычны пэрсанал калясальная. Трэба рабіць усе захады бясьпекі, каб не падхапіць вірус, тады ня будзе такой неверагоднай нагрузкі на шпіталі і дактароў.
Фрагмэнты з каранавіруснага дзёньніка Ільлі Вайстраценкі
- Неяк ня думаў, што мяне зачэпіць гэтая зараза, таму што гаварылася пра тое, што найбольшую рызыку маюць пажылыя людзі, людзі з букетам хранічных хваробаў і заўзятыя курцы. Мне 33, я не куру і магу назваць сябе напалову ЗЛЖ-нікам... [ЗЛЖ — здаровы лад жыцьця. — РС]
- Усе лекары хуткай дапамогі, якія да мяне прыяжджалі, былі толькі ў аднаразовых масках. Больш ніякай засьцярогі.
- Калі я зайшоў у прыёмнае аддзяленьне «тройкі», перада мной было каля 10 чалавек. Зрабіўшы рэнтген і здаўшы кроў, пачаў чакаць, калі маё прозьвішча назаве тэрапэўт. Увесь гэты час у прыёмнае аддзяленьне пастаянна прывозілі людзей. Я чакаў чаргі ў тамбуры бліжэй да вуліцы, там людзей было мала і можна было вытрымаць дыстанцыю 1,5 мэтра. Агульная карціна шакавала мяне і палохала. Горш за ўсё выглядалі людзі 70–80 гадоў, якія былі практычна ў стане непрытомнасьці.
- Я быў вельмі зьдзіўлены, што вынік тэсту быў гатовы ўжо на наступны дзень. Атрымліваецца так: тыя, хто робіць тэст у шпіталі, аказваюцца ў прыярытэце, іх вынікі паступаюць вельмі хутка. А вось кантакты 1-га ўзроўню могуць чакаць сваіх вынікаў да тыдня.
- Маім суседзям па палаце ніхто не казаў, якія вынікі тэсту ў іх. І мне самому было вельмі нязручна знаходзіцца зь імі ў адным памяшканьні. Пасьля кожнага прыёму ежы я стараўся праціраць стол антысэптыкам, а ў палаце пастаянна быў у масцы. Позна ўвечары нам усім паведамілі, што ва ўсіх трох быў пацьверджаны каранавірус і што мы перасяляемся ў пульманалягічнае аддзяленьне.
- За ўвесь час знаходжаньня ў хірургіі на нашым паверсе (цалкам адведзеным пад каранавірусных пацыентаў) некаторыя пацыенты паміралі. Іх узрост быў 65+. У адзін дзень з паверху вывезьлі 3 накрытыя целы. Было вельмі дзіўна чытаць афіцыйную статыстыку пра 4 сьмерці ад каранавірусу па рэспубліцы за суткі, калі толькі з аднаго паверху аднаго аддзяленьня адной бальніцы за дзень вывезьлі траіх.
- Лекары кажуць, што аднаўленьне пасьля пнэўманіі можа займаць да паўгода. Усё, што трэба, — гэта набрацца цярпеньня і берагчы сябе.
- Я вельмі ўдзячны ўсім мэдработнікам, якія цяпер працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, якія кожны дзень рызыкуюць сабой і сваімі блізкімі, працуючы з каранавіруснымі пацыентамі... Вялікі дзякуй за працу, за дапамогу і за рызыку! Спадзяюся, да няхуткіх сустрэч! :)
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ