Удзельнікі ўчорашняй нарады з Аляксандрам Лукашэнкам, у тым ліку міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік, ладзяць 8 красавіка брыфінг у Нацыянальным прэс-цэнтры. На брыфінгу не было журналістаў.
Як расказаў міністар Каранік, у 15 будаўнікоў з Расеі, якія знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС, выявілі каранавірус. Яны ўсе не пачыналі працаваць, а менавіта чакалі ў ізаляцыі, як і іншыя іншаземцы, якія прыяжджаюць на будоўлю ў Астраўцы, падкрэсьліў міністар.
У Беларусі больш за 600 чалавек, якія мусілі быць у самаізаляцыі пасьля прыезду з-за мяжы, не засталі дома, але неяк караць іх ня могуць, расказаў міністар. Цяпер «прапрацоўваецца пытаньне» пра адміністрацыйную адказнасьць за парушэньне самаізаляцыі.
Праваслаўным і каталіцкім грамадам краіны раней ужо накіроўвалі заклікі не цалаваць іконаў, а перад Вялікаднем Міністэрства аховы здароўя «праводзіць кансультацыі» з кіраўнікамі царквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікдзень — дома. Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся да вернікаўАгулам па краіне, адзначыў Каранік, відаць «невялікае перавышэньне» выпадкаў пнэўманіяў, але за тры месяцы бягучага году ад пнэўманіі памерлі толькі 254 чалавекі, калі за першы квартал мінулага — 277. Да таго міністэрства паведамляла пра 153 памерлых ад пнэўманіі сярод «пралечаных у стацыянарах», але 7 красавіка Лукашэнка назваў іншую лічбу — 254 агулам.
Каранік паўтарыў, што міністэрства не паведамляе пра выпадкі COVID-19 з разьбіўкай па раёнах краіны, бо «гэта выклікае нездаровы інтарэс». Цяпер вядомая толькі разьбіўка па абласьцях, і тая не ад прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, а ад дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Каранік засьцярог, што «мы так дойдзем да таго, што нас папросяць паведамляць па вуліцах, дзе пражывае хворы чалавек».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус у швэдзкім «некарантыне» расказвае, чаму гэта не беларускі варыянтНа брыфінгу агучылі і пытаньне пра наяўнасьць імунітэту ад COVID-19 у тых, хто ўжо перахварэў. Цяпер мэдыкі дасьледуюць антыцелы, якія арганізм выпрацоўвае супраць вірусу SARS-CoV-2. Наконт магчымасьці паўторнага заражэньня «дыскусіі ёсьць», пасьля слабых формаў хваробы тэарэтычна можа быць і паўторнае заражэньне. Але, адзначыў Каранік, «імунітэт выпрацоўваецца, гэты факт ужо пацьверджаны, цяпер дыскусія ідзе толькі наконт ягонай трываласьці і тэрміну разьвіцьця».
Таксама пад пытаньнем, адзначыў Каранік, магчымая мутацыя вірусу — цалкам магчыма, што калі-небудзь зьявіцца штам, які імунная сыстэма прапусьціць, нягледзячы на імунітэт да SARS-CoV-2.
У найбліжэйшы час у Беларусі плянуюць паспрабаваць выкарыстоўваць супраць найбольш цяжкіх формаў каранавірусу ўзбагачаную антыцеламі плязму. Але пакуль ні ў Беларусі, ні ў сьвеце ня вынайдзена адназначна дзейсных лекаў супраць менавіта гэтага вірусу, а толькі супраць асобных сымптомаў; таксама няма вакцынаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25% ці 0,6%? Дзяржкантроль знайшоў маскі ў чвэрці аптэк Менску, мы праверыліШто да дэфіцыту масак і антысэптыкаў, Каранік нагадаў, што ажыятажны попыт ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. У Беларусі лёгкая прамысловасьць перастройваецца, мае выйсьці на вытворчасьць мільёна масак на дзень, на наступным тыдні — два мільёны на дзень, запэўніў міністар, і неўзабаве праблему вырашаць. Таксама частка прадпрыемстваў, у якіх антысэптыкі быў не асноўным відам дзейнасьці, таксама пачалі выпуск такіх сродкаў.
У Беларусі назіраецца і дэфіцыт парацэтамолу, які дапамагае зьбіць высокую тэмпэратуру. За апошнія два тыдні яго прадалі столькі, колькі звычайна прадаюць за 14 тыдняў. Каранік засьцярог: бескантрольны прыём парацэтамолу можа быць нават шкаднейшым за каранавірус, а прымаць яго без сымптомаў ня варта, бо ён ня мае прафіляктычнага або вітаміннага эфэкту, але мае проціпаказаньні, магчымыя пабочныя эфэкты, а ад перадазаваньня можа пачацца нэкроз пячонкі.
Работнікі сфэры паслуг, пацьвердзіў міністар, абавязаныя насіць маскі, і ў большай частцы крамаў прадаўцы і касіры цяпер працуюць у масках і пальчатках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыскатэкі закрыць, маскі надзець, дыстанцыйная праца «па магчымасьці». Новыя антывірусныя захады ў БеларусіЗаразіцца COVID-19 можна праз шматлікія паверхні, калі на іх трапіў вірус ад хворага, а здаровы чалавек, напрыклад, дакранаецца спачатку да паверхні, пасьля да твару. Хоць няма адназначных доказаў таго, што каранавірус ня можа перадавацца з кватэры ў кватэру праз вэнтыляцыю, мэдыкі лічаць гэта вельмі малаверагодным: канцэнтрацыі вірусу будуць занадта малымі, і праз вэнтыляцыю паветра выцягваецца вонкі, а не «працягваецца» пасьлядоўна з кватэры ў кватэру.
Па стане на раніцу 8 красавіка Мінздароўя паведамляла пра 1066 пацьверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі: 976 пацыентаў на лячэньні, 77 выпісалі здаровымі, 13 памерлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 інфікаваных за дзень — «катастрофы няма». Усе цытаты з «каранавіруснай» нарады Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А жэрці што будзем?» — Лукашэнка зноў выказаўся супраць карантыну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі і лекары ідуць на «каранавірусную» нараду да Лукашэнкі бяз масак. ФАТАФАКТ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра «ня наш мэтад» барацьбы з каранавірусам: «Увядзём вайскоўцаў, амапаўцаў мабілізуем»Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.