У дні, калі хрысьціянскі сьвет адзначае сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага, зьявіўся Збаўца і Выратавальнік чалавецтва ад каранавірусу. Ці ўсяго толькі ад каранавіруснага псыхозу? Урэшце, якая розьніца? Збаўца ад сусьветнага зла і брыдоты.
Сьцісла:
- Лукашэнка ўсяляк дыстанцыюецца ад сур’ёзнага стаўленьня да COVID-19.
- Ён выйшаў з адкрытым забралам супраць «сусьветнага глупства, псыхозу, інфадэміі пад назвай каранавірус».
- Лукашэнка рашуча выступіў супраць празьмернага, як ён лічыць, засьцераганьня ад каранавірусу. І заклікаў людзей менш баяцца.
- Аднак тут гульня не на грошы. А на здароўе і жыцьці цэлага народу.
Ваганьні і сумненьні
Пасьля першых шакуючых заяваў Лукашэнкі, што сусьветная пандэмія — гэта псыхоз (маўляў, дзе вы бачыце, каб у лядовым палацы вірус лётаў; а калі нешта і лётае, то лячыць трэба народнымі сродкамі), на пэўны час ягоная рыторыка трохі сьцішылася. Ён вагаўся, спрабаваў тлумачыць адмову ад увядзеньня карантыну нейкімі рацыянальнымі аргумэнтамі. Маўляў, ад спыненьня эканомікі бяды будзе больш, ад голаду памром.
Зьвярніце ўвагу, кіраўнік Беларусі па магчымасьці ўсяляк дыстанцыюецца ад тэмы барацьбы з пандэміяй. Ён ня стаў выдаваць прэзыдэнцкі дэкрэт ці ўказ, які б абмяжоўваў масавыя мерапрыемствы, а перадаручыў гэта ўраду. Лукашэнка не сустрэўся зь місіяй Сусьветнай арганізацыі здароўя — галоўнай у гэтай сфэры на сёньня міжнароднай арганізацыі ў сьвеце. Хоць рэгулярна сустракаецца, напрыклад, з кіраўнікамі розных міжнародных спартовых фэдэрацый. На ўсялякі выпадак, каб не западозрылі, што ён усур’ёз ставіцца да COVID-19.
Не гульня слоў, а гульня сэнсаў
Але ў панядзелак 13 красавіка ўсе ваганьні і сумненьні былі адкінуты. Ён выйшаў з адкрытым забралам супраць «сусьветнага глупства, псыхозу, інфадэміі пад назвай каранавірус». Адзін супраць усіх. І няхай увесь сьвет памаўчыць. Жэрабя кінута, Рубікон пяройдзены.
Магчыма, да такога рашучага кроку яго падштурхнула нядзельная перадача «Галоўны эфір» па БТ-1, у якой з дапамогай шэрагу міжнародных аўтарытэтаў гледачоў пераконвалі, што пандэмія — гэта інфармацыйная качка. Мусіць, ёсьць заканамернасьць, што праз чвэрць стагодзьдзя абсалютызму правадыр пачынае верыць у прапагандысцкія муляжы і фэйкі, якія ствараюцца на ягонае ж даручэньне.
Што ж сказаў Лукашэнка на нарадзе ў панядзелак? Спачатку двойчы ўсю праблему з каранавірусам зьвёў да псыхозу. Потым паспрабаваў растварыць гэтую хваробу сярод іншых. Маўляў, чаму мы менш зьвяртаем увагу на хворых на анкалёгію, дыябэт і інш.?
І прыйшоў да вельмі важнай, амаль сэнсацыйнай высновы. Аказваецца, з хваробамі ў краіне ёсьць станоўчыя тэндэнцыі. (Гэта ва ўмовах, калі ўся сыстэма аховы здароўя стаіць на вушах, машыны «хуткай дапамогі» не ўпраўляюцца, шпіталі працуюць зь перагрузкай). Хоць, паводле Лукашэнкі, колькасьць хворых на пнэўманію і павялічваецца, але «ў Віцебскай вобласьці прырост колькасьці новых пнэўманій істотна скараціўся». Як выйсьці з гэтых супярэчнасьцяў, узаемавыключных тэзаў, ніхто ня ведае. Але ці ў першы раз? Галоўны пасыл зразумелы: які там каранавірус, звычайная пнэўманія. Гэта не гульня слоў, а гульня сэнсаў.
Заклікаў людзей менш баяцца
Затым кіраўнік Беларусі даводзіць, што ў краіне няма «катастрофы» і «лявінападобнага нарастаньня хвароб». Хоць калі браць лічбы росту інфікаваных каранавірусам у працэнтах з пачатку красавіка, то Беларусь — сярод сусьветных лідэраў. Рост у 19 разоў. Калі гэта не лявіна, то што тады лявінападобнае нарастаньне?
Ну, а потым Лукашэнка рашуча выступіў супраць празьмернага, як ён лічыць, засьцераганьня ад каранавірусу. І заклікаў людзей менш баяцца: «Слухайце, мы ўжо таксама перагнулі з гэтымі маскамі».
Насуперак рэкамэндацыям аб ізаляцыі кіраўнік Беларусі заяўляе: «І ня трэба іх заганяць у кватэры, замыкаць іх там. Чалавек сваім жыцьцём распараджаецца сам».
Таксама Лукашэнка, насуперак усім прынятым у сьвеце мэдычным пратаколам, заклікаў лекараў, каб тыя не накіроўвалі на доўгае лячэньне ў хатніх умовах толькі зыходзячы з нейкай перастрахоўкі. «Некаторыя лекары ў гэтым дакумэнце накіроўваюць на гэтае лячэньне, самаізаляцыю аж на 14 дзён. Ня будзе ён 14 дзён сядзець. Гэта фактычна чалавек, які выздараўлівае або здаровы. Пішыце столькі, колькі трэба», — загадаў ён. Кіраўнік дзяржавы лепш ведае, колькі часу доўжыцца інкубацыйны пэрыяд вірусу.
«У Беларусі ад каранавірусу не паміраюць»
Наконт сьвяткаваньня Вялікадня Лукашэнка фактычна прызнаў, што перасьцярог кіраўніцтва БПЦ ад заклікаў не хадзіць у царкву:
«Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы дарогу да храма нікому не закрываем. Гэта маё цьвёрдае патрабаваньне. Мы нікому нічога не забараняем. Мы гэта давялі да кіраўніцтва ўсіх цэркваў, канфэсій, у тым ліку і праваслаўнай царквы. Хто хоча, той памоліцца, сходзіць у храм. Я буду ў царкве».
То бок дэ-факта Лукашэнка забараняе ладзіць карантын, нават калі б царкоўныя герархі паспрабавалі гэта зрабіць. Палымянае прывітаньне місіі Сусьветнай арганізацыі здароўя, якая мінулым тыднем заклікала забараніць масавыя мерапрыемствы. І цяпер хтосьці сумняваецца, што ў краіне будзе і парад, і футбольны чэмпіянат, і Ўсебеларускі народны сход, і прэзыдэнцкія выбары?
Нарэшце, самыя галоўныя высновы.
«У нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каранавірусу. Ніводзін! Яны памерлі ад букета хранічных хвароб, якія ў іх былі». Нагадаю, што на 13 красавіка, паводле інфармацыі Мінздароўя, у Беларусі 29 чалавек памерлі з COVID-19. Увогуле, у беларускага лідэра дзіўная лёгіка. Як вядома, усе людзі паміраюць ад таго, што спыняецца сэрца. Ці можна на гэтай падставе рабіць выснову, што яны сыходзяць у лепшы сьвет ад сардэчных захворваньняў?
А далей што ні заява, то шэдэўр. «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ. Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цьвёрдае перакананьне, зыходзячы з аналізу ня толькі мінулых гадоў. У нас ужо досьвед гэтага году ёсьць».
Лёгіка зразумелая: калі каранавірусу няма, калі гэта псыхоз, то як ад яго можна памерці?
Збаўца і Выратавальнік
Самы выбітны пэрл Лукашэнка пакінуў напасьледак. «Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей», — заявіў ён. «Эўрыка», — павінна закрычаць ашчасьліўленае чалавецтва. І цяпер нобэлеўскі камітэт па прэміях у галіне мэдыцыны можа адпачыць. Канкурэнтаў больш няма. Праўда, ня вельмі зразумела, каму даваць прэмію. Бо яшчэ не было прэцэдэнтаў, каб яе ўручалі кіраўніку дзяржавы за мудрае кіраўніцтва мэдыкамі. Але ж тут асаблівы выпадак.
Праўда, зноў адзначым маленькую няўвязку. Калі пандэмія — гэта псыхоз, то супраць якой хваробы вынайдзены лекі? Гэта лекі ад каранавірусу ці ад псыхозу? Але ня варта шукаць лёгіку там, дзе яе няма.
Такім чынам, Лукашэнка ўзначаліў сусьветны крыжовы паход. Праўда, ня вельмі зразумела, супраць чаго ці каго. Няўжо ўрэшце зьявіўся Збаўца і Выратавальнік чалавецтва ад каранавірусу? Ці ўсяго толькі ад каранавіруснага псыхозу? Урэшце, якая розьніца? Збаўца ад сусьветнага зла і брыдоты.
Насамрэч жа ён нагадвае гульца, які на гіпадроме ставіць на самага слабога каня. Аднак тут гульня не на грошы. А на здароўе і жыцьці цэлага народу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.