Аляксандар Лукашэнка склікаў 7 красавіка нараду аб пастаўках нафты, пасьля якой заплянаваная нарада аб сытуацыі з каранавірусам.
Паводле ананімнага Telegram-каналу «Пул первого», блізкага да прэс-службы Лукашэнкі, на нараду аб эпідэміялягічнай сытуацыі запрасілі кіраўнікоў абласьцей і начальнікаў «аблздраваў», а таксама лекараў «найбольш запатрабаваных клінік».
Як перадае БелТА, Аляксандар Лукашэнка пачаў з эканамічных пытаньняў — зазначыў, што ва ўсім сьвеце «падзеі разьвіваюцца неадназначна».
«Таму мной заплянаваны шэраг захадаў у пытаньнях, якія цяпер патрабуюць рэагаваньня ў найбольшай ступені і перш за ўсё ўплываюць на нашую эканоміку, — казаў Лукашэнка. — Падкрэсьліваю: гэта галоўнае. Эканоміка, а значыць жыцьцё людзей, ня толькі сёньня, але і ў пэрспэктыве, — пытаньне нумар адзін. Усё павінна быць падпарадкавана гэтаму пытаньню».
Як «задачу нумар адзін» ён вызначыў працу сельскай гаспадаркі, якую загадаў узяць на «жэстачайшы кантроль», бо «нафта нафтай, але яе на стол не падасі».
«Як у нас тут мэкаюць вакол: карантын, камэнданцкі час і іншае, — перадае Tut.by разважаньні Лукашэнкі. — Слухайце, гэта прасьцей за ўсё, гэта мы зробім на працягу сутак, але жэрці што будзем?»
У кантэксьце забесьпячэньня палівам машынаў да вясновых палявых работаў ён адзначыў:
«Вы бачыце, ужо ня толькі асобныя чыноўнікі міжнародных арганізацыяў загаварылі пра голад у недалёкай пэрспэктыве, але ўжо ўсё талдычаць, і кіраўнікі самых разьвітых перадавых краінаў».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.