Што будзе ў адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй? Ці зьменяцца сацыяльна-эканамічныя падыходы беларускай улады? Што азначае агучаны прагноз украінскіх выбараў?
Абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.
Сьцісла
- Лукашэнка даў адмоўны адказ на інтэграцыйныя прапановы Расеі
- Дыскусія з Раманчуком не азначае катэгарычную адмову ад рынкавых рэформаў
- Рашэньні па сьвяткаваньні гадавіны ўтварэньня БНР і Курапатаў — не палітычныя замаразкі, а ваганьні палітычнага ківача
- Прагноз наконт прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне — агітацыя за Пятра Парашэнку, які для Лукашэнкі лепш за іншых кандыдатаў
- На сацыяльныя пытаньні насельніцтва Лукашэнку няма чаго адказаць
Які адказ на захады Расеі?
Дракахруст: Са стасункаў з Расеяй «вялікая размова» Аляксандра Лукашэнкі пачалася, гэтая тэма займала ладную частку гутаркі. Ізноў гучалі папрокі на адрас Расеі, тлумачэньні, што гатовыя да паглыбленьня інтэграцыі, але толькі на роўных умовах. Але прагучалі і новыя моманты. У Беларусі 98% супраць зьліцьця з Расеяй, а тое, што Лукашэнка гатовы, як ён сказаў у Сочы — гэта, аказваецца, жарт. Таксама прагучала прапанова — давайце Расея ўступіць у склад Беларусі, а на чале саюзнай дзяржавы ўстане прэзыдэнт Беларусі. Ну а бяз жартаў — ці стала зразумела, які ж адказ Менску на «ультыматум Мядзьведзева»?
Карбалевіч: Адказ Лукашэнкі на прапановы Масквы — «не». Аднак не наўпрост, а дыпляматычна. Мы «за», але на раўнапраўнай аснове. У тым ліку і па валюце. На што, зразумела, Расея пайсьці не можа. І народ Беларусі, маўляў, не падтрымае далучэньне Беларусі да Расеі. То бок, фармальна мы гатовыя, але ў рэальнасьці — «супраць».
Паводле Лукашэнкі Расея адмыслова правела падатковы манэўр, каб пазбавіць Беларусь даходаў. То бок гэта чыста антыбеларускі крок. Таксама з адказаў Лукашэнкі мы даведаліся, што Масква тармозіць перамовы па газу на наступны год. І наконт крэдыту — таксама няма адказу ад РФ. Вось і ўвесь вынік перамоваў у Сочы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Непераканаўчы піяр. Невялікія высновы зь «Вялікай размовы»Дракахруст: Пазыцыя фактычна такая: мы не здадзімся, а тое, што мы будзем страчваць нейкія бонусы — значыць будзем зацягваць паясы?
Цыганкоў: Словы Лукашэнкі можна зразумець так: больш глыбокай інтэграцыі ня будзе, але ў гэтым Расея сама вінаватая. Новы матыў, які прагучаў сёньня — што народ, 98% беларусаў, ня хоча зьліцьця.
Не, Яраслаў: дэбаты з Раманчуком
Дракахруст: Яшчэ адным цікавым сюжэтам былі даволі канцэптуальныя дэбаты зь Яраславам Раманчуком. Лукашэнка выклаў даволі пасьлядоўную антырынкавую ідэалёгія. Гэта і ёсьць адказ на пытаньне, што ўлада зьбіраецца рабіць з эканомікай? І павучальнае тлумачэньне наконт таго, на каго Лукашэнка абапіраецца ў такой сваёй пазыцыі.
Карбалевіч: Пытаньне Раманчука і адказ Лукашэнкі — гэта была размова не проста на розных мовах, гэта камунікацыя людзей з розных плянэт. Раманчук казаў пра свабоду бізнэсу, а Лукашэнка ў адказ: я нарэзаў адказнасьць на прадпрымальнікаў на ІТ. Раманчук пра прыватную ўласнасьць на зямлю, Лукашэнка — я 25% калгасаў насільна навязаў бізнэсоўцам, чаго ты хочаш?
Цыганкоў: Пасьля мінулай такой «вялікай размовы» Раманчук стаў героям жартоўных мэмаў, тады Лукашэнка зьвяртаўся да яго — а што вы, Яраслаў, думаеце? На гэты раз Раманчук змог сказаць, што ён думае, і ён даволі актыўна спрачаўся з Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раманчук: «Я яшчэ не настолькі праштрафіўся, каб атрымаць „у падарунак“ калгас»І гэта быў той момант, калі апанэнт Лукашэнкі выглядаў дастаткова пераканаўча. Лукашэнка ледзь не апраўдваўся, тлумачыў, што на нейкія эканамічныя крокі не ідзе па палітычных прычынах, што гэта нельга рабіць хутка, каб не выклікаць сацыяльны выбух. Але ён не спрачаўся па сутнасьці.
Наконт спасылак Лукашэнкі на настроі людзей сьведчаць апошнія дадзеныя апытаньняў, паводле якіх за апошнія гады адбыліся даволі радыкальныя зьмены ў грамадзкіх настроях. Беларусы сталі больш за рынак, сталі менш спадзявацца на дзяржаву, больш давяраць прыватнаму бізнэсу.
Новая Канстытуцыя і шляхі на той сьвет
Дракахруст: Самыя гучныя заявы прагучалі напэўна ў адказ на пытаньне нашага калегі Валянціна Жданко. Ён спытаўся, як Лукашэнку бачыцца палітычная будучыня, транзыт улады. Лукашэнка агучыў тры тэзы.1. На той сьвет мяне не панясуць з прэзыдэнцкага фатэля 2. Я ня буду перадаваць уладу ў спадчыну 3. Трэба будзе памяняць Канстытуцыю. Што азначаюць гэтыя заявы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць пераемнікі і ці зьявіцца новая Канстытуцыя? Лукашэнка адказаў на пытаньні СвабодыКарбалевіч: Я вельмі скептычна стаўлюся да яго тэзысу, што «на той сьвет мяне не панясуць з прэзыдэнцкага фатэля». Веру, што пакуль ён не думае пра перадачу ўлады сынам, бо не зьбіраецца нікуды сыходзіць. Адзіная вартая ўвагі палітычная навіна, якая прагучала з вуснаў Лукашэнкі — гэта інфармацыя пра тое, што рыхтуецца прыняцьце новай Канстытуцыі. Дасюль гэтыя размовы былі няпэўныя, толькі як магчымы варыянт. Цяпер пра прыняцьце новую Канстытуцыю прагучала дакладна. Пакуль, праўда, незразумела, у якім кірунку яна павінна мяняцца. Камэнтары Лукашэнкі вельмі цьмяныя. Ці то нешта хавае, ці то пакуль сам не разумее, чаго хоча.
Палітычныя замаразкі: гадавіна БНР, Курапаты, унівэрсытэт
Дракахруст: Лукашэнка казаў даволі спрыяльна пра вэтэранаў апазыцыі — Валянціна Голубева, Алега Трусава, Ёсіпа Сярэдзіча. Але па сутнасьці ён абвясьціў пра палітычныя замаразкі: гадавіну БНР сьвяткаваць можна толькі на Бангалёры, рэстаран у Курапатах будзе, крыжы ў Курапатах непатрэбныя, хвалю Эўрарадыё не далі і не дадуць, беларускамоўнага ўнівэрсытэту ня будзе. Але потым, дарэчы, сказаў, што такі ўнівэрсытэт можа існаваць. Чым можна патлумачыць гэтыя замаразкі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Голубеў пагаварыў з Лукашэнкам пра каштоўнасьць незалежнасьці БеларусіЦыганкоў: Слова «замаразкі» мне падаецца занадта моцным. Тут няма нічога радыкальна новага. Гэта пацьверджаньне ранейшай лініі, што ня будзе ніякай занадта моцнай адлігі. Беларуская ўлада і ў зьнешняй, і ўва ўнутранай палітыцы спалучае крокі ў адзін і ў другі.
У 2017 годзе на 25 сакавіка быў хапун, а ў 2018 годзе — дазволілі, калі было стагодзьдзе ўтварэньня БНР. Людзі думалі, што цяпер так і надалей будзе, Лукашэнка даў зразумець, што гэта было выключэньне на адзін раз паводле пэўных прычынаў, магчыма, найперш з прычынай зьнешнепалітычных. З тым жа беларускамоўным унівэрсытэтам падобная сытуацыя. Алена Анісім, яго ініцыятарка, распавядала, зь якой колькасьцю цяжкасьцяў даводзіцца сутыкацца, як чапляюцца да кожнай дробязі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі будзе пры ўладзе — і яшчэ 10 галоўных тэзаў з выступу ЛукашэнкіЛукашэнка, адказваючы Зьмітру Лукашуку з Эўрарадыё, сказаў, што ніякага беларускамоўнага ўнівэрсытэта ня трэба. Тут ён меў на ўвазе, што няма патрэбы ў дзяржаўным беларускамоўным унівэрсытэце. А потым, адказваючы Анісім, зрабіў жэст, як з панскага стала — маўляў, хочаце, рабіце за свае прыватныя грошы ўнівэрсытэт. Калі ў апошнія гады кажуць пра беларусізацыю, маецца на ўвазе актыўнасьць грамадзтва, а не ўлады. Максымум, што робіць улада ў гэтым накірунку — гэта не падаўляе, не заціскае беларусізацыю, якую робіць грамадзтва.
Карбалевіч: Сытуацыя супярэчлівая. З аднаго боку, былі запрошаныя і атрымалі слова прадстаўнікі незалежных СМІ, незалежныя экспэрты (Раманчук, Анісім, Трусаў). Два гады таму на аналягічным мерапрыемстве незалежным мэдыя слова не далі. Цяпер Лукашэнка казаў, што трэба падключыць прадстаўнікоў апазыцыі да нейкіх экспэртных тусовак. А зь іншага боку, тое, што Вы. Юры, пералічылі — спрабуе вытрымліваць нейкі балянс.
«Прэзыдэнтам будзе Парашэнка»
Дракахруст: Напэўна самай вялікай сэнсацыя стала ацэнка ўкраінскіх выбараў — «Прэзыдэнтам будзе Парашэнка». Гэта прагноз, сапраўднае пажаданьне, ці разьлік, што спадзяваньне ня спраўдзіцца? Навошта гэта было гаварыць? Здаецца, раней Лукашэнка не выказваўся так ні пра якія прэзыдэнцкія выбары дзе б то ні было.
Карбалевіч: Не, ён прадказваў перамогу Трампа ў 2016 годзе.
Дракахруст: А, ну так. Гэта было выключэньне. Ці з таго часу і стаў больш вольным у ацэнках.
Карбалевіч: Тут ёсьць жаданьне падтрымліваць адносіны з тым прэзыдэнтам, якога ён добра ведае і зь якім склаліся пэўныя адносіны. А зь іншага боку, Лукашэнку, як аўтарытарнаму кіраўніку, цяжка ўявіць, што прэзыдэнт, які знаходзіцца ва ўладзе, можа прайграць выбары. Тут ужо пайшлі нейкія падсьвядомыя рэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Б — Бангалор, Н — Наеўся, Ч — Чарка: «Вялікая размова з Лукашэнкам» як альфабэтЦыганкоў: Лукашэнка — самы папулярны замежны палітык ва Ўкраіне. І калі ён гаворыць нешта станоўчае пра Парашэнку, ён думае такім чынам яму дапамагчы. Калі ён дае такі прагноз, насамрэч ён кажа пра тое, чаго ён бы жадаў. І калі Парашэнка сапраўды пераможа, ён з удзячнасьцю прыгадае прагноз, які Лукашэнка зрабіў 1 сакавіка.
Чым нашкодзіла Лукашэнку Польшча?
Дракахруст: Некалькі разоў прагучалі нападкі на Польшчу ў розных аспэктах: ад вайсковай мадэрнізацыі і нібыта плянаў разьмясьціць ядзерную зброю да мапаў з мяжой пад Менск. Чаму? Здаецца, Варшава вядзе вельмі лагодную лінію адносна Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслава паслаць у калгас, жанчынам — зьняць штаны. 33 ЦЫТАТЫ Лукашэнкі зь «Вялікай размовы». У карцінкахЦыганкоў: Мая вэрсія — гэта было сказана для расейскага слухача і гледача. Было прадэманстравана, што Беларусь занепакоеная паводзінамі заходняга суседа, мае зь ім праблемы, перасьцерагаецца іх рухамі цела ў вайсковай галіне. Масква патрабуе ад Менску больш рэзкай рэакцыі на польскія вайсковыя прыгатаваньні. Лукашэнка рытарычна і дэманструе ў гэтым пытаньні сваю прарасейскую пазыцыю. І сапраўды калі яго нават ніхто не пытаў, ён рассыпаў увесь час недружалюбныя рэплікі на адрас Польшчы.
Пасланьне Пуціна і размова Лукашэнкі
Дракахруст: Быў вельмі моцны кантраст паміж апошнім штогадовым пасланьнем Уладзіміра Пуціна і «вялікай размовай» Лукашэнкі. Выступ Пуціна быў пераважнай доляй прысьвечаны сацыяльным пытаньням. Выступ Лукашэнкі — амаль цалкам пытаньням міжнароднай палітыкі і праблемам бясьпекі. Чаму? У Беларусі такое добрае становішча ў сацыяльнай сфэры?
Карбалевіч: Я таксама зьвярнуў на гэта ўвагу. Мяркую, што была такая задума адносна гэтага выступу Лукашэнкі — як найменш кранаць сацыяльна-эканамічныя пытаньні. Бо менавіта гэтыя пытаньні выклікаюць найбольшае раздражненьне насельніцтва. І гэта людзей найбольш цікавіць, пра гэта можна судзіць хаця б па пытаньнях, якія былі дасланыя на БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка гаварыў больш за 7 гадзін. Гэта рэкорд?Але што тут мог сказаць Лукашэнка? Адзіная выснова, да якой ён прыйшоў — улада зрабіла ўсё, што трэба, улада стварыла ўсе ўмовы, і цяпер усё залежыць ад саміх беларусаў. І гэта вялікая праблема Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — што ён ня можа прапанаваць насельніцтву надзею, праграму на будучыню. Што мы рабілі, тое і будзем рабіць. Але насельніцтву гэта не падабаецца. Прамысловасьць памірае, беспрацоўе ў рэгіёнах расьце. Але яму няма чаго сказаць. Таму ён пераводзіць размову на геапалітыку, на адносіны з Расеяй.
Цыганкоў: Я мяркую, што тут ёсьць і псыхалягічны момант. Лукашэнку пра адны рэчы цікавей гаварыць, хочацца гаварыць, а пра іншыя не. Першае пытаньне было пра Расею і ён пра яе гаварыў гадзіну. Яму хацелася выгаварыцца. А вось пра пытаньні камуналкі, пэнсіяў — ня надта хацелася. І сказаць няма чаго, і псыхалягічна цяжка пра гэта казаць. Лепш гаварыць пра тое, як сустракаўся з Пуціным і прэзыдэнтамі Ірану і Турэччыны. Гэта больш захапляльна, чым сумная эканоміка, у якой да таго ж і пахваліцца няма чым.