Афіцыйна ў красавіку не абвяшчалася пра новыя захады супраць распаўсюду COVID-19 у Беларусі. Але на прадпрыемствы пачалі прыходзіць лісты з распараджэньнямі Мінздароўя і Менгарвыканкаму.
Ліст Менгарвыканкаму
Камісія па надзвычайных сытуацыях Менгарвыканкаму зацьвердзіла плян дадатковых захадаў дзеля прафіляктыкі распаўсюду COVID-19 у Менску. Тэкст распараджэньняў публікуе Telegram-канал Nexta Live.
Камітэт па ахове здароўя Менгарвыканкаму ў камэнтары Свабодзе прызнаў наяўнасьць пратаколу ад 4 красавіка. Але ў камітэце не патлумачылі, ці зьяўляюцца ягоныя пункты абавязковымі для выкананьня, ці носяць рэкамэндацыйны характар.
Паводле дакумэнту, які трапіў да Nexta, у Менску да 7 красавіка трэба было:
- зрабіць захады дзеля нядопуску да працы супрацоўнікаў з прыкметамі рэсьпіраторных інфэкцый;
- ладзіць штодзённую тэрмамэтрыю перад пачаткам працы супрацоўнікаў, якія аказваюць паслугі насельніцтву (сацыяльнай сфэры, сфэраў гандлю, харчаваньня, гатэляў, пошты, жыцьцезабесьпячэньня гораду і іншых), а ў выпадку падвышэньня тэмпэратуры адхіляць ад працы;
- скасаваць выставы, кірмашы, прэзэнтацыі, масавыя акцыі ў гандлёвых цэнтрах, замоўныя мерапрыемствы ва ўстановах харчаваньня;
- спыніць працу дыскатэкаў, начных клюбаў, кальянных, боўлінгаў і більярдаў, кампутарных клюбаў;
- забясьпечыць супрацоўнікаў гандлёвых аб’ектаў, якія кантактуюць з наведнікамі, абарончымі маскамі, пальчаткамі, антысэптыкамі;
- рабіць у страўнях, кавярнях і рэстарацыях тэхналягічны перапынак на дэзынфэкцыю ня менш як на 60 хвілінаў пасьля 15:00;
- забясьпечыць у страўнях, кавярнях і рэстарацыях «разлучэньне наведнікаў» — рассунуць сталы так, каб людзі сядзелі на адлегласьці 1,5 м;
- у цырульнях, салёнах прыгажосьці і тату-салёнах прымаць наведнікаў з інтэрвалам мінімум 5 хвілін паводле папярэдняй замовы, а пэрсаналу насіць маскі;
- ва ўсіх арганізацыях праводзіць вільготную ўборку памяшканьняў з мыйнымі і дэзынфэкцыйнымі сродкамі, забясьпечыць эфэктыўную працу вэнтыляцыі;
- разьмежаваць супрацоўнікаў на некалькі зьменаў зь перапынкам ня менш як 30 хвілін між зьменамі;
- не дапускаць староньніх людзей у памяшканьні, пэрсанал службаў рамонту і абслугоўваньня абсталяваньня дапускаць толькі ў масках.
Ліст Мінздароўя
Яшчэ адзін ліст ад 4 красавіка, ужо ад Міністэрства аховы здароўя і галоўнай санітарнай лекаркі Беларусі Натальлі Жукавай, публікуе і Nexta, і шэраг СМІ. Сапраўднасьць ліста пацьвердзілі Tut.by у адміністрацыі Заводзкага раёну Менску.
Ліст адрасаваны «дзяржаўным органам і арганізацыям» усёй краіны паводле прыкладзенага сьпісу. У ім рэкамэндуюць (не абавязваюць):
- тых, хто прыбыў у Беларусь з-за мяжы, дапускаць да працы толькі пасьля 14-дзённай самаізаляцыі;
- «пры наяўнасьці магчымасьці» арганізаваць дыстанцыйную працу;
- не дапускаць на працу людзей з прыкметамі рэсьпіраторных інфэкцый: катарам, чханьнем (яны не зьяўляюцца сымптомамі COVID-19), кашлем, высокай тэмпэратурай;
- паміж працоўнымі месцамі і паміж наведнікамі трымаць дыстанцыю ў 1–1,5 м;
- адкласьці масавыя мерапрыемствы, як то выставы, сэмінары і канфэрэнцыі, «да стабілізацыі эпідэміялягічнай сытуацыі ў сьвеце»;
- нарады і плянэркі па магчымасьці праводзіць празь відэасувязь;
- скасаваць замежныя камандзіроўкі, пры немагчымасьці — пасылаць тых, хто не ўваходзіць у групы рызыкі, забясьпечыць іх антысэптыкамі;
- забясьпечыць магчымасьць памыць рукі вадой з мылам або антысэптыкам, пры магчымасьці разьмясьціць дазатары антысэптыку «ва ўсіх бачных месцах»;
- забясьпечыць «магчымасьць выкарыстаньня» супрацоўнікамі мэдычных масак;
- рэгулярна ладзіць вільготную ўборку памяшканьняў з выкарыстаньнем мыйных або дэзынфэкцыйных сродкаў, «з акцэнтам на апрацоўцы ўсіх паверхняў»;
- ладзіць «рэгулярнае і як мага часьцейшае» праветрываньне памяшканьняў, а таксама «ўвільгатненьне паветра любымі даступнымі сродкамі», па магчымасьці — дэзынфэкцыю паветра;
- выкарыстоўваць для харчаваньня супрацоўнікаў аднаразовы посуд;
- разьмясьціць на бачных месцах плякаты і ўлёткі аб прафіляктыцы рэсьпіраторных інфэкцый.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.