Заслужаны юрыст Беларусі Валер Фадзееў, які быў намесьнікам старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі першага складу, пракамэнтаваў Свабодзе выказваньні Лукашэнкі пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыі.
«Лукашэнка лічыць, што цяпер ня час уносіць зьмены ў Асноўны закон краіны. Маўляў, наперадзе дзьве выбарчыя кампаніі. Я не лічу гэта слушным аргумэнтам. Мне падаецца, што маруднасьць кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытаньні адлюстроўвае яго жаданьне захаваць усё так, як яно ёсьць цяпер. Зьменам нібыта перашкаджаюць выбары. А пасьля выбараў знойдзецца яшчэ нешта. І зноў карэктаваньне Канстытуцыі адкладуць на нейкі час. Урэшце, калі гэты працэс і пачнецца, то будзе, мабыць, як з тым сабакам, якому секлі хвост кавалкамі», — мяркуе Фадзееў.
Экспэрт дадае, што, магчыма, на сёньня Лукашэнка яшчэ сам добра ня ведае, як яму лепей «мадэрнізаваць» Асноўны Закон, каб захаваць у ім свае асабістыя інтарэсы.
«І гэта яшчэ адна прычына, паводле якой Канстытуцыя пакуль не зьмяняецца», — лічыць Фадзееў.
Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады. Паводле яго, якраз над гэтым цяпер працуюць «граматныя юрысты» і судзьдзі Канстытуцыйнага суду, але нейкіх вынікаў ён яшчэ не атрымаў. Але ламаць выбарчае заканадаўства цяпер, калі маюць адбыцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, немэтазгодна, лічыць ён. А пасьля гэтых кампаній — цалкам магчыма.