Хірург 10-й менскай лякарні Валер Машэль стаў інфэкцыяністам, каб супрацьстаяць эпідэміі каранавірусу ў Беларусі. У спэцпраекце Свабоды «На перадавой» лекар дзеліцца гісторыяй, як каранавірус прымусіў яго пакінуць апэрацыйную.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Яшчэ два тыдні таму хірург 10-й менскай лякарні Валер Машэль працаваў у звычайным рэжыме. Бывала, даставаў кулю з чалавека (праўда, пнэўматычную) ці прымаў пацыента, які прынёс у тэрмакубку ўласны палец. Але звычайна меў справу з апэндыцытамі і панкрэатытамі.
Раптам давялося перапрафілявацца ў інфэкцыяніста, які лечыць COVID-19. Цяпер, кажа доктар, ён жыве так: праца, гатэль, адукацыя, праца.
«Я пераехаў у гатэль, каб не цягаць дадому забруджанага сябе»
Каля 10-й лякарні ў менскай Чыжоўцы спакойна. Адзінае, што бянтэжыць, — маска ці рэсьпіратар на твары амаль кожнага, хто выходзіць з тэрыторыі клінікі.
Валер Машэль чакае нас каля аднаго з прыёмных аддзяленьняў пасьля працоўнай зьмены.
«10-я лякарня ніколі не была зусім спакойным месцам. Асабліва для мяне, экстранага хірурга, — амаль адразу тлумачыць Валер, чаму ня ў стрэсе ад працы з каранавірусам. — Ужо некалькі гадоў тут прапрацаваўшы, зьявілася ўстойлівасьць перад маральным стрэсам. Калі а 2-й ночы да цябе прывозяць чалавека з нажом у жываце і зусім бязь ціску, гэта страшна таксама. Каранавірус цягнецца больш доўга, больш павольна. Я прывык».
У будні яго праца пачынаецца ў 8.30.
«Мы пераапранаемся з вулічнага адзеньня ў бальнічную форму — спачатку для „чыстай“ зоны — і прымаем зьмену ў дзяжурных, — расказвае лекар. — Яны апавядаюць, як нашыя пацыенты правялі ноч, ці добра яны спалі. Калі ёсьць пытаньні, высьвятляем, як будзем іх вырашаць. Потым мы рыхтуемся да абходу — пераадзяваемся ў форму для „бруднай“ зоны. Паверх таго, што цяпер на мне — звычайнай хірургічнай формы — надзяваем дзьве пары бахілаў, дзьве пары пальчатак, супрацьчумны касьцюм, рэсьпіратар і акуляры ці ахоўны шчыток».
Далей доктар праз шлюз ідзе ў «брудную» зону да сваіх пацыентаў з каранавірусам. У дзень ён праводзіць там па 5-6 гадзін. У аддзяленьні Машэля 41 пацыент, зь якіх 20 чалавек вядзе ён сам.
Як хірург перапрафіляваўся ў інфэкцыяніста?
«Лічу, што я і цяпер у працэсе. Бо за адзін-два дні падняць вялікі аб’ём зь іншай спэцыяльнасьці цяжка. Але мы ўсе маем, як самі любім казаць, аднолькавыя дыплёмы доктара-лячэбніка. Адпаведна, пэўную базу аб інфэкцыйных захворваньнях, асновах тэрапіі маем. Цяпер нам трэба паглыбіцца ў гэта. У свой асабісты час нешта пачытваю».
Ён кажа, што хацеў бы вярнуцца ў апэрацыйную і што каранавірус зьмяніў жыцьцё кардынальна.
«Усе не зусім важныя пляны адышлі да лета, а магчыма, нават і далей. Я пераехаў у гатэль, які нам аплаціў камітэт аховы здароўя Менгарвыканкаму, за што вялікі дзякуй. Навошта? Каб не цягаць дадому забруджанага сябе, забруджаныя рэчы. Шмат маіх калег зрабілі так. Таму цяпер маё жыцьцё — гэта праца, гатэль, адукацыя, праца і ўсё».
«Ізаляцыя, цяжкая хвароба — гэта вялікі стрэс»
Лекар кажа, што ён і калегі стараюцца падтрымліваць сваіх пацыентаў і расказваць, што іхнае здароўе паляпшаецца.
«Калі гэта праўда. Калі не, то радуем тым, што не становіцца горш», — тлумачыць ён.
Некаторым зь іх патрэбна прафэсійная дапамога, бо, кажа доктар, дыягназ «каранавірус» у некаторых людзей выклікае сапраўдны стрэс.
«Цяпер у інфармацыйным полі разьдзімаецца тэма каранавірусу. Кажуць пра памерлых, пра тое, што іх тысячы. І калі чалавеку паведамляюць, што ў яго сапраўды каранавірус, — вядома, гэта страшна. Пасьля яго забіраюць у лякарню, у закрытае аддзяленьне, дзе яму нават нельга выходзіць з палаты. Толькі да прыбіральні і назад — больш не дазваляем. Ізаляцыя, наяўнасьць цяжкай хваробы — гэта вялікі стрэс. У некалькіх людзей здараліся гістэрыкі. У кагосьці былі проста сьлёзы, у кагосьці нейкія псыхасаматычныя праявы. Гэта ўскладняе нашую працу, але на гэта трэба зьвяртаць увагу. Што б хто ні казаў, але маральны настрой у значнай ступені ўплывае на здароўе і на тэрмін ачуньваньня».
Каб дапамагчы сваім пацыентам, Валер Машэль папрасіў дапамогі ў Twitter і знайшоў некалькіх псыхатэрапэўтаў, якія пагадзіліся працаваць з каранавіруснымі пацыентамі.
«Я дзесьці бачыў абʼяву з прапановай псыхатэрапіі для мэдыкаў. Мне прыйшла ў галаву такая ідэя. Тут паўстала іншае пытаньне, зьвязанае зь беларускім мэнталітэтам — „Навошта мне псыхатэрапэўт? Я што, псых? Сам спраўляюся!“ Але некалькі пацыентаў узялі ў мяне кантакты, і я ведаю, што нехта сапраўды пачаў займацца».
«Калі ўжо выходзіш, то хаця б маску надзень»
Мы пытаемся ў доктара, ці ня страшна яму заразіцца каранавірусам. Ён кажа, што гэта дадзенасьць.
«Я захварэю, — кажа Машэль, маючы на ўвазе патэнцыйнае заражэньне каранавірусам. — Амаль кожны, хто ёсьць у гэтай лякарні, асабліва тыя, хто працуюць з дакладна пацьверджаным каранавірусам, — усе захварэюць. Пытаньне, калі і ў якой форме. Таму мы больш баімся заразіць блізкіх».
Але ён лічыць, што ўвогуле каранавірус як зьява — гэта сур’ёзна.
«Сусьветная арганізацыя здароўя ня проста так абвясьціла пандэмію. Наколькі яна страшная адносна таго інфармацыйнага ўзроўню, які навокал, — гэта пытаньне цяжкае. Думаю, мы зможам адказаць на яго дастаткова абʼектыўна, толькі калі гэта ўсё скончыцца».
Чарговы раз лекар раіць беларусам сядзець дома і мыць рукі.
«Сядзець дома, калі ёсьць магчымасьць, нават не дзеля сябе, а дзеля сваіх блізкіх, асабліва пажылых. А калі ўжо выходзіш, то хаця б маску надзень. Ня ведаю, ці зьявіліся маскі ў аптэках. У нас у шпіталі ўсё ж такі сродкі аховы зьявіліся, на тым дзякуй».
Каб пераканаць людзей у такой неабходнасьці, павінна быць комплексная праца ў гэтым кірунку з боку ўладаў. Пра сябе Валер кажа: «Я ж доктар, а не зампаліт, каб гэтым займацца».
На разьвітаньне Валер Машэль дадае, што вельмі ўдзячны за дапамогу валянтэрам і іншым неабыякавым людзям.
«Хачу сказаць вялікі дзякуй тым людзям, якія цяпер дапамагаюць мэдыкам. Якія дзесьці здабываюць ці вырабляюць сродкі аховы, — кажа доктар. — Дарэчы, учора мы атрымалі пастаўку ад „Хакерспэйсу“ (ахоўныя шчыткі. — РС), а сёньня разьмеркавалі ў шпіталі. Карацей, усё дайшло да адрасатаў! Дзякуй людзям, якія прывозяць ежу і ваду. Проста вялікі дзякуй! Добра працаваць, калі ты маеш надзейны тыл.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ