Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, што БПЦ пачула заклік патрыярха Кірыла ўстрымацца ад наведваньня храмаў у гэты складаны пэрыяд пандэміі каранавірусу ў сьвеце.
«Я заклікаю зразумець патрыярха і ўстрымацца ад наведваньня храмаў. Бо вірус перадацца невядомымі шляхамі. Кажуць, што ў храме — благадаць. Благадаць Сьвятога Духа не адмяняе законаў прыроды. Сябры, устрымайцеся ад наведваньня храма. Калі прыходзіце — захоўвайце дыстанцыю», — параіў мітрапаліт Павел.
«Я пачуў выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, што храмы закрываць ня будуць. Так, там будуць богаслужэньні. Але я яшчэ раз заклікаю: ўстрымайцеся, пабудзьце дома! Маліцеся дома», — заклікаў мітрапаліт Павел.
Асьвячэньне сьвяточных страў абудзецца, але на вуліцы. «Але для нас гэта другасная справа», — кажа мітрапаліт Павел.
Мітрапаліт Павел просіць не хадзіць на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу
Мітрапаліт Павал згадаў савецкую традыцыю: калі не было магчымасьці пайсьці ў храм, людзі ішлі на Радаўніцу на могілкі. Але традыцыя ісьці ў Вялікдзень на могілкі — не праваслаўная.
«Я хацеў бы заклікаць вас устрымацца. Паверце, Госпад чуе нашы малітвы. Таму лепш і на Вялікдзень, і на Радаўніцу памаліцца дома. Бог вас пачуе», — сказаў мітрапаліт Павел.
Храмы ў Беларусі закрываць ня будуць
Паводле мітрапаліта, адзін выпадак заражэньня сьвятара ў Менску ёсьць. Ён у шпіталі, гэта чалавек сярэдняга ўзросту. Стан у яго не крытычны.
На пытаньне, чаму нельга закрыць храмы наагул, многія краіны ж пайшлі на гэта, мітрапаліт Павел адказаў:
«У нас не такая напружаная сытуацыя, як у іншых краінах. Крамы ж працуюць. Храмаў мы закрываць ня будзем. Але заклікаем вас не хадзіць туды. Так што храмы закрывацца ня будуць, богаслужэньні там будуць працягвацца».
На пытаньне Свабоды аб тым, што, паколькі немагчыма ў маленькіх вясковых храмах трымаць дыстанцыю, ці не прасьцей службы адпраўляць пры зачыненых дзьвярах, бязь вернікаў, Павал усё адно адказаў, што храмаў закрыць яны ня могуць.
«Мы будзем рэкамэндаваць выводзіць трансьляцыю ўсяго таго, што адбываецца каля алтара, на вуліцу, на пляцоўку перад царквой, і прасіць людзей не заходзіць у храм, а калі яны заходзяць — усё адно трымаць дыстанцыю», — адказаў Павел.
Мітрапаліта Паўла спыталі, ці стане традыцыяй аблёт тэрыторыі Беларусі, які ён нядаўна зьдзейсьніў? Павел адказаў, што традыцыі ў Праваслаўнай царкве — гэта калі абрады паўтараюцца гадоў трыццаць.
«Але не хацелася б, каб гэта стала традыцыяй, лепш, каб гэта было першы і апошні раз, каб жыцьцё хутчэй аднавілася», — сказаў Павел.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ