У часе размовы Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі і экспэртамі адбылася гадзінная спрэчка з эканамістам Яраславам Рамачуком.
Яраслаў Раманчук задаў Лукашэнку пытаньне аб рэформах і прыватызацыі:
«Адкуль крыніцы росту ВУП, якія ставяцца перад эканомікай — 5-8% на год? І да якога часу будуць сілавікі „кашмарыць“ беларускіх бізнэсоўцаў замест таго, каб прадаць ім стратныя прадпрыемствы?»
Ён нагадаў, што Лукашэнка ў свой час сам сказаў: каб прыняў рынкавую эканоміку, быў бы «вечным прэзыдэнтам».
«Калі вы казалі публічна ўраду: ні капейкі даваць стратным прадпрыемствам. Я прааналізаваў 220 старонак указу па Аршанскім раёне. Там ёсьць прадпрыемствы, якія атрымалі грошы з рэнтабэльнасьцю −50%. Раптам яны павінны ператварыцца ў рэнтабэльныя. Гэта казкі.
Гэтыя прадпрыемствы для кагосьці татэмныя. Калі іх перадаць у прыватнасьць нашаму вялікаму бізнэсу пад іх бізнэс-пляны без датацый.
Вы казалі на сустрэчы зь бізнэс-супольнасьцю, калі б у Беларусі была прыватная эканоміка, я быў бы вечным прэзыдэнтам. Дык давайце зробім вас вечным прэзыдэнтам з прыватнай эканомікай», — сказаў Раманчук.
Лукашэнка не адрэгаваў на прапанову быць вечным прэзыдэнтам, але выступіў супраць «шокавай абвальнай прыватызацыі»:
«А я гэтага на прэзыдэнцкіх выбарах не абяцаў... Трэба Яраслава накіраваць ў збыткоўны калгас, каб ён зазямліўся. Калі ён гатовы, мы гэта зробім».
Цягам наступнай гадзіны адбывалася спрэчка, да пытаньня пра ВУП так і не дайшло. А вось праблему перасьледу бізнэсоўцаў Лукашэнка катэгарычна адверг, спаслаўшыся на пасьпяховую працу кампаній «Санта Брэмар», «Контэ», а аднаго «айцішніка» (верагодна, гаворка пра Віктара Пракапеню — РС) нават з «турмы дасталі». «Кашмарым» толькі з адной прычыны: «не заплаціў падаткі — будзеш сядзець, у Штатах за гэта 20 гадоў даюць».
Палітоляг Валер Карбалевіч так пракамэнтаваў дыялёг Лукашэнкі з Раманчуком:
«Пытаньне Раманчука і адказ Лукашэнкі — гэта размова не проста на розных мовах. Гэта камунікацыя людзей з розных плянэт.
Яраслаў пра свабоду бізнэсу, а Лукашэнка ў адказ: я нарэзаў адказнасьць на прадпрымальнікаў на ІТ. Раманчук пра прыватную ўлснасьць на зямлю, Лукашэнка: я 25% калгасаў гвалтам навязаў бізнэсоўцам, чаго ты хочаш», — лічыць Карбалевіч.