Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 10 супрацоўнікаў хуткай дапамогі ў Менску заразіліся каранавірусам, — Tut.by


Ілюстацыйнае фота
Ілюстацыйнае фота

Больш за 10 супрацоўнікаў адной падстанцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску заразіліся каранавірусам, паведамляе Tut.by са спасылкай на некалькіх крыніц, не зьвязаных паміж сабой.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Гаворка ідзе пра мэдыкаў 9-й падстанцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі на вуліцы Захарава ў Менску. Паводле адной з крыніц, каранавірус выявілі больш, чым у 10 супрацоўнікаў. Сярод іх — фэльчары і лекары, якія выяжджаюць на выклікі, дыспэтчары, якія гэтыя выклікі разьмяркоўваюць, кіраўніцтва падстанцыі.

Яшчэ каля 15 чалавек знаходзяцца на бальнічным. Астатнія брыгады працягваюць працаваць.

Паводле трох іншых крыніц, выпадкі заражэньня ёсьць сярод супрацоўнікаў апэратыўнага аддзелу, куды паступаюць усе выклікі, і кіраўніцтва станцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі Менску. Усе яны — разам зь 9-й падстанцыяй — знаходзяцца ў адным будынку на розных паверхах.

«Дзявятая падстанцыя працуе. Так, людзі хварэюць, я гэта не адмаўляю, але яны хварэюць на ўсіх падстанцыях, — распавёў 13 красавіка галоўны ўрач станцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі Менску Аляксандар Жынко. — Кантактныя мэдыкі ў любым выпадку застаюцца на працы, калі ў іх няма сымптомаў. Ім праводзяць тэрмамэтрыю ня менш за 3 разы на дзень. Тыя, хто хварэе, ізаляваныя. Іх дакладную колькасьць я вам назваць цяпер не змагу».

Tut.by таксама спрабаваў датэлефанавацца па рабочых нумарах галоўнаму лекару станцыі хуткай дапамогі, галоўнаму бухгальтару, начальніку аддзелу кадраў і апэратыўнага аддзелу, аднак у першай палове дня 14 красавіка ніхто зь іх трубку ня зьняў. Намесьнік галоўнага лекара па арганізацыйна-мэтадычнай рабоце Алег Варабей ня стаў адказваць на пытаньне, колькі супрацоўнікаў станцыі хуткай дапамогі заразіліся каранавірусам.

Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун паведаміла Tut.by, што «хуткая як працавала ў горадзе, так і працуе», а інфармацыі аб заражаных супрацоўніках станцыі ў яе няма.

На сумесным брыфінгу з прадстаўнікамі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя 11 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік казаў пра тое, што ў Беларусі лябараторна пацьверджаны 301 выпадак заражэньня мэдыцынскіх работнікаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG