Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 7 красавіка заклікаў каталікоў адсьвяткаваць Вялікдзень дома. Каталіцкі Вялікдзень сёлета прыпадае на 12 красавіка, праваслаўны — на 19 красавіка.
«З аднаго боку, гэта добра, што людзі ідуць у касьцёл і цягнуцца да Бога, — перадае БелТА словы Кандрусевіча. — Але з другога боку, людзі чытаюць інфармацыю ў інтэрнэце. Я не магу загадаць не ісьці ў касьцёл, але я заклікаю глядзець на стан свайго здароўя і выконваць неабходную дыстанцыю падчас наведваньня храма».
На мінулым тыдні Кандрусевіч запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведваньня касьцёлаў і ўдзельнічаць у сьвяточных набажэнствах з дапамогай трансьляцыяў.
Раней, каб не дапусьціць распаўсюджваньня эпідэміі каранавірусу, не пускаць у храм старых, дзяцей і моладзь заклікаў прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько.
Ды некаторыя вернікі, у тым ліку пажылога веку, узялі ўдзел у набажэнствах Вялікага тыдня ў храмах і на вуліцах.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.