Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аднойчы мяне пахавалі». Беларус з каранавірусам паправіўся і расказвае, як яно было


Ілюстрацыйнае фота. Пацыента з каранавірусам транспартуюць у машыну хуткай дапамогі
Ілюстрацыйнае фота. Пацыента з каранавірусам транспартуюць у машыну хуткай дапамогі

Малады чалавек падарожнічаў у эўрапейскай краіне. Па вяртаньні ў Беларусь на пачатку сакавіка здаў тэст на каранавірус, ён паказаў наяўнасьць гэтай інфэкцыі. Так хлопец трапіў у шпіталь, як і тыя, хто зь ім кантактаваў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Але на сёньня адзін тэст на каранавірус ужо даў адмоўны вынік. Яшчэ два адмоўныя — і хлопец паедзе дахаты.

А цяпер ён расказвае, як правёў некалькі тыдняў у ізаляцыі, маючы хваробу, якой баяцца ва ўсім сьвеце.

«Усё гэта, можа, і падобна да кіно, але хіба да самага нуднага»

Яшчэ калі ў Беларусі не было першых хворых, хлопец сачыў за сытуацыяй з каранавірусам.

«На навіны пра каранавірус я ўвагу, вядома ж, зьвяртаў. І цяпер, і тады ставіўся да іх з жартам. Я дапускаў, што магу захварэць, але не скажу, каб запалоханы хадзіў», — тлумачыць ён і кажа, што пасьля паездкі адмовіцца ад тэстаў было нельга.

«Калі зьявіліся першыя сымптомы, я менш за ўсё пра вірус думаў, але калі мне пазванілі, я ўсё зразумеў і стаў хвалявацца, як цяпер усё будзе, — апісвае ён пачатак хваробы. — У шпіталь мяне везьлі ў капсуле. Адчуваньне было, нібыта я асабліва небясьпечны аб’ект».

У шпіталі ўвялі захады надзвычайнай бясьпекі. Але з фантастычнымі фільмамі падабенства няшмат.

«Мэдпэрсанал ходзіць у поўным рыштунку. Штодня, незалежна ад майго стану, мяне правяралі, слухалі, глядзелі горла, жывот. Пра лячэньне і шпіталь расказваць ня буду, — кажа хлопец. — Усё гэта, можа, і падобна да кіно, але хіба да самага нуднага».

На другі дзень у шпіталі з праяваў хваробы ў яго засталіся толькі кашаль і насмарк. Але нагадваем, што хлопец малады і мае добрае здароўе. У такіх людзей хвароба можа праходзіць амаль бессымптомна. А вось у людзей пажылых і з хранічнымі хваробамі каранавірус можа праходзіць цяжэй і, маючы сымптомы, адкладаць выклік доктара ня варта.

«Я тады ўжо перастаў хвалявацца, а вось блізкія яшчэ тыдзень турбаваліся, званілі, распытвалі. Але пасьля зразумелі, што ўвесь тыдзень усё стабільна добра, а ў тых, хто кантактаваў са мной, таксама няма сымптомаў. Тады і яны сталі спакойна ставіцца да карантыну», — гаворыць хлопец і пацьвярджае, што агульная боязь вірусу ў грамадзтве адчуваецца, але сам яе не падзяляе.

«Людзей, якія панікуюць, увогуле не разумею, — кажа ён. — У гэтай хваробе, як і ў іншай, важны імунітэт. Раіць нічога ня буду, але пачытайце парады САЗ, там усё ёсьць. І гэта ўжо ваш выбар — што рабіць далей са сваім здароўем».

«У інтэрнэце пра мяне пішуць факты, якія ня маюць нічога супольнага з праўдай»

Найбольш непрыемным ва ўсёй гэтай гісторыі для яго была доўгая ізаляцыя.

«Яшчэ спачатку было непрыемна, што пра мяне ў інтэрнэце пішуць людзі, якія нічога пра мяне ня ведаюць. Яны бяруць нейкія факты, якія ня маюць нічога супольнага з праўдай, а аднойчы мяне нават пахавалі. Але пасьля мне стала ўжо ўсё адно», — кажа ён.

Надта гэтая гісторыя на ягонае жыцьцё не паўплывала, але гэта і таму, што ўсё прайшло лёгка.

«Я толькі пераканаўся, што ёсьць сябры і блізкія, якія хвалююцца, стараюцца дапамагчы. А ёсьць такія, якія гэтага ня робяць. Вось і ўсё. За здароўем буду сачыць трохі лепш», — гаворыць хлопец.

На працягу сакавіка, калі пандэмія ахапіла сьвет, навіны пра каранавірус мяняюцца імкліва. Хлопец прызнае, што «сытуацыя стала вельмі глябальнай».

«Мне здаецца, гэта празь неахайнасьць і халатнасьць людзей, — мяркуе малады чалавек. — Закрытыя межы мяне не палохаюць; думаю, гэта правільнае рашэньне. Але сьвет хутчэй вернецца ў свой звыклы стан, калі людзі навучацца слухаць і выконваць перасьцярогі тых, хто ведае ў гэтай сфэры больш, і перастануць думаць, што ўсё фігня, а яны разумнейшыя і мацнейшыя за ўсіх».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG