Міністэрства аховы здароўя Беларусі 14 красавіка зладзіла жывую трансьляцыю брыфінгу з удзелам намесьніцы міністра Алены Богдан, а таксама акушэрамі і гінэколягамі. Тэмай былі заяўленыя пытаньні пра COVID-19, пэдыятрыю і гінэкалёгію.
Паводле Мінздароўя, ад пачатку эпідэміі ў Беларусі зарэгістравалі 3281 выпадак COVID-19, зь іх:
- 1691 у Менску;
- 359 у Менскай вобласьці (бязь Менску);
- 848 у Віцебскай вобласьці;
- 151 у Магілёўскай вобласьці;
- 106 у Гомельскай вобласьці;
- 73 у Берасьцейскай вобласьці;
- 53 у Горадзенскай вобласьці.
Экспэрымэнтальныя лекі
Адно з пытаньняў тычылася экспэрымэнтальных лекаў для пацыентаў з COVID-19, у прыватнасьці прэпарату «Авіган» (фавіпіравір). Японская кампанія Fujifilm цяпер запусьціла ў ЗША другую фазу выпрабаваньняў супраць COVID-19 гэтых лекаў ад грыпу. Прэпарат быў дазволены для выкарыстаньня больш як 5 гадоў таму, але ягоная эфэктыўнасьць супраць новага каранавірусу не даказаная.
Паводле Богдан, цяпер «Белфармацыя» «прапрацоўвае пытаньне» куплі прэпарату за спонсарскія грошы. Чакаюць, што яго дадуць усім пацыентам, хто будзе мець патрэбу.
Гідроксіхлярахін, які таксама пакуль толькі правяраюць на эфэктыўнасьць супраць COVID-19, ёсьць «ва ўсіх нашых стацыянарных установах», расказала Богдан, і яго прызначаюць пацыентам зь сярэдняй і цяжкай пнэўманіяй. Прэпарат купляюць за грошы з дабрачыннага фонду (чакаюць пастаўкі звыш 270 тысяч таблетак, вядуць перамовы з Індыяй).
Яшчэ адно пытаньне тычылася таго, ці прышчэпкі ад іншых хваробаў, як то ад сухотаў ці воспы, уплываюць на імунітэт ад COVID-19. Богдан прызнала, што дакладных зьвестак пра гэта ў Беларусі і ў сьвеце няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 33 памерлі. У Беларусі прызналі 3281 выпадак COVID-19, плюс 362 за дзеньКалі будзе пік эпідэміі?
Паводле Богдан, у Беларусі цяпер штодзень рэгіструюць прыблізна 340–360 новых выпадкаў COVID-19. У Мінздароўя чакаюць, што такая сытуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў».
Яна заявіла, што ў Беларусі «робяць усе захады, каб не дапусьціць імклівага лявінападобнага росту».
Апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — звыш 2200
Паводле Богдан, цяпер у Беларусі звыш 2200 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ) і звыш 1500 наркозна-дыхальных апаратаў, а пацыентаў з каранавірусам на ШВЛ толькі 57. Запас, кажа яна, дастатковы.
Курцы ў групе рызыкі
COVID-19 ня толькі выклікае пнэўманію, але можа і пагоршыць цячэньне іншых хранічных захворваньняў. Пакуль мністэрства ня мае дастаткова зьвестак, каб зрабіць адназначныя «сур’ёзныя высновы» пра тое, як зьвязаныя шкодныя звычкі і ход хваробы ад каранавірусу, але «абцяжарваньне цячэньня ў пацыентаў, якія кураць, адназначна мы бачым».
Цяжарныя не зусім, але ўсё адно разглядаюцца як «пацыенты высокай рызыкі»
У Беларусі зафіксавалі 10 выпадкаў COVID-19 у цяжарных жанчын і 80 выпадкаў у дзяцей. Дзеці найчасьцей пераносяць гэтую хваробу без сымптомаў або лёгка.
Паводле лекараў, прысутных на брыфінгу, цяпер няма зьвестак пра тое, што цяжарныя больш схільныя захварэць COVID-19 або памерці ад хваробы. Але кожная цяжарная пацыентка мусіць разгляадацца як «пацыентка высокай рызыкі», асабліва пасьля 24 тыдняў цяжарнасьці, бо ў гэты час зьмяняецца імунітэт і фізыялягічныя асаблівасьці цела.
Цяпер дасьледаваньні фіксуюць у інфікаваных рызыкі невыношваньня цяжарнасьці (2% вядомых выпадкаў на малых тэрмінах), затрымкі разьвіцьця дзіця (10%) і датэрміновых родаў (39%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 10 супрацоўнікаў хуткай дапамогі ў Менску заразіліся каранавірусам, — Tut.byПацьверджаньняў таго, што грудное малако можа перадаць вірус да дзіцяці, няма, але жанчынам на лячэньні рэкамэндуюць не карміць дзяцей грудзьмі, калі яны лечацца ад вірусу (каб не перадаць лекі да дзіцяці). Апрацоўваць грудзі антысэптыкам перад кармленьнем нельга.
Наведваньне жаночых кансультацыяў рэкамэндуюць абмежаваць, але не забараняюць, нягледзячы на эпідэмію.
У радзільнях, запэўнівае Міністэрства аховы здароўя, да прыёму родаў у інфікаваных гатовыя. Паказаньняў да скасаваньня так званых індывідуальных родаў няма. Абмежавалі толькі так званыя партнэрскія роды і наведваньне пацыентак у радзільнях (але перадачы прымаюцца). Нейкіх надзвычайных паказаньняў да кесарава сячэньня пры COVID-19 няма.
Хатнія роды, мяркуюць у Мінздароўя, нясуць больш рызыкі, чым роды ў лякарні нават ва ўмовах пандэміі каранавірусу.
Статыстыку у школах, дзіцячых садах і санаторыях не назвалі
Паводле прадстаўнікоў Мінздароўя, «паіменна вядомыя» ўсе дзеці, хворыя на COVID-19. Але на пытаньне аб статыстыцы захворваньняў ва ўстановах адукацыі на брыфінгу не адказалі.
***
Новых рэкамэндацыяў цэрквам Мінздароўя пакуль не давала. Адначасова з гэтым брыфінгам кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павел ладзіў прэс-канфэрэнцыю, на якой заклікаў устрымацца ад наведваньня храмаў і могілак на Вялікдзень і Радаўніцу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Павел: «Устрымайцеся ад наведваньня храма, не хадзіце на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу». ВІДЭАДнём раней, на нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.
- «Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі. І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё».
- «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ». І не паміраў.
- «Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
- «У нас няма ніякай самаізаляцыі», «гэта фактычна амбуляторнае лячэньне».
- «Самаізаляцыя аж на 14 дзён» не патрэбна.
- «Мы дарогу да храма нікому не закрываем». «Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
- Беларускія СМІ «трэба кантраляваць». «І Камітэту дзяржбясьпекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай глядзіць за ўсімі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.