Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пандэмія: ці далёка мы ад сярэднявечча


Дактары Кракаўскага ўнівэрсытэту часоў Скарыны.
Дактары Кракаўскага ўнівэрсытэту часоў Скарыны.

Гісторыкі фіксуюць выпадкі эпідэмій заразных хваробаў у Беларусі на працягу ўсёй яе пісьмовай гісторыі пачынаючы ад ХІ стагодзьдзя.

Колькі эпідэміяў перажыла Беларусь

З увагі на няразьвітасьць сярэднявечнай мэдыцыны нельга дакладна сказаць, якія менавіта гэта былі захворваньні. А з прычыны неідэальнай захаванасьці летапісаў і хронік, цяжка нават дакладна падлічыць колькі эпідэміяў перажыла Беларусь.

Гісторык беларускай мэдыцыны Валянцін Грыцкевіч у ХІ-XV стагодзьдзях налічыў ня менш за 29 эпідэмій з масавай сьмяротнасьцю людзей, а ў XVІ- XVІІІ стагодзьдзях — ня менш за 81 эпідэмію. Усе гэтыя катастрофы тады бяз розьніцы дыягназу называлі морамі, паморкамі і пошасьцямі.

Кніга Валянціна Грыцкевіча "С факелом Гиппократа. Из истории беларусской медицины". Менск, 1987
Кніга Валянціна Грыцкевіча "С факелом Гиппократа. Из истории беларусской медицины". Менск, 1987


Якія хваробы менавіта выклікалі масавыя сьмерці таксама дакладна сказаць нельга. Паводле згаданых аўтарамі летапісаў і хронік сымптомаў, гісторыкі мэдыцыны робяць высновы, што вельмі часта гэта былі, напрыклад, бубонная чума, тыфус і энцэфаліт.

У 1424 годзе Вялікае Княства Літоўскае паразіла бубонная і лёгачная чума. Тое самае здарылася і ў 1464 годзе. У 1580 годзе Полацак і Полаччыну паразіла эпідэмія тыфусу, падчас якой памірала менш людзей ў параўнаньні з чумой.

Колькасьць ахвяр часта была вельмі вялікаю. Напрыклад, паводле Валянціна Грыцкевіча, у 1529 годзе ад эпідэміі загінула палова войска ВКЛ, у 1602 годзе ў Магілёве і навакольлі памерла 4 тысячы чалавек, у адным Нясьвіжы ў 1625 годзе ад невядомай хваробы загінула 500 мяшчан. Эпідэмія 1708 году ў Наваградку забіла палову жыхароў гораду. У жніўні-верасьні 1710 году эпідэмія ў Горадні прымусіла ўсіх жыхароў пакінуць свае дамы, ратуючыся ад сьмерці, і горад цалкам апусьцеў.

Наогул, гісторыкі лічаць, што эпідэмій было значна больш, чым гэта зафіксавана ў пісьмовых крыніцах.

Як з эпідэміямі змагаліся

Мэтады змаганьня з эпідэміямі былі вельмі жорсткія.

Падчас эпідэміі 1531 году ў Вільні вялікі князь Жыгімонт І Стары загадаў мяшчанам скласьці тэстамэнты, трымаць адчыненай толькі адну браму, а варце не пускаць у горад людзей з заражанай мясцовасьці. Тады ж у Вільню па трубах правялі ваду ад ракі Цуг Жупранскі і пабудавалі некалькі грамадзкіх лазьняў.

У 1571 годзе на загад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ў Вялікім Княстве Літоўскім зьявілася Мэдычная Кантубэрнія, якая мелася зьмяншаць наступствы эпідэміяў — аналяг сучаснай проціэпідэміялягічнай службы.

Жыхары заражаных гарадоў і мястэчак у выпадку эпідэміяў выстаўлялі заставы, арганізоўвалі карантыны, ізалявалі хворых і здаровых.

Старадаўні проціэпідэміялягічны касьцюм лекара і чумная маска.
Старадаўні проціэпідэміялягічны касьцюм лекара і чумная маска.

У 1456 годзе пачалася эпідэмія ў Рызе. Жыхары Полацка выставілі заставы, перакрылі рух у горад для рыскіх купцоў, цалкам спынілі гандаль з Рыгай, напісаўшы ў адпаведным дакумэнце «бо то есть во всих землях таков обычай».

У 1532-1533 гадах у ВКЛ пачалася моцная эпідэмія, у сувязі з чым жыхары Воршы завялі ў сваім горадзе татальны карантын, цалкам ізаляваўшы яго.

Падарожнікаў з заражаных краінаў і мясцовасьцяў аглядалі лекары і ў выпадку патрэбы саджалі на карантын пад узброенай вартай. Гэтая практыка была такой жорсткай, што яе не маглі пазьбегнуць нават арыстакраты. Слонімскі магнат, маршалак Сойму Рэчы Паспалітай Крыштаф Завіша ў 1719 годзе ўцякаў з ахопленай паморкам Валыні ў Слонім і па дарозе ня менш за тры разы з усёй сям’ёй трапляў у карантын пад вартай, бо ў ягоных дачок і слуг пэрыядычна зьяўляліся то высокая тэмпэратура, то панос.

У 1602 годзе ў Вільні падчас паморка заражаныя кварталы ачапляліся ўзброенай вартай, а дамы памерлых людзей спальваліся разам з рэчамі.

Аблачэньне старадаўняга лекара.
Аблачэньне старадаўняга лекара.

Агулам у тыя часы сытуацыя для жыхароў заражаных гарадоў і вёсак выглядала трагічна. Магчымасьці мэдыцыны былі невялікія. Галоўным сродкам барацьбы з эпідэміямі быў карантын, ізаляцыя.

Гістарычныя крыніцы поўняцца паведамленьнямі, што тых, хто ўцякаў ад эпідэміяў, у іншыя населеныя пункты не пускалі. Некаторыя з тых, хто выжыў і здолеў уцячы з заражанай мясцовасьці, сяліліся ў буданах на аддаленых балотах і жылі там гадамі, бо астатнія грамадзяне іх цураліся. Іншыя сыходзілі ва Ўкраіну і нават ў Маскоўскае царства. Такія масавыя сыходы зафіксаваныя ў 1588, 1601-1602, 1655, 1696 і іншыя гады.

Ці далёка мы адышлі ад тых часоў

І так, і не. Мэдыцына пакрочыла наперад, зьявіліся сучасныя мэтады дыягностыкі і эфэктыўныя лекі, эпідэміялёгія таксама не стаіць на месцы. Але людзі, іх страх перад заразай застаўся збольшага ранейшым.

І вось сёньня, падчас пандэміі каранавіруса ў сьвеце, асабліва ў Эўропе, мы назіраем як неверагодныя прыклады самааддачы і геройства лекараў, бліскучыя навуковыя ініцыятывы і распрацоўкі, салідарнасьць людзей, так і праявы жывёльнага страху перад інфэкцыяй і парушэньне мэдычнай этыкі.

Мы чытаем паведамленьні, як памерлую ў Італіі ад каранавіруса жанчыну 30 гадзін не забіралі ў морг, бо брыгада санітараў баялася заразіцца, а побач з трупам плакаў несуцешны муж. Або даведваемся, што ў Празе лекары прыватнага мэдычнага цэнтру выгналі на вуліцу пацыентаў, што прыйшлі на плянавы мэдагляд, толькі з той прычыны, што ў вялізнай фірме, дзе тыя пацыенты працуюць, тыдзень перад гэтым быў выяўлены адзін хворы на COVID-19.

Чарапы прафэсараў Падуанскага ўнівэрсытэту часоў Скарыны, якія завяшчалі свае целы навуцы.
Чарапы прафэсараў Падуанскага ўнівэрсытэту часоў Скарыны, якія завяшчалі свае целы навуцы.

І разам з тым, мы даведваемся пра прыгожыя выпадкі міжнароднай і людзкой салідарнасьці.

Кітай паслаў у ахопленую эпідэміяй Італію 1000 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і найлепшых сваіх інфэкцыяністаў.

Добраахвотнікі ў Румыніі развозяць прадукты пэнсіянэрам, якім нельга цяпер выходзіць на вуліцу.

Больш за тысячу студэнтаў мэдычных факультэтаў Чэскай рэспублікі прапанавалі свае паслугі бальніцам на выпадак крызісу.

Уся Чэхія цяпер сочыць за сытуацыяй вакол прыватнай лябараторыі Tilia, якой кіруе лекарка Соня Пэкава. На мінулым тыдні яна знайшла каранавірус у двух пацыентаў, якіх дзяржаўная бальніца прызнала здаровымі. За гэта лябараторыю пазбавілі акрэдытацыі і забаранілі рабіць аналізы на каранавірус. Але доктарка Пэкава не супакоілася і за выхадныя 15-16 сакавіка распрацавала новы ўнікальны тэст на каранавірус, які займае ўсяго чатыры гадзіны, і прапанавала яго бясплатна ўсім лябараторыям сьвету. Сёньня яго на ўзбраеньне бяруць лябараторыі ў краінах Эўропы і ЗША.

Карацей, у людзей усё як у людзей. Белае і чорнае ідуць побач. І калі раней зачынялі гарадзкія брамы, то сёньня гэта — дзяржаўныя межы краін.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG