Свабода высьвятляла, як мэдыкі, што працуюць з інфікаванымі на каранавірус, засьцерагаюць сваіх блізкіх.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Камусьці дапамагаюць мясцовыя ўлады, адводзячы нумары ў гатэлях ці санаторыях, хтосьці застаецца жыць на працы, камусьці стараюцца дапамагчы валянтэры.
11 красавіка на брыфінгу па выніках працы місіі САЗ у Беларусі міністар Уладзімер Каранік паведаміў, што ў краіне інфікаваны 301 мэдычны работнік. Больш за ўсё ў Менску, на другім месцы — Віцебская вобласьць, на трэцім — Менская вобласьць.
У Докшыцах адна інфікаваная лекарка кругласутачна застаецца на працы, другая ў самаізаляцыі
Паводле інфармацыі Радыё Свабода, у Докшыцах, дзе зафіксаваная вялікая колькасьць пнэўманій (па стане на 11 красавіка — каля 90), інфікаваныя COVID-19 як мінімум два лекары (прозьвішчы і імёны ёсьць у рэдакцыі). Хвароба ў іх праходзіць даволі лёгка. Адна лекарка цяпер дома на самаізаляцыі. Другая кругласутачна застаецца ў шпіталі, дапамагае іншым хворым.
Намесьнік старшыні Докшыцкага райвыканкаму Віктар Ганус сказаў Свабодзе, што ў раёне ёсьць магчымасьць пасяліць мэдыкаў асобна, але з такой просьбай ніхто не зьвяртаўся.
«Можам выдзеліць асобнае крыло ў інтэрнаце, у горадзе ёсьць гатэль, які цяпер незапатрабаваны, дзе асобныя нумары, блёкі. Але заяваў ад мэдыкаў пакуль няма, што яны маюць патрэбу ў ізаляцыі. Яны ж самі вырашаюць, трэба ім ізалявацца ці не».
На пытаньне Свабоды, ці ёсьць у Докшыцах інфікаваныя мэдыкі, спадар Ганус нічога не адказаў.
«Я ня маю права разгалошваць такую інфармацыю. Мяне ніхто не ўпаўнаважваў. Зьвяртайцеся ў Мінздароўя», — сказаў намесьнік старшыні райвыканкаму.
Інфармацыю пра колькасьць пнэўманій і каранавірусу ў Докшыцах не разгалошвае і Мінздароўя. 10 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан адмовілася назваць колькасьць хворых з каранавірусам. 11 красавіка міністар Уладзімер Каранік таксама лічбы не агучыў, запэўніўшы, што сытуацыя кантраляваная і яна аналізуецца.
У Віцебску мэдыкаў разьмяшчаюць у былым гатэлі «Дзьвіна»
Гатэль «Дзьвіна», што ў цэнтры Віцебску, перадалі пад інтэрнат мэдычнаму ўнівэрсытэту, і цяпер туды засяляюць мэдыкаў, якія хочуць ізалявацца ад сваіх сем’яў, сказала намесьніца старшыні абласнога ўпраўленьня Віцебскага аблвыканкаму Людміла Кавалёва.
«Гэта выключна па жаданьні. Хтосьці адзін пражывае і ня мае патрэбы ў іншым жытле. Хто выказаў жаданьне засьцерагчы сваю сям’ю і пераехаць часова — ёсьць магчымасьць пасяліць мэдыкаў у гатэлі, інтэрнаце. Пытаньне гэтае вырашаецца мясцовымі ўладамі. Прынамсі, не было ніводнай скаргі, што мэдыкі хацелі ізалявацца, а мы не дапамаглі», — запэўніла чыноўніца Ўпраўленьня па ахове здароўя.
Аднак колькі віцебскіх мэдыкаў выказалі жаданьне самаізалявацца, спадарыня Кавалёва не сказала.
Наваполацкіх мэдыкаў пасялілі ў санаторый «Нафтан»
На мінулым тыдні ў галоўнага доктара паліклінікі наваполацкага «Нафтана» Сяргея Чубрыка тэст на каранавірус аказаўся станоўчым, і Чубрыка зьмясьцілі на лячэньне. Натуральна, кантактаваў ён амаль з усім калектывам. Усё пульманалягічнае аддзяленьне гарадзкога шпіталя — 31 чалавек — перасялілася ў гатэль «Нафтан».
«Для мэдыкаў быў асобны ўваход, яны былі ізаляваныя на адным паверсе, пражывалі ў асобных нумарах, ім прыносілі харчаваньне — дыстанцыйна абслугоўвалі. Мы таксама прапаноўвалі сваю дапамогу — калі трэба ў краму схадзіць. Вазілі мэдыкаў на працу на аўтобусе.
А днямі іх перасялілі ў санаторый „Нафтан“, што літаральна ў крокавай даступнасьці ад гарадзкога шпіталя, транспарт там непатрэбны», — сказала дырэктарка гатэлю Натальля Рыгораўна.
Дырэктарка санаторыя Юлія Каралёва пацьвердзіла, што мэдыкаў цяпер пасялілі тут, стварылі ім усе ўмовы, дабірацца да працы ўсяго пару хвілін.
А гатэль «Нафтан» гатовы прымаць на самаізаляцыю людзей, у якіх няма ўмоваў, каб ізалявацца дома, у кватэры ёсьць пажылыя людзі.
«У нас ёсьць магчымасьць па пастанове 208 Мінздароўя разьмясьціць для ізаляцыі людзей у гатэлі, арганізаваць асобны ўваход, іншыя ўмовы», — запэўніла Свабоду дырэктарка гатэлю Натальля Рыгораўна.
Сталічных мэдыкаў разьмясьцілі ў гатэлі East Time
Намесьніца старшыні Камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Тацяна Саламонава сказала Свабодзе, што больш за 100 мэдыкаў сталіцы выказалі жаданьне ізалявацца ад сваіх сем’яў. І на мінулым тыдні іх пачалі бясплатна засяляць у гатэль East Time, што быў пабудаваны ў 2014 годзе.
«Разьмяшчаем там мэдыкаў з інфэкцыйнага шпіталя, з 4-й, 6-й і 10-й клінік. Дакладную лічбу назваць складана, бо сытуацыя пастаянна мяняецца ў бок павелічэньня. На сёньня заселена больш за 100 чалавек, месцы там пакуль ёсьць.
Расьсяляюцца людзі паэтапна, у залежнасьці ад графіку працы, Ня ўсё так гладка, як хацелася б, ня ўсе завяршаюць зьмену па раскладзе, застаюцца на працы, падаўжаюць час перабываньня. Але, спадзяёмся, гэта часовыя цяжкасьці.
Гэта бясплатна для мэдыкаў, умовы там добрыя, пакуль ніхто ня скардзіўся.
Цяпер у Менску мэдыкаў селяць толькі ў East Time, але калі будзе патрэба — знойдуць іншыя магчымасьці, запэўніла Тацяна Саламонава.
У Магілёве жытло для ізаляцыі мэдыкаў шукаюць неабыякавыя грамадзяне
У Telegram-каналах неабыякавыя грамадзяне шукаць жытло для разьмяшчэньня магілёўскіх мэдыкаў. Кацярына Гаўрыленка (@egavrilenko) піша: «Сябры, у мэдыкаў шпіталя № 1 (лаўсанаўскі) ёсьць патрэба ў самаізаляцыі. Хто можа прапанаваць жытло? Калі ласка, адгукайцеся». Такіх абвестак шмат.
У абласным упраўленьні аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Свабодзе не ўдалося высьветліць, як улады дапамагаюць мэдыкам. Цягам усяго працоўнага дня ва Ўпраўленьні адказвала толькі сакратарка — маўляў, «ніводнага супрацоўніка на працы няма, усе на выездах».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ