Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне бянтэжыць пошук праз сацсеткі». Распыталі ў экспэрта, як лячыць пераліваньнем плязмы пацыентаў з COVID-19


Ілюстрацыйнае фота. Беларус, які паправіўся ад каранавірусу, стаў донарам плязмы крыві для хворых
Ілюстрацыйнае фота. Беларус, які паправіўся ад каранавірусу, стаў донарам плязмы крыві для хворых

У Беларусі хворым на каранавірус пачалі пераліваць плязму. Дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій Фёдар Карпенка паведаміў, што на сёньня 20 донараў, якія выздаравелі, ужо здалі сваю плязму. Шасьцёра інфікаваных атрымалі па некалькі данацый плязмы.

Свабода даведалася, як працуюць антыцелы ў тых, хто перахварэў; ці ўсе, хто выздаравеў, могуць стаць донарамі, а хто інфікаваны — рэцыпіентамі; чаму плязму ня возьмуць у тых, хто меў пнэўманію.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мяне бянтэжыць пошук плязмы праз сацыяльныя сеткі»

— У СМІ і фэйсбуку апошнімі днямі зьяўляецца шмат паведамленьняў: людзі тэрмінова шукаюць донараў плязмы для сваякоў, сяброў, якія маюць каранавірус. Як вы ставіцеся да такіх пошукаў?

— Мяне наагул бянтэжыць гэты пошук плязмы праз сацыяльныя сеткі. Піша сваяк: «Тэрмінова адгукніцеся! Выратуйце!» Але ж ён ня ведае, спатрэбіцца плязма ці не спатрэбіцца. Гэта ведае толькі лекар. Мэтад лячэньня плязмай — дадатковы да асноўнага лячэньня.

Дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій Фёдар Карпенка
Дырэктар РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгій Фёдар Карпенка

Усе заяўкі, якія паступалі да нас ад лекараў, стараемся выканаць. Былі заяўкі з 2-й сталічнай клінікі, з 3-й. Сёньня перадаём нарыхтаваную ў нашым РНПЦ у сераду плязму ў Віцебск, яны прасілі. З 6-га шпіталя заявак не было, я бачыў толькі просьбы ў фэйсбуку.

Тая ж 6-я клініка плянуе нарыхтоўку плязмы ў сябе. Мяркуецца, што тыя, хто там лячыўся і выпісаўся, літаральна сёньня-заўтра змогуць здаць плязму. Лекары ўжо абзвоньваюць сваіх былых пацыентаў, якія выздаравелі і выпісаліся са шпіталя.

Але мы не трымаем і не нарыхтоўваем плязму адмыслова пад кагосьці. Як толькі яна зьяўляецца, перадаём калегам.

Я хачу папярэдзіць: у плязмы таксама ёсьць проціпаказаньні. Гэта не панацэя. Яна наагул можа не дапамагчы.

«Прынцып дзеяньня антыцелаў амаль такі самы, як пры вакцынацыі»

— І ўсё ж людзі чапляюцца за любую магчымасьць, тым больш, гэта рэч новая. Як працуе плязма, дакладней, антыцелы?

— У плязьме чалавека, які перахварэў, могуць утрымлівацца антыцелы (імунаглябуліны) супраць вірусу SARS-CoV-2, які зьяўляецца ўзбуджальнікам захворваньня COVID-19. То бок у людзей, якія перахварэлі, выпрацоўваюцца спэцыфічныя імунныя антыцелы. Яны дазваляюць фагацытам, макрафагам мэтанакіравана працаваць зь віруснымі часьціцамі. Яны распазнаюцца як чужародныя, але ж, так бы мовіць, вірус у клеткі пранікае, ён падманвае імунную сыстэму.

Прынцып амаль такі самы, як пры вакцынацыі. Толькі пры вакцынацыі антыцелы ў чалавека захоўваюцца даволі працяглы пэрыяд, а калі чалавеку пералілі чужыя антыцелы, працягласьць іх жыцьця — тыдні 2–3.

Антыцелы — дастаткова складаная структура. Па сутнасьці, яна кіруе, каб фагацыты, макрафагі працавалі зь вірусамі, простымі словамі — каб разбуралі гэтыя вірусы.

«Калі ў чалавека была пнэўманія, якая суправаджалася COVID-19, браць плязму ў яго мы ня будзем»

— Адзін чалавек перахварэў на каранавірус лёгка, другі — цяжэй. Ці ўплывае цяжкасьць хваробы на якасьць плязмы, колькасьць антыцелаў?

— Вядома, уплывае. Але пакуль няма экспэрымэнтальных заключэньняў. Мы кажам, што гэтыя антыцелы ёсьць, мы іх бачым, мы іх тэстуем, але вызначыць, спрагназаваць, як будуць працаваць гэтыя антыцелы, якая будзе дапамога ад іх — ніхто пакуль дакладна ня ведае і гарантыі даць ня можа.

— Паводле афіцыйнай статыстыкі, ад каранавіруснай інфэкцыі ў краіне вылечылася больш за 700 чалавек. Ці ўсе яны могуць стаць донарамі плязмы?

— Калі з гэтых 700 мы знойдзем і нам падыдзе хоць бы адзін зь сямі, то бок сотня, гэта будзе вельмі добра. Пасьля выздараўленьня павінна прайсьці ня менш за 15 дзён. Узрост ад 18 да 60, супрацьпаказаньні: артэрыяльная гіпэртэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, дыябэт, язва, іншыя хваробы.

Калі ў чалавека была пнэўманія, якая суправаджалася каранавіруснай інфэкцыяй, мы браць плязму ў яго ня будзем, каб не нашкодзіць аслабленаму арганізму, які павінен акрыяць пасьля пнэўманіі.

Да таго ж мы глядзім наяўнасьць антыцелаў у нашых тэст-сыстэмах.

Паверце, мы тэлефануем усім патэнцыйным донарам. І ня толькі ў Менску. У Берасьці ёсьць 5-6 чалавек, якія гатовыя здаць плязму, у Віцебску таксама людзі гатовыя. Ніхто не адмаўляецца. Мы даём абвесткі на сваім сайце, таксама зьвяртаемся да тых, хто перахварэў, праз СМІ.

Але пакуль мы самі робім першыя крокі і хочам, каб эфэкт быў. Здалі плязму каля 20 чалавек у Менску і Віцебску. Адзін донар здае 600 мл плязмы, гэта прыкладна на 3 дозы. Мы мяркуем, што на аднаго рэцыпіента патрэбна 3–4 уліваньні донарскай плязмы. На сёньняшні дзень 6 пацыентам зроблена 18–20 данацый.

Пакуль гэта толькі пачатак. Мы не адсталі ні на дзень. У Расеі на сёньняшні дзень плязму здалі 58 чалавек, але ў іх эпідэмія крыху раней пачалася, большая колькасьць тых, хто выпісаўся.

Пераліваньне рэканвалесцэнтнай плязмы лічыцца эфэктыўным экспэрымэнтальным лячэньнем. Вынікі яго апублікаваныя ў навуковых артыкулах, але дасьледаваньні яшчэ не завершаныя. Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, ёсьць доказы таго, што рэканвалесцэнтная плязма дапамагла пацыентам з гемарагічнай ліхаманкай Эбола, вірусамі грыпу H1N1, MERS, SARS-1 і іншымі інфэкцыямі.

Раньнія дасьледаваньні выкарыстаньня рэканвалесцэнтнай плязмы для COVID-19 у Кітаі, ЗША, краінах Эўразьвязу паказваюць, што гэта бясьпечная і эфэктыўная тэрапія, якая зьмяншае працягласьць і цяжкасьць COVID-19.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG