На нарадзе аб разьвіцьці летніх відаў спорту 18 сьнежня Аляксандар Лукашэнка абурыўся шэрагам аспэктаў у стане беларускага спорту. Пераказ ягоных словы паводле БелТА, дакладныя цытаты ў двукосьсях.
- Адзіны паказьнік пасьпяховасьці ў разьвіцьці спорту, паводле Лукашэнкі, гэта вынікі спаборніцтваў: «усё астатняе — нікому не патрэбная балбатня», «спорт гэта не лятарэя».
- Калі за мяжу зьедзе хоць адзін «здольны спартовец», пройдуць праверкі «па вэртыкалі», што «мала не падасца». Але нікога са спартоўцаў трымаць не павінны.
- Трэба прапісаць у дамовах выплаты дзяржаве, калі спартовец зьязджае: «заплаці за сваю падрыхтоўку і будзь вольны». Бо «едуць або ад нашай бязглузьдзіцы, або там, дзе бабла адвалілі».
- Грошы накіроўваць перадусім туды, дзе можна заваяваць перамогі. І трэба забясьпечыць спартовыя школы інвэнтаром і абсталяваньнем, падтрымаць трэнэраў. «Больш зь іншымі мэтамі і просьбамі не прыходзьце».
- «У нас усюды мора чыноўнікаў, гультаёў ў палацах спорту, залях і іншых, якія нічога ня робяць, нават на працу не ходзяць». Ці трэба з гэтым нешта рабіць, Лукашэнка не ўдакладніў.
- Лішніх грошай няма, іх наогул мала. «Самі заробіце — трацьце». «І перастаньце хадзіць у Нацыянальны алімпійскі камітэт па нейкія грошы. Іх няма».
- Падрыхтоўка трэнэраў жахлівая. У паразе моладзевай хакейнай зборнай вінаватыя трэнэры і чыноўнікі ад спорту. «Агідна глядзець на гульню што менскага „Дынама“, што зборных камандаў».
- «Трэнэраў выпускаем утрая больш, чым іх працуе». Калі чалавек адвучыўся на трэнэра і не пайшоў працаваць па спэцыяльнасьці, трэба адбіраць дыплём.
- Трэба нешта (што — не ўдакладняецца) рабіць з новым будынкам РНПЦ спорту, які маюць адкрыць у наступным годзе. «Ад яго мае быць аддача, гэта не павінен быць нейкі прыстанак для асобных спартоўцаў і чыноўнікаў».
- «Сёньня спорт — гэта ўжо не барацьба, а вайна. Ты выходзіш, як на вайну, на пляцоўку з клюшкай ці ў футбол гуляеш. Толькі тады ты можаш перамагчы». На мінулым футбольным Чэмпіянаце сьвету расейцы «ніякія былі, але годна выступілі».