Прафэсар Валянцін Голубеў, былы апазыцыйны дэпутат Вярхоўнага Савету, пераказаў Свабодзе свае ўражаньні ад гутаркі з Аляксандрам Лукашэнкам пра незалежнасьць і гісторыю беларускай дзяржавы. Гутарылі яны ў перапынку прэсавай канфэрэнцыі.
Прафэсар-гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня ад БНФ Валянцін Голубеў некалькі разоў трапляў пад увагу Аляксандра Лукашэнкі — кіраўнік дзяржавы ўзгадваў іх сумесную працу ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.
Лукашэнка выказаў зьдзіўленьне, што Голубеў вярнуўся на працу ў дзяржаўную ўстанову — Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук — і пасьпяхова там працуе.
Пасьля заканчэньня «Вялікай размовы» Валянцін Голубеў падзяліўся сваімі ўражаньнямі са Свабодай.
«Я ўпершыню на такім паседжаньні і, канечне, не чакаў, што Аляксандар Рыгоравіч столькі ўвагі зьверне на мяне. Мы потым яшчэ размаўлялі зь ім у перапынку, пагаварылі коратка пра незалежнасьць, пра гісторыю беларускай дзяржавы, пра пэрспэктывы.
Самая галоўная ідэя сёньняшняга мерапрыемства была — незалежная Рэспубліка Беларусь, незалежнасьць дзяржавы. І нацыянальная ідэя, якую мы ніяк ня можам сфармуляваць — гэта менавіта існаваньне незалежнай дзяржавы. І гэта рэфрэнам прайшло праз усе сем гадзін сустрэчы, паўтаралася шмат разоў, менавіта на гэтым рабіўся акцэнт — незалежнасьць, дзяржаўнасьць, сувэрэнітэт. Я вельмі ўражаны сустрэчай, мне было вельмі цікава».