«Баюся людзкой панікі і агрэсіі» — былая супрацоўніца эпідэмічнага аддзелу санслужбы Менску пра сытуацыю з COVID-19

Натальля Агарэлышава

«На распаўсюджваньне эпідэмій уплываюць як прыродныя фактары, так і сацыяльныя, таму браць за аснову думку лекара з Гішпаніі ці Італіі ня трэба — у нас і клімат іншы, і сыстэма працуе інакш», — лічыць Натальля Агарэлышава, былая супрацоўніца эпідэмічнага аддзелу Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, а цяпер магістарка па культурнай спадчыне.

«Пандэмія — распаўсюджваньне інфэкцыі па сьвеце, пра Беларусь можна сказаць, што тут адбываецца эпідэмічная ўспышка»

— Вы адпрацавалі 12 гадоў у эпідэмічным аддзеле санітарнай службы. Як вы ацэньваеце стан мэдычнай сыстэмы Беларусі ў справе гатовасьці да пандэміі каранавірусу?

— Так, паводле першай адукацыі я санітарная фэльчарка, і сапраўды 12 год адпрацавала ў супрацьэпідэмічным аддзеле адной з санслужбаў Менску. Гэта ўключала ў сябе выхады ў ачагі розных інфэкцыйных захворваньняў і ў інфэкцыйныя стацыянары. Цяпер модна ўжываць тэрмін «пандэмія», але ж ён азначае распаўсюджваньне інфэкцыі па сьвеце.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра Беларусь можна сказаць, што тут адбываецца эпідэмічная ўспышка — раптоўны рост колькасьці інфэкцыйных захворваньняў на пэўнай тэрыторыі. Я не магу ацэньваць стан мэдычнай сыстэмы Беларусі ў справе гатоўнасьці да сутыкненьня з каранавіруснай інфэкцыяй і працы зь ёй, бо даўно не працую ў гэтай сыстэме, але ж мяркую, што з пачаткам першых «выбухаў» і ў Кітаі, і ў Італіі, і ў суседніх краінах нашы мэдыкі пачалі прагназаваць, калі гэта дойдзе да Беларусі і што трэба з гэтым рабіць. Бо інакш гэтая сыстэма не працуе.

— З успышкамі якіх інфэкцый вы мелі справу за 12 гадоў працы? Ці можна сказаць, што цяперашняя сытуацыя — найбольш небясьпечная за часы незалежнасьці Беларусі?

— Добра памятаю ўспышку энтэравіруснай інфэкцыі ў 2007 годзе, тады ўсе таксама «прыстасоўваліся» да яе і вучыліся зь ёй працаваць. Спачатку думалі, што гэта толькі «дзіцячая» інфэкцыя, але ж хварэлі і дарослыя, толькі пераносілі яе значна лягчэй. Адбыўся «выбух», усё заціхла, а потым пачалі рэгістравацца асобныя выпадкі ў Беларусі. Потым да нас прывезьлі адзёр «гандлёвымі шляхамі», памятаеце, калі было модна езьдзіць у Хмяльніцкі ва Ўкраіну? Тады мы хваляваліся за непрышчэпленых людзей. Таксама я бачыла ўспышкі пэдыкулёзу ў асобна ўзятых дзіцячых установах пасьля вакацый. А вось слова «эпідэмія» больш тычыцца такіх інфэкцый, як грып, бо там лік ідзе на тысячы захварэлых людзей. І гэта ня страшна, гэта значыць, што пайшоў эпідпрацэс, зь якім трэба працаваць, каб яго ўрэгуляваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская інфэкцыяністка: у Швэцыі без абвяшчэньня карантыну людзей памерла менш, чым там, дзе яго абвясьцілі

Я не магу сказаць, што сёньняшняя сытуацыя найбольш небясьпечная. Тут жа ўсё залежыць ад канкрэтнай інфэкцыі: як яна сябе павядзе далей, як яе будуць успрымаць людзі і якія рэгіструюцца формы — лёгкія ці цяжкія. Напрыклад, для каранавіруснай інфэкцыі на канкрэтнай тэрыторыі лічба 100 — ужо сур’ёзна, а для мэнінгіту сур’ёзныя ўжо 1–2 выпадкі, асабліва калі гэта мэнінгакокавы мэнінгіт у форме энцэфаліту (бо ён паражае галаўны мозг).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да канца красавіка, найбольш імаверна, усё закончыцца» — галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску 

— Міністар аховы здароўя казаў, што разьвіцьцё сытуацыі з каранавірусам у Беларусі ня пойдзе па «італьянскім» сцэнары — маўляў, «у нас сцэнар крыху іншы, таму што ў Эўропе няма санітарна-эпідэміялягічнай службы і няма інфэкцыйных шпіталяў». Ці сапраўды гэта так?

— Канечне! І я зьвяртала на гэта ўвагу ў камэнтарах пасьля публікацыі майго артыкула. Бо на распаўсюджваньне эпідэмій уплываюць як прыродныя фактары, так і сацыяльныя. Таму браць за аснову думку лекара з Гішпаніі ці Італіі ня трэба — у нас і клімат іншы, і сыстэма мэдыка-прафіляктычных устаноў працуе зусім інакш.

— Чаму маўчаць дзейныя беларускія дактары, эпідэміёлягі, вірусолягі, інфэкцыяністы? Як вы мяркуеце, ці былі б людзі больш спакойныя, калі б ім было дазволена адкрыта адказваць на пытаньні, якія хвалююць людзей?

— Пра «маўчаць» я б не сказала — уся інфармацыя абнаўляецца кожны дзень на сайце РЦГіЭ. Гэта значыць, што спэцыялісты «размаўляюць» з насельніцтвам мовай лічбаў, бо эпідэмічная сытуацыя кантралюецца і мяняецца кожны дзень. Да таго ж працуе «гарачая лінія» па пытаньнях каранавіруснай інфэкцыі (тэлефон там таксама ёсьць). Можна і задаваць пытаньні, і выказваць думкі. Але ж не забывайце, што нікуды ня дзеліся сэзонныя захворваньні і на ВРЗ, і на энтэравірусную інфэкцыю! Таму я шчыра спачуваю сваім былым калегам і жадаю ім моцы ў такі няпросты час, бо трэба адсочваць літаральна ўсё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму цяпер больш жорстка правяраюць наведвальнасьць?» На якія пытаньні не адказаў у стрыме міністар Каранік

«Людзі менш будуць езьдзіць на мора ў суседнія краіны, таму прывязуць менш гепатыту А»

— Што ваш 12-гадовы досьвед у эпідэміялёгіі падказвае наконт пэрспэктываў разьвіцьця каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі і ў сьвеце?

— Найперш, што ня можа ня радаваць — гэта кропельная інфэкцыя, таму яна ўсё ж сэзонная. Тут ідуць прагнозы аж да лета-восені, але ж пабачым. Летам заўсёды пачынаецца сэзон садавіны і гародніны, і таму ў нас заўсёды «ўраджай» дызэнтэрыі і сальманэлёзу. Канечне, людзі менш будуць езьдзіць на мора ў суседнія краіны, таму прывязуць менш гепатыту А. А па-другое — ніколі ня трэба забываць пра свой уласны імунітэт. Чаму мэдыкі заклікаюць, што яго трэба рыхтаваць яшчэ ўлетку? Таму што зімою можа здарыцца ўсё што заўгодна. Што, дарэчы, і адбылося: чакалі, як заўсёды, грыпу, а прыйшоў каранавірус. Людзям цяпер цяжка, бо іх арганізмы павінны змагацца і з сэзоннымі інфэкцыямі, і з «новай». Таму трэба сябе берагчы!

— Ці патрэбны для Беларусі карантын (больш ці менш жорсткі)?

— Тут трэба ўлічыць шмат паказчыкаў: і цыклічнасьць, і напружанасьць эпідпрацэсу на нашай тэрыторыі, і колькасьць захворваньняў канкрэтна ў кожным рэгіёне ці асобна ўзятым паселішчы, і нават узрост захварэлых. Я думаю, што гэта ўжо даўно аналізуецца. А таму я не магу адказаць адназначна, трэба ці не і якім ён павінен быць. Вось цяпер людзі сядзяць у лябараторыях, працуюць зь вірусам, вывучаюць яго асаблівасьці, а потым перадаюць дадзеныя «вышэй» — вось там усё і вырашаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачобут супраць Кіма: каго «ратуе» Лукашэнка, адмаўляючыся ўводзіць карантын?

— Чаго вы самі баіцеся ў сувязі з пандэміяй?

— Можа, трохі патасна гучыць, але для сябе я не баюся нічога. Але я бачыла, як хварэюць іншыя людзі, і мне заўсёды было іх шкада. Шкада сем’яў, дзе паміралі родныя людзі ад мэнінгіту і ад грыпу, шкада тых, хто «прывозіў» розныя экзатычныя хваробы зь летняга адпачынку. Цяпер мне таксама ўсіх шкада, і цяпер я баюся людзкой панікі і агрэсіі. Бывае, што страшна на вуліцы, калі чалавека, які мае іншы колер скуры або кашляе, падазраюць невядома ў чым і ледзь не выганяюць з транспарту. Страшна, што няма сьвядомасьці.

«Культурная спадчына некаторы час будзе „адпачываць“»

— Адкажыце як навуковец: які галоўны выклік цяпер для нашага грамадзтва ў сувязі з каранавірусам?

— Я спэцыялістка па культурнай спадчыне, да таго ж працавала ў паломніцкім аддзеле і займалася антрапалёгіяй. Гэта розныя пласты мяне, розныя ідэнтычнасьці, але ў гэты час яны працуюць вельмі добра! Калі я гляджу на тое, што цяпер адбываецца ў сьвеце, то магу ацаніць сытуацыю з пункту гледжаньня і эпідэмічнага працэсу, і адносінаў да яго ў грамадзтве, і магу нават спрагназаваць, што можа адбыцца з культурнай спадчынай.

Так, цяпер у сувязі з каранавіруснай інфэкцыяй людзі перасталі наведваць музэі і іншыя аб’екты, таму магу сказаць, што спадчына некаторы час будзе «адпачываць», будзе некранутай і ў рэжыме онлайн. Гэта азначае менш інтэрвэнцый, затое больш часу на разважаньні, кшталту — «вось калі ўсё завершыцца, то з гэтым замкам мы зробім тое і тое, а пакуль намалюем гэта на паперы». І гэта таксама выйсьце! А пакуль — трэба не панікаваць і сапраўды разважаць на пэрспэктыву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія: ці далёка мы ад сярэднявечча

Нам цяпер лепей, чым у 14–15 стагодзьдзях, калі не было карантынных мерапрыемстваў, на вуліцах ляжалі трупы і не было каналізацыі. Вось гэта былі эпідэміі. Што яшчэ важна — тое, што падчас такіх бедзтваў мозг чалавека думае, як выратавацца. Напрыклад, калі падчас Другой усясьветнай вайны вынайшлі пэніцылін, што ўратавала тысячы жыцьцяў. Больш за тое, ён працягваў ратаваць і пасьля вайны. А ў нас цяпер 21 стагодзьдзе, таму думаю, што цяпер недзе нараджаецца тое, што можа дапамагчы.

Вось мы ўсе перайшлі на рэжым онлайн, і гэта ўжо рэаліі сёньняшняга часу, а заўтра можа адбыцца нешта новае, і не абавязкова нэгатыўнае. Таму цяпер трэба абагульніць назапашаны вопыт, пераасэнсаваць сытуацыю і думаць, як гэта ўсё выкарыстаць у пазытыўных мэтах. Як кажуць эпідэміёлягі: «Розныя сытуацыі — розныя мадуляцыі». Здароўя нам усім!

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ