Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у Наваполацку: галоўны доктар «Нафтану» ізаляваны, старшыня гарвыканкаму на карантыне


«Нафтан-Палімір», Наваполацак, архіўнае фота
«Нафтан-Палімір», Наваполацак, архіўнае фота

У галоўнага доктара заводзкай паліклінікі НПЗ «Нафтан» Сяргея Чубрыка знайшлі каранавірус. Такі вынік даў папярэдні тэст, паведамляе «Вестник Нафтана».

Сяргей Чубрык ізаляваны. Афіцыйна паведамляецца, што, «дзякуючы распрацаваным захадам, удалося імгненна выявіць кантакты першага ўзроўню, якія неадкладна самаізаляваліся»:

«Работнікі, якія залічваюцца да кантактаў першага ўзроўню, прайшлі тэст на каранавірус, ён даў адмоўны вынік».

Акрамя таго, с​таршыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Дзямідаў паведаміў у сваім інстаграме, што знаходзіцца на карантыне, бо зьяўляецца кантактам першага ўзроўню чалавека з каранавірусам.

У цяпер закрытым акаўнце ён піша, што знаходзіўся з інфікаваным у адным памяшканьні.

«Мною здадзены тэст, які паказаў адмоўны вынік. Цяпер я знаходжуся ў самаізаляцыі, працягваю працаваць дыстанцыйна. Выконваю рэкамэндацыі лекараў і прабуду пад наглядам неабходны час», — напісаў старшыня.

Таксама ён тлумачыць, што сытуацыя ў Наваполацку «знаходзіцца пад кантролем». Ён заклікаў жыхароў гораду «быць самадысцыплінаванымі, строга прытрымлівацца рэкамэндацый лекараў: па магчымасьці не бываць у шматлюдных месцах, выконваць санітарныя патрабаваньні».

На просьбу карэспандэнта Свабоды пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі Дзьмітры Дзямідаў пакуль не адгукнуўся.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG