Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лядовую арэну дзіцяча-юнацкай школы закрываюць, каб зрабіць зь яе сталоўку на Эўрапейскія гульні


Ілюстрацыйнае фота Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Мама юнай фігурысткі зь Менску напісала ў «Фэйсбуку», што падчас бацькоўскага сходу ў спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзэрву ў фігурным катаньні паведамілі пра дэмантаж іхнай галоўнай лядовай арэны. Яе зьбіраюцца перарабіць у сталоўку на Эўрапейскія гульні.

«Гэта не ўкладаецца ў галаве! Гэта стаўленьне да спорту ў нашай краіне? — піша Настасься Раманцова. — 129 дзяцей ужо з панядзелка застануцца без трэніровак, а празь месяц спартоўцы застануцца бязь лёду».

«Учора нас сабралі на сход і сказалі, што з панядзелка нашыя дзеці ня будуць займацца. І з гэтага памяшканьня будуць рабіць пункт грамадзкага харчаваньня для Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, – расказвае Ганна, яшчэ адна мама дзіцяці, што займалася ў СДЮШАР. — Гэта 129 чалавек з панядзелка, а зь лютага яшчэ 400 чалавек — увесь склад СДЮШАР. На другую арэну, якая яшчэ пакуль дзейнічае, пераводзяцца толькі платныя групы і, напэўна, найвышэйшай катэгорыі спартоўцы. Але зь лютага і іх арэну закрыюць».

У СДЮШАР пацьвердзілі закрыцьцё адной арэны

Свабода дазванілася ў СДЮШАР і там пацьвердзілі, што сапраўды галоўная арэна закрываецца з панядзелка.

«Гэта робіцца пад Эўрапейскія гульні. Там павінна быць ці то сталоўка, ці то што. Але рашэньне яшчэ незразумелае. 8 сьнежня тут быў прэм’ер-міністар, 9-га — з праектнага інстытуту. Без праектна-каштарыснай дакумэнтацыі акрэдытацыя ж немагчымая».

СДЮШАР знаходзіцца на праезьдзе Каралінскі, паміж станцыямі мэтро «Пятроўшчына» і «Малінаўка», непадалёк ад студэнцкага гарадка. Там працуе дзьве арэны, на якіх, са словаў супрацоўнікаў школы, займаюцца сама меней 500 спартоўцаў. Калі дэмантуюць галоўную арэну, то ўсіх павінны будуць размеркаваць па часе на адной арэне.

«Там жа на галоўнай арэне ня толькі хакей, але і фігурысты трэнуюцца. І калі на другую перавядуць, акрамя малодшых групаў, яшчэ і юніёраў, і іншых... Думаю, тут для масавага катаньня часу не застанецца зусім, і спартоўцы ўлезуць ня ўсе», — сказалі Свабодзе ў СДЮШАР.

Бацькі зьбіраюцца пісаць звароты ў розныя інстанцыі, зьбіраюць подпісы і шукаюць дапамогі ў СМІ.

Што кажуць улады?

Першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня спорту і турызму Андрэй Пацееў сказаў Tut.by, што заняткі працягнуцца да таго часу, пакуль для дзяцей ня знойдуць іншыя пляцоўкі для трэніровак. Трэнэры нібыта апярэдзілі дзеяньні, абвясьціўшы пра закрыцьцё арэны з панядзелка 17 сьнежня.

Да памяшканьня прыбудуюць яшчэ адзін корпус, які пасьля Эўрапейскіх гульняў будзе выкарыстоўвацца як спартовая заля. Будынак перададуць на балянс СДЮШАР.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG