У часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытаньне, ці прыйшоў час прызнаць Крым у складзе Расеі і ці не прасьлізгвала гэтая тэма ў размовах з Пуціным.
«Такіх тэмаў не прасьлізгвала. Я нават цяпер не магу распавесьці, як мы абмяркоўвалі гэту тэму Крыму, Данбасу адпачатку... Я ўдзячны Пуціну за яго разуменьне майго становішча. Я сваю ацэнку даў, хоць не павінен быў заглыбляцца ў гэтую праблему... Калі я быў чатыры гады таму на інаўгурацыі Парашэнкі, журналісты пытаюцца: чый Крым? А я запытаў: Скажыце, колькі загінула ўкраінцаў, якія абаранялі Крым пры нападзе, падчас захопу Крыма Расеяй? Ніводнага. А колькі прагучала стрэлаў? Ніводнага. Значыць, вы моўчкі пагадзіліся, што Крым ня ваш».
Лукашэнка згадаў падпісаньне Будапэшцкіх пагадненьняў, калі Крым быў у яго прысутнасьці «афіцыйна прызнаны тэрыторыяй Украіны».
«Гэтага ніхто і не аспрэчваў, — згадвае Лукашэнка. — І я падпісаў гэты дакумэнт. Што вы ад мяне сёньня хочаце?»
Паводле Лукашэнкі, у Расеі некаторыя патрабавалі і абцасамі стукалі: «Калі ты хаўрусьнік, прарасейскі, то павінен зрабіць тое і тое».
«Супакойцеся, думайце далей, глыбей, — казаў Лукашэнка. — Можа, вам спатрэбіцца ў гэтым канфлікце такая Беларусь з такой пазыцыяй. Што зьменіцца, калі я скажу — Крым наш, ці расейскі? Што зьменіцца? Нічога. Пашумяць... У Расеі і дзякуй ня скажуць. На Захадзе, можа, нехта заўважыць. У нас скажуць — Лукашэнка, чаго ты ўлез у гэта, столькі часу прайшло? А ва Ўкраіне скажуць: „Сабака“ і плюнуць у мой бок... Не магу я быць марыянэткай. Учора падпісаў адзін дакумэнт, а сёньня выскокваю і пачынаю крычаць».
Лукашэнка заявіў, што яго крытыкуюць з усіх бакоў, але ён хоча, каб Беларусь была перамоўнай пляцоўкай для Ўкраіны і Расеі:
«Сёньня Беларусь ёсьць добрай пляцоўкай для ўрэгуляваньня гэтага канфлікту. А беларускі прэзыдэнт, можа, на сто працэнтаў у пятым пакаленьні таму ўкраінец. Гэта наша славянская дзяржава. Бяда там, там трэба вырашаць гэтую праблему. Я гэта кажу кожнаму кіраўніку Расеі. Ня дай бог, амэрыканцы разьмесьцяць ракеты малой і сярэдняй далёкасьці, мала не падасца. Таму гэтую праблему трэба закрываць. Гэтая праблема перайшла ўжо на ўнутраныя праблемы і Расеі, і Беларусі. Шмат зь якіх прычын гэты канфлікт трэба заканчваць».
«Калі два браты б’юцца, што павінен рабіць трэці? Разьвесьці, наколькі гэта магчыма. Я павінен спрыяць, каб мірна разысьціся. Выкарыстоўвайце Беларусь такім чынам, каб там быў мір... Калі б вы пабывалі ў Данбасе, вы вярнуліся б адтуль іншым чалавекам. Засталіся там старыя, якія ня могуць паехаць. Некаторыя жанчыны зь дзецьмі. Чаму яны павінны плакаць і дрыжаць за сваіх дзяцей, чаму на іх галовы падаюць гэтыя снарады? Чаму яны гінуць, за што?» — сказаў Лукашэнка.