Раніцай уключыў першы беларускі тэлеканал. Галоўная навіна ва ўсіх інфармацыйных выпусках — пачатак Каляднага хакейнага турніру на прыз прэзыдэнта Лукашэнкі. Першыя замежныя хакеісты ўжо прыляцелі ў Беларусь. Каманда Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў разьлічвае як мінімум паўтарыць мінулагодняе дасягненьне — узяць «бронзу».
На экране — прадстаўнік арабскай зборнай. Расказвае пра тое, які аўтарытэтны гэты турнір і што ўсе арабскія хакеісты заўсёды вельмі хочуць прыляцець у Менск. Інтрыгуе тое, што хакеіст Арабскіх Эміратаў гаворыць па-расейску без найменшага акцэнту. Інтрыга зьнікае, калі на экране зьяўляюцца тытры: імя арабскага хакеіста — Арцём Каркоцкі.
Адметнасьць сёлетняга Каляднага турніру — тое, што ён адбываецца на тле, магчыма, самага вялікага за апошнія два дзесяцігодзьдзі правалу беларускага хакею. Зборная ганебна пакінула наймацнейшы дывізіён, найлепшыя беларускія клюбы ў чэмпіянаце КХЛ адзін за адным прайграюць матчы нават аўтсайдэрам... І гэта — у галоўным для ўлады відзе спорту, у які за мінулыя дваццаць год укладзена дзяржаўных грошай больш, чым у іншую галіну эканомікі. Увогуле, чым болей у краіне будавалася лядовых палацаў і чым далей расла колькасьць хакейных камандаў зь немалым дзяржаўным утрыманьнем — тым сьціплейшыя станавіліся вынікі хакейнай зборнай на ўсясьветных чэмпіянатах. Гэта вельмі выразна бачна па ацэнках, якія даваў Аляксандар Лукашэнка выступам нацыянальнай зборнай у розныя гады па гарачых сьлядах пасьля чэмпіянатаў.
2011
«Ганьбіцца такім чынам недапушчальна. І гэта ня толькі хакей. Але гэтаму віду спорту мы ўжо надалі ўвагі столькі, што больш і не прыдумаеш. А ўсё атрымліваецца наадварот: чым больш увагі, тым больш ганебныя і агідныя выступы спартоўцаў».
2013
«Тое, што беларуская хакейная зборная не трапляе на Алімпійскія гульні — гэта ганьба... Менскае «Дынама» — самы багаты клюб, дзе хакеісты зарабляюць прыстойныя грошы. Мне ўдвайне сорамна ня толькі казаць, але і слухаць пра тое, як гуляе наша менскае «Дынама».
2016
«Плюнулі ў душу народу. Такі настрой ва ўсіх... „Растапырыўшы пальцы“, на пляцоўку ня трэба выходзіць».
2017
«Разбэшчанасьць, адсутнасьць дысцыпліны. Скочваньне на індывідуальную гульню, якой не валодае ніводзін наш хакеіст. Ніводзін! У хакей гуляць ня ўмеюць».
2018
«Тое, што наша зборная вылецела з элітнага дывізіёну, — гэта па справе, іхнае месца там. Ім няма чаго рабіць з такой гульнёй у гэтым дывізіёне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка заклікае спартоўцаў да «вайны»Пацікавіўся, адкуль узяўся ў зборнай Арабскіх Эміратаў хакеіст Арцём Каркоцкі. Выявілася — беларус, пачынаў займацца ў менскім «Юнацтве», потым гуляў за «Керамін», «Брэст», «Хімік-СКА», «Віцебск» і «Шахцёр». А потым выступаў за мяжой — у Кітаі, Латвіі, Казахстане. Год таму карэспандэнт tribuna.com у сваім інтэрвію настойліва спрабаваў выпытаць у Арцёма Каркоцкага, у якім жа з клюбаў яму плацілі самы высокі заробак.
Ад канкрэтнага адказу хакеіст ухіліўся, але краіну ўсё ж назваў: «У Беларусі быў пэрыяд, але каманду і суму не назаву».
Зрэшты, было гэта, хутчэй за ўсё, у тыя «тлустыя» гады, якія даўно мінулі. Цяпер жа, як занатаваў адзін з чыноўнікаў падчас сьнежаньскай спартовай нарады ў Лукашэнкі, — «Бабла мало, нет мерседесов, телки на задне...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выбачайце, жанчыны», — Лукашэнка патлумачыў сэнс заявы пра «бабло, мэрсэдэсы і цёлак»Я не знаёмы з аматарамі хакею, якіх бы ўсур’ёз цікавіла, якое месца на Калядным турніры зойме зборная Кітаю альбо — ці не застануцца без узнагарод балканскія хакеісты. А вось бацькоў і настаўнікаў, якія нядобрым словам памінаюць спушчаную «зьверху» разнарадку на абавязковае наведваньне дзецьмі такіх хакейных матчаў, сустракаць даводзілася. Можа, сёлета будзе, нарэшце, інакш? Бо папярэдзіў жа Лукашэнка чыноўнікаў падчас сьнежаньскай спартовай нарады, гаворачы пра парожнія трыбуны: «Дзе арганізатары? Няўжо цяжка запрасіць пэнсіянэра, даць яму бясплатны білет, інваліда туды прывесьці (можа, гэта адзіная для яго радасьць), дзяцей запрасіць? Запрасіць, а не заганяць».
Але як без «загону» запоўніць тыя трыбуны, калі на адзінаццаці з чатырнаццаці мінулых турніраў трыюмфальныя перамогі атрымлівала адна і тая ж каманда? І нішто ня сьведчыць пра тое, што сёлета можа быць інакш. Ну, хіба што ў найгоршым выпадку каманда Аляксандра Лукашэнкі зойме другое, а ня першае месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лядовую арэну дзіцяча-юнацкай школы закрываюць, каб зрабіць зь яе сталоўку на Эўрапейскія гульніПры гэтым кошт такога турніру, крыніцы ягонага фінансаваньня застаюцца для грамадзкасьці таямніцай. Адмыслоўцы кажуць, што арганізацыя спаборніцтваў такога маштабу можа абыходзіцца сама меней у некалькі мільёнаў даляраў.
Адметна, што сам Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра фінансаваньне спорту, апошнім часам акцэнтуе ўвагу на жорсткай эканоміі. Прынамсі, на ўжо згаданай сьнежаньскай нарадзе ён казаў: «Гавару ўсім: перастаньце прыходзіць у НАК па грошы. Грошай папросту няма! Грошай для тых няма, хто забясьпечыць хоча сябе і сваіх падначаленых. Грошы вы атрымаеце толькі для таго, каб падтрымаць трэнэраў. Паўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. І будзем шмат плаціць за вынік. Больш ні зь якімі іншымі мэтамі і просьбамі не прыходзьце».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў выгнаць з краіны міністра, калі спартоўцы праваляцца на Эўрапейскіх гульнях